Дом, дзе жыве любоў
Дом № 21 па вуліцы Савецкай у аграгарадку Жарабковічы не можа не прывабліваць. Тут усё даведзена да ладу – чыста, акуратна, добраўпарадкавана. Радуюць вока клумбы, запрашае палюбавацца прыгажосцю альпійская горка, на забаву дзецям – пясочніца. Усё гэта – увасобленая задума і справа нястомных рук сям’і Каляда. Жонка Аксана ў адказе за кветкавае афармленне прысядзібнага ўчастка і ўраджай з уласнага агарода, парадак і чысціню ў доме, смачна прыгатаваную ежу, а галава сям’і Сяргей — і будаўнік, і майстар аддзелачных работ, і аўтарытэт для любімай жонкі і дзвюх дачушак – 9-гадовай Дашы і маленькай Настачкі, якой усяго 2,5 гады.
Іх дом вырас не на пустым месцы — тут некалі была сядзіба Сяргеева дзеда, якая ў спадчыну перайшла да ўнука. А той не мог і не хацеў дапусціць, каб яе напаткаў лёс многіх пакінутых у вёсках дамоў. І ўзяўся за рэканструкцыю звычайнай сялянскай пабудовы. Тым больш, што работы ён не баіцца, і любая справа, за якую ні возьмецца, гарыць у руках.
— Вырашыў: хопіць хадзіць у прымаках (раней маладая сям’я жыла разам з бацькамі Аксаны), — з усмешкай расказвае Сяргей. — Каб дзедава хата не пуставала, далі ёй другое жыццё. Цяпер яна — родны кут для нашых дачушак, спадзяюся, што з задавальненнем тут калісьці будуць жыць і ўнукі.
Гаспадар любіць зямлю не на словах — ён на справе адданы ёй. Пасля заканчэння Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі малады аграном Сяргей Каляда прыехаў працаваць у калгас “Беларусь”. І знайшоў тут не толькі сваё прызванне, прымяненне ведам, атрыманым у акадэміі, але і другую палавінку – Аксану. Вось ужо 11 гадоў яны разам. Працавітую, дружную сям’ю Каляда ў Жарабковічах паважаюць і па-добраму зайздросцяць. Яны заўжды разам – і працуюць, і адпачываюць. І перамога ў раённым конкурсе на лепшы падворак сярод маладых сем’яў (конкурс традыцыйна праводзіцца аддзелам па справах моладзі райвыканкама) для аднавяскоўцаў не стала нечаканасцю — падворак Каляды ў аграгарадку адметны парадкам і дагледжанасцю.
— Сям’я Сяргея і Аксаны дружная. Яны заўжды прымаюць самы актыўны ўдзел у разнастайных культурна-масавых мерапрыемствах, якія ладзяцца ў аграгарадку і сельсавеце, адгукаюцца на любую просьбу – сапраўдны прыклад для іншых, — так характарызуе пераможцаў конкурсу старшыня Жарабковіцкага сельвыканкама Аляксандр Трыбухоўскі і дадае: — Упэўнены, што яны дастойна прадставяць Ляхавіччыну і на абласным спаборніцтве.
Прафесійных клопатаў і абавязкаў у Сяргея шмат – ён 5 гадоў на пасадзе галоўнага агранома СВК “Жарабковічы”, без клопату пра зямлю не ўяўляе сябе і сваё жыццё.
— Каля года ўзначальваў Жарабковіцкі сельвыканкам, аднак, усё роўна душа цягнулася да зямлі, таму з задавальненнем вярнуўся на ранейшае месца працы, — расказвае Сяргей Каляда.
Аксана — карэнная жыхарка вёскі Жарабковічы. На сваю малую радзіму пасля вучобы яна вярнулася дыпламаванай настаўніцай пачатковых класаў.
— Педагог — прафесія, пра якую марыла з дзяцінства. Гэта так цудоўна — працаваць з маленькімі гарэзамі! Я не толькі вучу іх чытаць, лічыць, пісаць, па-знаваць наваколле, але і многаму вучуся ў сваіх пачаткоўцаў, — з захапленнем расказвае Аксана Леанідаўна.
Пасля дэкрэтнага водпуску яна з новымі ідэямі вярнулася на працу ў Жарабковіцкую сярэднюю школу настаў-ніцай у 2-гі клас, дзе яе з нецярпеннем чакалі 9 хлопчыкаў і дзяўчынак.
— Я вясковая жыхарка, у горад мяне не цягне. Цяпер у нас аграгарадок, створаны ўсе ўмовы для работы, адпачынку, вядзення хатняй гаспадаркі — толькі жыві, працуй і радуйся. Нярэдка наша моладзь застаецца ў вёсцы, вяртаецца сюды пасля вучобы ў ВНУ і ССНУ, і гэта правільна, — дзеліцца думкамі Аксана Каляда.
Днём дарослыя гэтай сям’і заняты працай, клопатамі і праблемамі. У малодшых таксама свае заняткі: Даша вучыцца ў школе, а Насця ходзіць у дзіцячы сад. Затое як добра вечарам, калі сям’я нарэшце збіраецца разам. Пакуль мама наводзіць парадак і гатуе ежу, бацька паспявае ўправіцца па гаспадарцы і пагуляць з дочкамі. Сяргей і Аксана абавязкова абмяркоўваюць справы рабочыя і гавораць пра планы і задумкі сямейныя. Напрыклад, нядаўна з’явілася жаданне пабудаваць у двары дома вялікую альтанку. Хутка так яно і будзе, бо ў гэтай сям’і прывыклі даводзіць задуманае да лагічнага завяршэння.
— Любіць, давяраць, падтрымліваць і дапамагаць — галоўнае ў нашых узаемаадносінах і з Аксанай, і з дзецьмі. І гэта такое шчасце і задавальненне — спяшацца штодня дамоў, дзе цябе чакаюць, — Сяргей Каляда ведае, што гаворыць.
Галіна КАНЬКО