Будзем працаваць

Прэс-канферэнцыя старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Анатолія Ліса рэгіянальным і рэспубліканскім СМІ адбылася ў мінулую суботу. Гэта была вялікая размова на тэму дня, губернатар адказаў больш чым на два дзясяткі пытанняў журналістаў.

Спачатку кіраўнік вобласці спыніўся на тым, чым жыве Брэсцкі рэгіён сёння, як развіваецца, якія ставіць перад сабой задачы на будучыню і як будзе іх вырашаць. Вынікі мінулага года дазваляюць сцвярджаць: у цэлым эканоміка Брэстчыны развівалася са станоўчай дынамікай. Па шэрагу паказчыкаў тэмпы росту ў нашым рэгіёне вышэй сярэднерэспубліканскіх. Так, вобласць у ліку лідараў па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту, прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, экспарту тавараў і паслуг, рознічнага тавараабароту, аб’ёмах уводу ў эксплуатацыю жылля. Самы высокі сярод рэгіёнаў краіны і тэмп росту выручкі ад рэалізацыі прадукцыі.

За 11 месяцаў Брэстчына зарабіла 564,4 мільёна рублёў чыстага прыбытку (у 5,7 раза больш, чым за адпаведны перыяд 2015 года).

Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што не спынялася мадэрнізацыя прамысловых вытворчасцяў, рэалізоўваліся праекты, накіраваныя на арганізацыю выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю. Усяго летась на мэты мадэрнізацыі па 44 асноўных праектах абласнога галіновага плана мерапрыемстваў па тэхнічным пераўзбраенні вытворчасцяў інвеставана больш за 480 мільёнаў рублёў.

У сельскагаспадарчай вытворчасці Брэстчына летась дасягнула самых высокіх тэмпаў росту валавой прадукцыі ва ўсіх катэгорыях гаспадарак і ў сельгасарганізацыях. Гэта  забяспечана за кошт прыросту прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі. Прырост прадукцыі раслінаводства дасягнуты перш за ўсё за кошт павелічэння аб’ёму нарыхтоўкі травяных кармоў (у паўтара раза больш, чым пазалетась), вытворчасці зерня кукурузы (у 9 разоў больш, чым у 2015 годзе), цукровых буракоў (132,6 працэнта).

