Папярэдзіць сасудзістую катастрофу

Гэты дыягназ патрабуе шмат мужнасці ад хворага і цярпення, любві ад яго родных. Таму што інсульт або вострае парушэнне мазгавога кровазвароту – самае грознае захворванне сасудаў галаўнога мозга. Для яго характэрна ўзнікненне рухальных, разумовых, эмацыянальных і іншых расстройстваў, якія парушаюць нармальную жыццядзейнасць пацыента.
Інсульт – не аднаразовая падзея, а працэс, які развіваецца ў часе і прасторы – ад нязначных функцыянальных змяненняў да неабарачальнага структурнага паражэння мозга – некрозу.
Ён з’яўляецца другаснай паталогіяй, ускладненнем захворванняў сэрца, сасудаў, сістэмы згусання крыві.
Сёння пра небяспечнае захворванне, сродкі яго прафілактыкі, метады лячэння і многае іншае расказвае загадчыца неўралагічнага аддзялення райбальніцы Дзіяна МАРЧЫК.
Фактары рызыки
У структуры смяротнасці ў развітых краінах інсульт займае трэцяе месца пасля ішэмічнай хваробы сэрца і анкалагічных захворванняў. Дарэчы, у мінулым годзе, напрыклад, у неўралагічным аддзяленні райбальніцы з дыягназам ”вострае парушэнне мазгавога кровазвароту” лячыліся 100 пацыентаў.
Пасля 55 гадоў рызыка развіцця інсульту ўзрастае ўдвая з павелічэннем узросту на кожныя 10 гадоў. Важна своечасова дыягнаставаць, аказаць дапамогу, і тады надзея на поспех будзе больш спрыяльнай.
Інсульт бывае ішэмічны і гемарагічны.
Фактараў рызыкі многа. Ва ўсім свеце прынята раздзяляць іх на дзве групы: мадыфікуемыя фактары рызыкі і немадыфікуемыя.
Немадыфікуемыя – гэта тыя, на якія мы не можам уздзейнічаць, кантраляваць іх. Да іх адносіцца ўзрост пацыента, пол. У асоб старэйшага ўзросту  і ў мужчын інсульт развіваецца часцей. Пэўную ролю ў гэтым адыгрывае спадчыннасць. Калі ў бацькоў былі сасудзістыя захворванні галаўнога мозга, верагоднасць развіцця інсульту ў дзяцей і наступных пакаленняў намнога вышэйшая.
Да мадыфікуемых фактараў (на якія мы можам аказаць уплыў), адносяцца захворванні, што прыводзяць да інсульту. Гэта артэрыяльная гіпертэнзія, атэрасклероз, цукровы дыябет, парушэнні сардэчнага рытму – вялікая група захворванняў сэрца і сасудаў. Напрыклад, артэрыяльная гіпертэнзія – вельмі значны фактар развіцця інсульту, але, на жаль, да павышаных лічбаў ціску многія адносяцца недастаткова сур’ёзна (не заўсёды звяртаюцца да ўрача, не прымаюць або прымаюць нерэгулярна гіпатэнзіўныя прэпараты). І, у рэшце рэшт, гэта бяда развіваецца.
Пастаянны высокі ціск робіць тонкімі і ломкімі сценкі сасудаў. Аднойчы адзін з іх ірвецца і кроў выцякае ў тканкі мозга. Так развіваецца гемарагічны інсульт. Павышаны ўзровень халестэрыну – аснова для атэрасклерозу, які, у сваю чаргу, спрыяе ўзнікненню сардэчна-сасудзістых захворванняў, у тым ліку  і ішэмічнага інсульту. Да фактараў рызыкі адносяцца курэнне, гіпадынамія, алкагалізм і г. д.
Лепшы сродак – прафілактыка
Традыцыйная медыцына ведае толькі два шляхі барацьбы з інсультам: прафілактыка і сімптаматычнае лячэнне наступстваў хваробы.
● ”Лягчэй папярэдзіць, чым лячыць” – гэта класічнае выказванне надзвычай актуальнае.
Папярэджанне інсульту (і яго паўтарэння) заключаецца ў правільным рэжыме працы і адпачынку, рацыянальным харчаванні і ўрэгуляванні сну, нармальным псіхалагічным клімаце ў сям’і і на рабоце, своечасовым лячэнні сардэчна-сасудзістых захворванняў: (ішэмічнай хваробы сэрца, артэрыяльнай гіпертэнзіі). Неабходны прыём лекавых прэпаратаў, што паляпшаюць мікрацыркуляцыю сасудаў галаўнога мозга, а таксама прэпаратаў, якія папярэджваюць гіпаксію (недахоп кіслароду) галаўнога мозга. Усё гэта адносіцца да прафілактыкі інсульту, якая, у сваю чаргу, бывае першаснай і другаснай.
Першасная прафілактыка
● Прапаганда здаровага ладу жыцця: адмова ад курэння, дыета, фізічная актыўнасць, станоўчыя эмоцыі, нізкія дозы алкаголю.
● Уплыў на фактары рызыкі: артэрыяльная гіпертэнзія, цукровы дыябет, парушэнне рытму сэрца, гіперхалестэрынамія (павышаны ўзровень халестэрыну ў крыві), павышаная маса цела, курэнне, алкагольная інтаксікацыя.
За мінулыя чвэрць стагоддзя сваю эфектыўнасць у другаснай прафілактыцы даказалі антыагрэганты (лекавыя сродкі, што змяншаюць тромбаўтварэнне), антыкаагулянты (лекавыя прэпараты, якія зніжаюць актыўнасць згусальнай сістэмы крыві і папярэджваюць празмернае ўтварэнне тромбаў), гіпатэнзіўныя сродкі (прэпараты, што зніжаюць артэрыяльны ціск) і стаціны (лекавыя сродкі для зніжэння ўзроўню халестэрыну ў крыві).
З’яўленне новых дыягнастычных тэхналогій, што дазваляюць выявіць стэнозы (звужэнні крывяносных сасудаў) каратыдных артэрый на розных стадыях, пашырылі магчымасці хірургічнага лячэння.
Другасная прафілактыка інсульту найбольш актуальная ў пацыентаў, якія перанеслі малы інсульт або транзіторную ішэмічную атаку (ТІА).
У пацыентаў, якія перанеслі інсульт, верагоднасць развіцця паўторнага ВПМК дасягае 30 працэнтаў.
Антыгіпертэнзіўная тэрапія – адзін з найбольш эфектыўных накірункаў як першаснай, так і другаснай прафілактыкі інсульту.
У якасці нялекавых метадаў тэрапіі артэрыяльнай гіпертэнзіі эфектыўным з’яўляецца змяншэнне ўжывання кухоннай солі і алкаголю, зніжэнне лішняй масы цела, павелічэнне фізічных нагрузак. Аднак гэтыя метады толькі ў некаторых пацыентаў могуць даць істотны эфект, у большасці яны павінны дапаўняцца прыёмам гіпатэнзіўных сродкаў. Іх рэгулярны працяглы прыём зніжае частату развіцця інсульту ў сярэднім на 35-40 працэнтаў.
Сярод хірургічных метадаў прафілактыкі інсульту найбольш часта выкарыстоўваецца карацідная эндартэрэктамія (гэта аператыўнае ўмяшальніцтва, накіраванае на выдаленне ўнутранай сценкі соннай артэрыі, пашкоджанай атэрасклератычнай бляшкай пры звужэнні і парушэнні артэрыі. Вынікам аперацыі з’яўляецца аднаўленне парушанага крыватоку ў соннай артэрыі).
Лад жыцця ў дапамогу
1. Ведайце свой артэрыяльны ціск. Правярайце яго хаця б раз у год. Калі ён павышаны, выконвайце ўсе рэкамендацыі вашага   доктара;
калі верхні паказчык (сісталічны артэрыяльны ціск) пастаянна вышэй за 140 або калі ніжні (дыясталічны артэрыяльны ціск) пастаянна вышэй за 90, пракансультуйцеся з  урачом;
калі ўрач пацвердзіць, што ў вас высокі артэрыяльны ціск, ён можа рэкамендаваць пэўныя  змяненні ў дыеце, рэгулярныя фізічныя практыкаванні або медыкаментозную тэрапію.
Лекавая тэрапія артэрыяльнай гіпертэнзіі пастаянна ўдасканальваецца. Пры правільным падборы прэпаратаў вы не будзеце адчуваць пабочных эфектаў, і якасць вашага жыцця не    пагоршыцца.
2. Даведайцеся, ці няма ў вас мігання перадсэрдзя – нерэгулярных сардэчных скарачэнняў, якія парушаюць сардэчную функцыю і дазваляюць крыві застойвацца ў некаторых аддзелах   сэрца.
Кроў, якая не рухаецца па целе, можа згусацца, а скарачэнні сэрца – аддзяліць частку тромба ў агульны крываток, што можа прывесці да парушэння мазгавога кровазвароту. Доктар установіць дыягназ пры дасканалым даследаванні вашага пульсу. Міганне перадсэрдзяў можа быць пацверджана электракардыяграфіяй. Пры іх наяўнасці ўрач прапануе прыём прэпаратаў, якія змяншаюць згусальнасць крыві.
3. Калі вы курыце, кіньце.
Курэнне падвойвае рызыку інсульту. Як толькі вы кінеце курыць, рызыка інсульту пачне адразу зніжацца. Праз пяць гадоў рызыка развіцця інсульту ў вас будзе такая, як у тых, хто не курыць.
4. Не злоўжывайце алкаголем.  Празмернае захапленне алкаголем павышае рызыку развіцця інсульту. Акрамя таго, алкаголь можа ўзаемадзейнічаць з лекамі, якія прымаеце.
5. Даведайцеся, ці няма ў вас павышанага ўзроўню халестэрыну. Зніжэнне ўзроўню халестэрыну (калі ён быў павышаны) зніжае рызыку развіцця інсульту.
Большасці людзей гэтага ўдаецца дабіцца дыетай, фізічнымі практыкаваннямі, і толькі некаторым патрабуецца медыкаментозная тэрапія.
6. Калі ў вас дыябет, строга выконвайце рэкамендацыі ўрача.  Часта дыябет можа кантралявацца ўважлівымі адносінамі да вашага харчавання. Наяўнасць дыябету павышае рызыку развіцця інсульту, але кантралюючы ўзровень цукру ў крыві, вы можаце панізіць гэтую рызыку.
7.Выконвайце фізічныя практыкаванні.  Рэгулярна займайцеся фізкультурай. Штодзённая прагулка на працягу 30 мінут можа палепшыць стан вашага здароўя і знізіць рызыку інсульту. Прагульвайцеся з сябрамі, гэта можа перайсці ў звычку. Выберыце іншыя віды фізічнай актыўнасці, якія падыходзяць стылю вашага жыцця (веласіпед, плаванне, танцы, тэніс і іншае).
8. Рэкамендуецца дыета з нізкім утрыманнем солі і тлушчу. Гэта дапаможа знізіць артэрыяльны ціск і рызыку развіцця інсульту. Імкніцеся да збалансаванага харчавання з перавагай фруктаў, агародніны, крупаў і ўмеранай колькасцю бялку штодзённа.
9. Звярніцеся да ўрача, калі ў вас ёсць   праблемы з кровазваротам.
Інсульты могуць быць звязаны з праблемамі сэрца, артэрый і венаў або крыві, якая цячэ па іх. Тлушчавыя дэпо, выкліканыя атэрасклерозам або іншымі хваробамі, могуць парушаць крываток па артэрыях, што нясуць кроў ад сэрца да мозга. Гэтыя артэрыі, размешчаныя на шыі, называюцца соннымі і вертэбральнымі. У выпадку блакады сасудаў можа ўзнікнуць інсульт.
Пры выражанай анеміі і іншых хваробах узаемадзейнічайце з урачом для рашэння вашых праблем. Няправільнае лячэнне гэтых захворванняў можа прывесці да інсульту.
Праблемы кровазвароту звычайна лечацца медыкаментозна.
Часам патрабуецца аператыўнае ўмяшальніцтва для карэкцыі праблем з кровазваротам.
Тэрмінова да ўрача!
Калі вы заўважылі ў сябе наступныя прыкметы парушэння мазгавога кровазвароту, неадкладна звяртайцеся за медыцынскай дапамогай у першыя 3-6 гадзін ад моманту з’яўлення сімптаматыкі:
● раптоўная слабасць або страта/зніжэнне адчувальнасці (аняменне) на твары, руцэ або назе, асабліва, калі гэта на адным баку цела;
● раптоўнае парушэнне зроку на адно або два вокі;
● цяжкасці пры вымаўленні слоў або іх разуменні;
● галавакружэнне, страта раўнавагі або каардынацыі, асабліва пры спалучэнні з іншымі сімптомамі, такімі як парушанае маўленне, дваенне ў вачах, аняменне або слабасць;
● цяжкасці ва ўспрыманні таго, што адбываецца;
● раптоўны, незразумелы, інтэнсіўны галаўны  боль.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *