Прыгожая пагроза

Ледзяшы на даху дома – прыгожая зімовая карціна. І адначасова вельмі небяспечная. “Нарастаючы вялікімі масівамі на дахах і правадах, ледзяшы могуць нанесці сур’ёзны ўрон камунальнай гаспадарцы. Пад цяжарам уласнай вагі яны здольны раптоўна абрушыцца і пашкодзіць аўтамабілі, стаць прычынай траўмы і нават гібелі чалавека,” – расказвае начальнік РАНС Валерый Равінскі. Каб знізіць рызыку надзвычайнай сітуацыі, выратавальнікі разам з іншымі зацікаўленымі службамі праводзяць сумесныя рэйды па населеных пунктах. Уласнікам будынкаў пры неабходнасці накіроўваюцца патрабаванні аб ачыстцы наледзі. Дарэчы, згодна заканадаўства, нельга дапускаць утварэння на дахах снежнага покрыва таўшчынёй больш за 30 сантыметраў, трэба абгароджваць небяспечныя зоны і на небяспечных участках вывешваць папераджальныя надпісы.
І дзецям, і дарослым варта быць уважлівымі, пажадана пазбягаць перамяшчэння пад дахамі, на якіх утварыліся наледзь і ледзяшы, навісанне снегу, не трэба  пакідаць каля такіх будынкаў каляскі, аўтамабілі. Калі вы заўважылі патэнцыяльную небяспеку, можна паведаміць пра гэта ў камунгас.
Дарэчы, пазбавіцца ад зімовай пагрозы некаторым землякам дапамагалі школьнікі. Як расказала першы сакратар райкама БРСМ Тамара Пракап’юк, на мінулым тыдні валанцёрскі дэсант пабываў у дварах 23 адзінокіх пажылых людзей, ветэранаў вайны: збівалі ледзяшы, дапамагалі расчышчаць дарожкі ад снегу. У супрацьснежнай акцыі ўдзельнічалі ўсе школы.
Святлана БЕЛЬМАЧ.
Фота Сяргей ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *