Тэорыя для практыкі, ці Ёсць ідэя
Аднойчы прагучала: эўрыка! І потым безліч разоў. Усе «эўрыкі» знаходзяцца ў сувязі з ранейшымі распрацоўкамі, таму што ў навуцы надзвычай арганічная сувязь паміж учора-сёння-заўтра. Вучань захапляецца нейкім прадметам, а праз дзесяцігоддзі, глядзіш, твой аднакласнік стаў навукоўцам. Сярод нашых землякоў такія былі і ёсць.
Кіраўнік Ляхавіцкага раёна Вячаслаў Сельмановіч з’яўляецца кандыдатам сельскагаспадарчых навук, яму прысвоена навуковае званне – дацэнт. Вячаслаў Лукіч – аўтар 2 вучэбных дапаможнікаў і больш 25 навуковых артыкулаў. Дарэчы, на працягу пяці гадоў па сумяшчальніцтве з дырэктарствам у ЛДАКу выкладаў у Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце.
Кандыдат сельскагаспадарчых навук і сённяшні дырэктар дзяржаўнага аграрнага каледжа Алена Абарава, а таксама ветэран працы Генрых Траццяк, які ўзначальваў калгас імя Ламаносава.
Але навукоўцаў, чые карані ідуць ад ляхавіцкай зямлі, значна больш. Хлопчык, які вырас на вуліцы Савецкай нашага райцэнтра, закончыў адну з гарадскіх школ і пазней Гродзенскі медыцынскі, стаў вядомым навукоўцам, узначальваў Інстытут біяхіміі, актыўна працаваў над новымі метадамі клінічнай лабараторнай дыягностыкі. Гэта ўсё пра прафесара Леаніда Няфёдава.
Вядомым вучоным, тэрапеўтам-клініцыстам, педагогам стаў наш зямляк Юрый Саланенка. Ураджэнец вёскі Вялікая Лотва Ігар Крук – кандыдат тэхнічных навук, дацэнт, дэкан факультэта механізацыі БДАТУ, яго зямляк доктар тэхнічных навук і вынаходнік Леанід Піліневіч займаецца парашковай металургіяй. Родам з вёскі Краглі доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Антон Равінскі. Беларускую педагогіку немагчыма ўявіць без тэорыі і практыкі кандыдата педагагічных навук, прафесара з Мініч (як яго з любоўю называюць землякі) Мікалая Плескацэвіча. І, паверце, гэта толькі некалькі яскравых прыкладаў у тэму, на справе іх значна больш.
За гучнымі навуковымі ступенямі і званнямі стаіць вялікая праца – над прадметам і над сабою. Праца, у якой, па сутнасці, няма перапынкаў, выхадных, адпачынку. Навукоўцы – людзі асаблівыя, надзвычай працавітыя, настойлівыя, з аналітычным розумам і дзёрзкімі ідэямі. Ідэямі не дзеля ідэй, а дзеля таго, каб іх укараніць у жыццё і нешта ў ім удасканаліць. Не бывае маленькіх адкрыццяў, любое з іх – крок у накірунку прагрэсу. І крок гэты абавязкова павінен унесці нешта новае, не толькі ў тэорыю, але і ў практыку. Надаць навуцы прык-ладны характар, зрабіць не толькі вынаходніцтва, але ідэю развіць, укараніць яе ў практыку і атрымаць ад гэтага карысць – такою бачыцца дзейнасць навукоўцаў Брэстчыны ў Год навукі кіраўніку вобласці Анатолію Лісу, пра што ён гаварыў на нядаўняй прэс-канферэнцыі прадстаўнікам СМІ.
Вольга СВЯТЛОВА.