У жывёлагадоўлі вытворчасць малака ўзрасла на 2,9 працэнта, на 2,2 – вырошчванне жывёлы і птушкі. У нашай вобласці вышэй сярэднерэспубліканскага ўзроўню сярэдні надой на карову (5226 кілаграмаў, па рэспубліцы – 4854), сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы на вырошчванні і адкорме (адпаведна 624 грамы і 592).  Палепшылася якасць малака: 87,8 працэнта яго рэалізавана гатункамі экстра і вышэйшы.
Вобласць традыцыйна з году ў год займае лідзіруючае месца ў краіне па вытворчасці прадуктаў харчавання – такіх, як цэльнамалочная прадукцыя, сыры, цукар, каўбасныя вырабы. Такая ж пазіцыя і па экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання.
Нарошчванню экспарту падпарадкоўвалася работа па дыверсіфікацыі рынкаў збыту. Асноўны гандлёвы партнёр Брэстчыны – Расійская Федэрацыя. Летась прадпрыемствы рэгіёна адкрылі 11 новых рынкаў збыту. Па выніках мінулага года сальда знешняга гандлю і па таварах, і  па паслугах станоўчае.
Нягледзячы  на складаную сітуацыю ў будаўнічай галіне, заданне па ўводзе ў эксплуатацыю жылля ў нашай вобласці перавыканана (694,6 тысячы квадратных метраў пры запланаваных 540 тысячах).
Эканоміка вобласці забяспечыла паступленне ў мясцовыя бюджэты больш як 1,3 мільярда рублёў уласных даходаў, што дазволіла прафінансаваць будаўніцтва шэрага значных для Брэстчыны сацыяльных аб’ектаў. Уведзены ў эксплуатацыю спальны корпус абласнога цэнтра медыцынскай рэабілітацыі дзяцей “Тонус”, школа-сад у Паўднёвым гарадку Брэста.  Завершана рэканструкцыя інфекцыйнага корпуса абласной бальніцы і гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Адрамантавана 217 кіламетраў мясцовых дарог. Пры ўдзеле рэспубліканскага бюджэту пабудаваны аднакватэрныя жылыя дамы для сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, што засталіся без бацькоўскай апекі, у Брэсце, Баранавічах, Ганцавіцкім і Жабінкаўскім раёнах.
У гэтым годзе перад эканомікай Брэстчыны пастаўлены напружаныя задачы, адзначыў губернатар. Валавы рэгіянальны прадукт павінен вырасці на 2,2 працэнта пры росце прадукцыйнасці працы не менш як на 2,5 працэнта. Каб забяспечыць прагназуемы рост эканомікі, плануецца  нарасціць на 2,1 працэнта аб’ёмы прамысловай вытворчасці за кошт мадэрнізацыі дзеючых і стварэння новых вытворчасцяў, выпуску канкурэнтаздольнай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, развіцця інавацыйных экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў.
Заданне  па росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі – не ніжэй 102 працэнтаў,  плануецца забяспечыць вытворчасць збожжавых і зернебабовых культур у аб’ёме не менш 1,4  млн. тон,
павялічыць вытворчасць малака на 5 працэнтаў, жывёлы і птушкі – на 2 працэнты.
У планах вобласці, падкрэсліў яе кіраўнік, прыцягнуць у бягучым годзе не менш 80 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове. Стварэнне камфортных умоў для патэнцыяльных інвестараў і прыцягненне замежных інвестыцый – адзін з важных накірункаў, які паўплывае на далейшы рост эканомікі рэгіёна.
Прадметная размова, што датычыла развіцця Брэстчыны, яе раёнаў, працягвалася ў фармаце дыялогу паміж кіраўніком вобласці і журналістамі, у тым ліку з рэгіёнаў, якія ў рэжыме анлайн мелі магчымасць задаць свае пытанні па самых розных тэмах.
Пра новыя вытворчасці і прыцягненне інвестыцый
У адказ на пытанне дырэктара тэлерадыёкампаніі “Брэст” Ларысы Дабрадомавай наконт галін народнай гаспадаркі Брэстчыны, якія маглі б развівацца больш інтэнсіўна, кіраўнік вобласці назваў харчовую, лёгкую, хімічную, дрэваапрацоўчую прамысловасць, машынабудаванне. Напрыклад, плануецца будаўніцтва завода па вытворчасці кампосту для вырошчвання шампіньёнаў ТАА “ІзалітБудІнвест” у Кобрынскім раёне, арганізацыя вытворчасці сыру “Манчэга” на СААТ “Белавежскія сыры”. Сёлета будуць арганізаваны вытворчасці сучасных пнеўма- і гідрацыліндраў, прэцызійных храміраваных штокаў і труб на “САЛЕА-Кобрын”, электракатлоў на Белаазёрскім энергамеханічным заводзе, зборачная вытворчасць малатанажных грузавых аўтамабіляў з кітайскіх машынакамплектаў на “Брэстмашы”, будаўніцтва акумулятарнага завода “Волат” у СЭЗ “Брэст”. Мяркуецца ажыццявіць шэраг навукаёмістых інавацыйных праектаў.
Па пытанні, за кошт якіх мерапрыемстваў плануецца прыцягнуць у Брэсцкую вобласць сёлета 80 мільёнаў долараў прамых інвестыцый на чыстай аснове, Анатолій Ліс удакладніў: у вобласці сфарміраваны пералік інвестыцыйных праектаў на суму звыш 50 мільёнаў долараў ЗША, ва ўсіх рэгіёнах Брэстчыны распрацаваны планы мерапрыемстваў па стымуляванні працэсу прыцягнення замежных інвестыцый на 2016-2020 гады. Адным з варыянтаў прыцягнення інвестыцый з’яўляецца ўваходжанне замежных кампаній у якасці заснавальнікаў у акцыянерны капітал нашых гаспадарчых  суб’ектаў.  Акрамя таго, вызначаны аб’екты нерухомасці дзяржаўнай і недзяржаўнай формаў уласнасці для продажу і здачы ў арэнду.
З мэтай заключэння інвестыцыйных дагавораў сфарміраваны пералік са 129 зямельных участкаў агульнай плошчай каля 300 га, прызначаных для наступнага прадастаўлення інвестарам.
Пра будаўнічы комплекс
Галоўны рэдактар газеты “Заря” Аляксандр Лагвіновіч закрануў пытанне, якое датычыць будаўнічай галіны. Мінулы год быў для яе няпростым. Якая сітуацыя прагназуецца ў 2017 годзе?
Сярод асноўных задач развіцця будаўнічага комплексу кіраўнік вобласці назваў забеспячэнне тэмпаў росту аб’ёмаў падрадных работ на ўзроўні не менш 101 працэнта ў супастаўных цэнах да ўзроўню 2016 года; нарошчванне экспарту будаўнічых, архітэктурных і інжынерных паслуг на ўзроўні не менш 103 працэнтаў; выхад на бясстратную работу ўсіх структурных падраздзяленняў; занятасць працоўных калектываў. Губернатар адзначыў, што для дасягнення прагназуемых тэмпаў росту плануецца павелічэнне будаўніцтва долевага шматкватэрнага жылля і накіраванне інвестыцый на рэалізацыю плана мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання 1000-годдзя  г. Брэста.
У гэтым годзе плануецца пабудаваць на Брэстчыне 472 тысячы квадратных метраў жылля.
Акрамя таго, пастаўлена задача нарошчвання аб’ёмаў работ за межамі вобласці. Анатолій Ліс падкрэсліў, што рост экспарту паслуг мяркуецца забяспечыць за кошт нарошчвання экспартных паставак у Расійскую Федэрацыю, паглыблення аб’ёмаў выконваемых паслуг: акрамя выканання саміх работ, весці інжынернае і арганізацыйнае суправаджэнне аб’ектаў, аж да аказання генпадрадных паслуг. Гэтаму ж падпарадкаваны наладжванне доўгатэрміновых адносін з пэўнымі рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, развіццё стратэгічнага партнёрства з замежнымі кампаніямі; будаўніцтва жылых дамоў у Калінінградскай вобласці з канструкцый КУП “Брэстжылбуд”; нарошчванне аб’ёмаў экспарту ў Рэспубліку Польшча.
Кіраўнік вобласці спыніўся на сітуацыі ў ААТ “Будаўнічы трэст № 8”, галоўнай праблемай якога назваў закрэдытаванасць і адсутнасць абаротных сродкаў.  Сітуацыя разгледжана рэспубліканскімі органамі кіравання і аблвыканкамам. Трэст распрацоўвае комплекс канкрэтных мер, якія накіраваны на фінансавае аздараўленне прадпрыемства.
Пра новыя рабочыя месцы
Адно з актуальных пытанняў датычыць рынку працы. Брэстчына ў лідарах па стварэнні новых рабочых месцаў. “ЛВ” пацікавіўся, ці будзе гэта тэндэнцыя захавана і якія рэзервы для гэтага ёсць?
Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што стварэнне новых рабочых месцаў з’яўляецца адным з важнейшых пытанняў у вырашэнні праблемы занятасці. Летась была пастаўлена задача стварыць не менш 5000 новых рабочых месцаў. Заданне перавыканана: па папярэдняй ацэнцы, на  новыя створаныя рабочыя месцы за кошт стварэння новых прадпрыемстваў і вытворчасцяў працаўладкавана каля 6500 чалавек. Менавіта такога паказчыка Брэсцкай вобласці належыць дасягнуць і сёлета. Анатолій Ліс адзначыў, што рэзервы для выканання задання ёсць:
“У першую чаргу мы робім стаўку на развіццё прадпрымальніцтва. У 2017 годзе ў сферы малога прадпрымальніцтва плануецца стварыць не менш 685 новых мікра- і малых арганізацый.
Для аказання падтрымкі суб’ектам малога прадпрымальніцтва ў рэалізацыі імі праектаў у сферы вытворчасці і аказання паслуг у абласным бюджэце запланавана 2,3 мільёна рублёў, якія будуць накіраваны на льготнае крэдытаванне прыярытэтных экспартаарыентаваных і імпартазамяшчальных вытворчасцяў.
Акрамя таго, на развіццё суб’ектаў інфраструктуры падтрымкі прадпрымаль-ніцтва будзе накіравана 297 тысяч рублёў.
У адпаведнасці з Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь” створана Адзіная інфармацыйная база невыкарыстоўваемай дзяржаўнай маёмасці, прызначанай для продажу і здачы ў арэнду. Інфармацыя па Брэсцкай вобласці аб аб’яўленых аўкцыёнах, прапанаваных аб’ектах нерухомасці і зямельных участках на пастаяннай аснове размяшчаецца ва ўказанай інфармацыйнай базе. Акрамя таго, на сайце аблвыканкама ў разрэзе рэгіёнаў вобласці размешчана інфармацыя аб аб’ектах нерухомасці, якія прапануюцца суб’ектам прадпрымальніцтва для ажыццяўлення вытворчай дзейнасці, таксама каталог аб’ектаў нерухомасці для продажу з аўкцыённых таргоў”.
Пра звароты, “Дажынкі” і навуковы патэнцыял
Сярод пытанняў, якія цікавілі журналістаў, было і такое: ці захаваецца сёлета практыка правядзення прамых тэлефонных ліній прадстаўнікамі ўсіх галін улады? Анатолій Ліс адзначыў, што гэта практыка паказала сваю эфектыўнасць і будзе працягвацца. У мінулым годзе кіраўніцтвам аблвыканкама ў ходзе такіх тэлефонных ліній былі прыняты званкі ад 926 грамадзян. 75 працэнтаў зваротаў носяць растлумачальны характар.
15 працэнтаў – знаходзяцца на разглядзе да іх канчатковага вырашэння. Кожны дзясяты з паступіўшых зваротаў вырашаны станоўча. Амаль палова  тэлефанаванняў (48 працэнтаў) датычыла пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі: рамонту жыллёвага фонду, прыватызацыі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, будаўніцтва і рамонту дарог, водазабеспячэння. Акрамя таго, жыхары вобласці закраналі пытанні аховы здароўя, адукацыі, сацыяльнага забеспячэння, працы, гандлю, землекарыстання і шэраг іншых.
Расказаў губернатар, чаму ў гэтым годзе прынята рашэнне аб правядзенні абласнога фестывалю працаўнікоў вёскі “Дажынкі” ў Давыд-гарадку: “Дажынкі – гэта не толькі свята, але і важны сацыяльны праект. Выбіраючы той ці іншы населены пункт для правядзення фестывалю, мы адначасова вырашаем шэраг сацыяльных задач, таму што выдзяляюцца сродкі і прыводзяцца ў парадак дарогі, рамантуюцца школы, бальніцы, аб’екты культуры і спорту і інш. “Дажынкі” садзейнічаюць павышэнню прэстыжу працы на зямлі, прыцягненню ўвагі моладзі да аграрных прафесій. Улічваючы, што “Дажынкі” прайшлі практычна ва ўсіх раённых цэнтрах вобласці, думаю, што практыка правядзення абласных “Дажынак” у буйных населеных пунктах будзе прадоўжана”.
Кіраўнік вобласці гаварыў пра эканамічную абгрунтаванасць пры стварэнні аграхолдынгаў і паспяховае функцыянаванне буйных інтэграцыйных сельскагаспадарчых фарміраванняў, якія аграхолдынгамі не з’яўляюцца. Анатолій Ліс, закранаючы тэму Года навукі, расказаў пра высокія вынікі, якія дэманструе навука ў нашым рэгіёне, у тым ліку ў медыцынскай сферы; адзначыў навуковыя распрацоўкі чатырох ВНУ Брэстчыны. Губернатар падкрэсліў, што з інавацыйнага фонду аблвыканкама, абласнога бюджэту выдзяляюцца сродкі для распрацоўкі і ўкаранення інавацыйных праектаў, што роля навукі сёння заключаецца ў прапанове новага, канкурэнтаздольнага.
Кіраўнік вобласці адказаў і на іншыя пытанні журналістаў.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Аляксандра ШУЛЬГАЧА, «Заря».


Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *