Лепшы мехдвор у ”Ляхавіцкім”
Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшы мехдвор у сельгаспрадпрыемствах раёна. Ён быў аб’яўлены яшчэ мінулай восенню. Сярод асноўных патрабаванняў, якія прадугледжваліся ўмовамі конкурсу, – добраўпарадкаванне машынных двароў, гатоўнасць рамонтна-абслуговых баз да работы зімой (правільнасць пастаноўкі тэхнікі на захоўванне, умовы работы для механізатараў і рамонтнікаў), гатоўнасць машынна-трактарных паркаў да палявых работ 2017 года. У конкурсе прынялі ўдзел усе гаспадаркі без выключэння. Дзесьці давялося актыўна наводзіць парадак, у многіх мехмайстэрнях запрацавалі бытавыя пакоі. А калі памяшканні ацяпляюцца, ёсць гарачая вада, душавыя – і работа ідзе спарней. У сельгаспрадпрыемствах створаны рамонтныя брыгады са слесараў, токараў, наладчыкаў, механікаў, іх работа кантралюецца інжынернай службай.
Узорам утрымання мехдвара ў нашым раёне даўно стаў СВК ”Ляхавіцкі”. Менавіта гэта гаспадарка перамагла ў раённым аглядзе-конкурсе і сёлета. Сельгаскааператыву (старшыня Аляксандр Вітко, галоўны інжынер Андрэй Новік) прысуджана першае месца, у якасці заахвочвання ўручана прэмія 60 базавых велічынь. Уладальнікам другога месца і прэміі ў памеры 50 базавых велічынь стала ААТ “Шлях новы” (старшыня Сяргей Кашча, галоўны інжынер Дзмітрый Блашэнка), трэцяе месца і 40 БВ – у ААТ “Жарабковічы” (старшыня Антон Булаты, галоўны інжынер Міхаіл Пятроўскі).
Сёння ў мехмайстэрнях працягваюцца работы: тэхніка рыхтуецца да веснавога выхаду ў поле.
Аліна ЛАПІЧ.