Певень – птушка пеўчая. Кропка на карце Ляхавіцкага раёна: Петухоўшчына

Некалі ў  багатыя тутэйшыя лясы за грыбамі, ягадамі, зёлкамі ішло шмат людзей. Заходзілі ўглыб, у непралазны гушчар, і знайсці дарогу назад, да вёскі ім дапамагалі галасістыя спевы пеўняў. Адсюль, па адной з версій, і пайшла назва паселішча.  Гэта далёка не адзінае меркаванне пра паходжанне назвы вёскі Петухоўшчына. Расказваюць, што некалі тут  жыў пан  па прозвішчы  Пятух. Успамінаюць і пра вельмі задзірыстых   мясцовых хлопцаў, якіх параўноўвалі з пеўнямі.
Кожная з легенд мае права на існаванне і  надае загадкавасці гэтай невялікай, але ўтульнай і  ветлівай вёсачцы ў Альхоўскім сельсавеце, якая  жыве-пажывае сваімі штодзённымі клопатамі, акружаная  лесам і паданнямі. Дарэчы, вельмі сімвалічна, што менавіта з Петухоўшчыны  “ЛВ” пачынае сёлетняе падарожжа па традыцыйным маршруце “Кропка на карце”:  2017 год, які па кітайскім календары  наступае  28 студзеня, – год Пеўня.

Знаёмства

Певень, які  ганарова шпацыраваў па падворку дома №16 на вуліцы Зялёнай, падазрона агледзеў няпрошаных гасцей і закукарэкаў: чужыя!  Тут жа насустрач газетчыкам  паспяшаўся гаспадар  Фёдар Чалевіч, які выглядае значна маладзейшым за свае 80 гадоў.

– На здароўе пакуль не скарджуся.  Тут паветра чыстае, прадукты ў асноўным  натуральныя. Трымаем  свіней, коз, курэй. Агародніна-садавіна з уласнага ўчастка. Ходзім у лес на ціхае паляванне –

за баравікамі, суніцамі, чарніцамі, малінай. Яшчэ ні разу  з жонкай не пашкадавалі, што  калісьці пераехалі сюды, на яе бацькаўшчыну, з Баранавічаў, – расказвае Фёдар Ільіч.

Тым часам гаспадыня  Любоў Аляксееўна ўвіхалася па хатніх справах – гатавала вячэру, запраўляла алеем  марынаваныя грыбы.

– З дзяцінства люблю ў лес хадзіць.  Ведаю кожную сцяжынку. Збіраю  ягады, грыбы. І сабе хапае, і дзяцей з унукамі частуем. Увогуле, тут жыццё ў радасць. Прыгожа і вясной-летам, калі вакол зеляніна,  і зімой, калі сыпле  снег, – апавядае Любоў Чалевіч.

Шлюб у Чалевічаў трывалы, 56-гадовай вытрымкі. Іх дачка Людміла з сям’ёй жыве ў Мінску, сын Сяргей – у Баранавічах.  Бацькі  прыязджаюць да дзяцей, але доўга, па іх словах,  у гарадах не вытрымліваюць:  цягне дамоў у  Петухоўшчыну.

Па маршруце  Петухоўшчына- Ляхавічы

Вёска хоць і схавана за лесам, але ж мае даволі зручнае геаграфічнае   становішча. Прыкладна  на аднолькавай адлегласці – кіламетры два, толькі ў розныя бакі – аўтобусны і чыгуначны прыпынкі.  Нездарма ў Петухоўшчыне амаль няма пустуючых дамоў: такія хутка раскупляюць гараджане пад дачы. Што датычыцца дарог,  трэба аддаць належнае  дарожнікам: ад снегу расчышчаны добра. Гэта адзначае і самая маладая ў Петухоўшчыне сям’я Беляновічаў. Сваіх сыноў Колю і Ваню  (хлопчыкаў назвалі ў гонар дзядоў) бацькі ў гарадскую школу возяць на аўтамабілі. Андрэй і Наталля працуюць на Ляхавіцкім малочным заводзе. Зараз у сям’і  чакаецца прыбаўленне.

Сядзіба Беляновічаў, як і амаль усе ў  Петухоўшчыне,  дагледжаная, акуратная – хоць сёння на конкурс ”Дом узорнага парадку”. Калісьці тут жылі дзядуля і бабуля Андрэя. Дарэчы, і ў Наталлі карані таксама з Петухоўшчыны.

– Нават і не думаем у Ляхавічы пераязджаць.  Тут  і дзецям прыволле, і да райцэнтра недалёка – дзясятак кіламетраў. У Мінску людзі з дома  на работу даўжэй дабіраюцца. Добрую  падтрымку  маем ад уласнай гаспадаркі,  спраўляцца з якой ва ўсю дапамагаюць сыны, – расказвае  Наталля.

Старажылы

На ганку дома № 20, што насупраць сядзібы Беляновічаў, на студзеньскім сонейку грэецца кот.  Па акуратна расчышчанай ад снегу дарожцы заходзім у хату. У сенцах роўненька складзены дровы. Чуваць  спартыўныя навіны з радыёпрыёмніка.  89-гадовая Марыя Тумаш слухае  радыё рэгулярна.

– Кепска бачу, таму тэлевізар амаль ніколі не гляджу, а вось прыёмнік пастаянна ўключаны. Асабліва цікаўлюся навінамі, – дзеліцца Марыя Нікіфараўна. Расказвае: – Мала калі застаюся адна, у мяне вельмі добрыя і клапатлівыя дзеці – два сыны і дзве дачкі, спагадлівыя ўнукі, ёсць і праўнукі, старэйшы нядаўна адслужыў у арміі.  Не нацешуся на іх, ва ўсім дапамагаюць.  Як інвалід першай групы маю права на дапамогу  сацыяльнага работніка. Але навошта ён мне? Лепш за  родных ніхто не зразумее, не падтрымае.

Жанчына ўспамінае, як яшчэ ў трыццатыя гады  мінулага стагоддзя іх сям’я пераехала сюды з Клеччыны.  Бацькі купілі ў мясцовага пана зямлю, пазней пабудавалі хату,  так і засталіся тут.  У Петухоўшчыне  Марыя разам з іншымі аднавяскоўцамі перажыла ўсе жахі гітлераўскай  акупацыі:

– Было вельмі страшна.  Днём прыязджалі   фашысты, хадзілі па хатах, дапытваліся, дзе партызаны. Аднойчы ўварваліся ў наш  двор пераапранутыя паліцаі. Патрабавалі, каб муж маёй  старэйшай сястры паставіў ім нейкія звесткі. Гэта была правакацыя. Пасля вайны доўгі час Марыя Нікіфараўна працавала ў  сельскай гаспадарцы. Ёй ёсць што ўспомніць, пра што расказаць. Па некалькі разоў на дзень да яе забягае пляменніца.

– Люба з Тумашаў, а пайшла замуж за Чалевіча з Пад’язаўля. Цяпер жывуць у нашай вёсцы. Вось і сёння была ў мяне, – расказвае  жанчына.

Недалёка ад Марыі Нікіфараўны жывуць яшчэ адны Беляновічы: 80-гадовая Здзіслава Сцяпанаўна з сынам Віталіем, які займаецца падсобнай гаспадаркай, трымае 2 каровы (лішкі малака здае ў райаграсэрвіс), каня, іншую жыўнасць.  З вясны да восені Віталій і ягоны конь  нарасхват: каму заараць агарод, каму бульбу апрацаваць, каму нешта падвезці на возе.

Так і жывуць вяскоўцы (іх цяпер усяго 20 чалавек) дружна, падтрымліваюць адзін аднаго, ведаюць усё і пра ўсіх – многія паміж сабой сваякі. Раней нейкі час у Петухоўшчыне была аграсядзіба, праўда, потым гаспадар прадаў яе – стала звычайнай дачай.

Увогуле, дачнікі таксама на пэўны перыяд становяцца тутэйшымі жыхарамі, калі  з вясны прыязджаюць  сюды з гарадоў.  Яны ўносяць разнастайнасць у ціхаплыннае жыццё Петухоўшчыны.

А вёска, дзякуючы сваёй назве, сёлета ў цэнтры ўвагі ў тым ліку і журналістаў: год Пеўня пачынаецца з Петухоўшчыны.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фёдар Чалевіч з сімвалам 2017 года.

Любоў Чалевіч.

Першым са школы Ваню Беляновіча сустракае верны сябар Лахматы.

Здзіслава Беляновіч – вопытны кветкавод.

Пра жыццё многае можа расказаць Марыя Тумаш.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *