Не гасцявалі, а практыкаваліся

Апошнім часам Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж не перастае здзіўляць разнастайнымі новаўвядзеннямі. Здаецца, зусім нядаўна ён стаў адасобленым структурным падраздзяленнем Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Потым у каледжы была арганізавана і  цяпер паспяхова дзейнічае інфармацыйна-кансультатыўная служба, куды ўчарашнія навучэнцы  могуць па “гарачым тэлефоне” пазваніць, задаць хвалюючае пытанне і атрымаць патрэбную кансультацыю. А пачынаючы з гэтага навучальнага года, на базе агракаледжа студэнты інжынернага факультэта БарДУ будуць атрымліваць вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцях  “агранамія” і “заатэхнія”. Мінулым летам адбылася яшчэ адна падзея, якая,  на думку дырэктара ЛДАКа кандыдата сельскагаспадарчых навук Вячаслава Сельмановіча, стане  традыцыяй. На працягу тыдня (з 18 па 25 ліпеня) на базе агракаледжа праходзілі практыку два студэнты аднаго з турэцкіх універсітэтаў.

Дарэчы, яшчэ ў лістападзе мінулага года паміж каледжам і  сельскагаспадарчым факультэтам універсітэта горада Кому (Турцыя) быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве ў сферы абмену выкладчыкамі для  стажыроўкі, правядзення сумесных навуковых даследаванняў і праходжання азнаямляльнай практыкі.

Па папярэдняй дамоўленасці з БарДУ, сюды на практыку прыехалі дзесяць студэнтаў, два з якіх і практыкаваліся на Ляхавіччыне. У сябе на радзіме яны атрымліваюць спецыяльнасць інжынера-менеджара  сельскагаспадарчага профілю, а ў ЛДАКу практыкаваліся па фітапаталогіі, энтамалогіі і ахове раслін. У нас жа вывучалі пытанне пра найбольш распаўсюджаных  шкоднікаў і хваробы сельскагаспадарчых культур, а таксама сродкі і меры барацьбы з імі.

З замежнымі практыкантамі працаваў выкладчык агранамічных дысцыплін ЛДАКа Рыгор Войцік.

— Рабяты з Турцыі аказаліся вельмі дапытлівымі і цікаўнымі.  Спачатку, як і належыць, з імі быў праведзены  інструктаж па тэхніцы бяспекі. А потым ужо непасрэдна на практыцы  вывучалі расліны (буракі, ягады, бульбу, лубін) і іх шкоднікаў,  шукалі аптымальныя метады барацьбы з імі, — расказвае Рыгор Рыгоравіч.

Дарэчы, практыку ў каледжы праходзілі студэнты-выдатнікі. У Турцыі дзейнічае 100-бальная сістэма адзнак, а гэтыя практыканты вучацца на 90-100 балаў.  Менавіта такую адзнаку яны атрымалі  і па выніках усіх практычных заняткаў.

— Гэтыя студэнты ў Беларусі ўпершыню, і ім вельмі спадабалася ў нашай краіне. Што датычыцца Ляхавіч, то яны  былі ўзрушаны прыёмам у каледжы, і ўвогуле ўсёй вучэбна-практычнай базай ЛДАКа, — расказвае Рыгор Войцік.

Практыка замежных студэнтаў была першым крокам у рэалізацыі дагавора паміж ЛДАКам і  ўніверсітэтам горада Кому.

— У бліжэйшых планах паездка  навучэнцаў нашага каледжа ў Турцыю і праходжанне там вытворчай практыкі. Дарэчы, у БарДУ арганізаваны курсы  вывучэння турэцкай мовы, а для студэнтаў з Турцыі, якія вучацца ў Баранавіцкім універсітэце, — адпаведна, рускамоўныя, — расказвае пра аспекты супрацоўніцтва Вячаслаў Сельмановіч.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *