З пашанай. Прафсаюзы падзякавалі землякам за нераўнадушнасць і пашану да памяці пра герояў Вялікай Айчыннай, за вялікую і шматгранную работу па патрыятычным выхаванні моладзі
Рэспубліканскі мемарыяльны комплекс “Курган Славы” ў маі 2015 года сустрэў 70-гадовы юбілей Вялікай Перамогі ў новым абліччы, зазіхацеў агнямі ілюмінацыі. Зроблена вельмі многа – з пашанай і з любоўю. І ажыццяўленне праекта працягваецца. У планах – пошук ваеннай тэхнікі, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічала ў баях. Экспанаты будуць рэстаўрыраваны і выстаўлены каля падножжа Кургана Славы ў музеі пад адкрытым небам. Уся гэта рэканструкцыя і далейшае добраўпарадкаванне рэспубліканскага мемарыяла праведзена па ініцыятыве і за кошт сродкаў Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А значыць, кожнага члена прафсаюза, у тым ліку і нас з вамі, шаноўныя землякі, – усіх, хто мае дачыненне да самага масавага грамадскага аб’яднання краіны.
Па выніках 2016 года лаўрэатам прэміі Прэзідэнта Беларусі “За духоўнае адраджэнне” стала і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі за работу па патрыятычным выхаванні грамадзян, адной з яркіх старонак якой стала маштабная рэканструкцыя Кургана Славы.
Дарэчы, мемарыяльны комплекс “Курган Славы” – не адзіны аб’ект, над якім узялі шэфства прафсаюзы. У кожнай вобласці выбраны свае знакавыя месцы. На Брэстчыне – гэта брацкая магіла на месцы былога лагера-шпіталя “Рэвір” у Брэсце. І на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна дзясяткі помнікаў, абеліскаў, брацкіх магіл – сведкаў падзей Вялікай Айчыннай. Нашчадкі герояў беражліва захоўваюць памяць пра герояў.
Вахты мужнасці, месячнікі па добраўпарадкаванні, рэстаўрацыя помнікаў – у імя подзвігу як даніна пашаны і памяці. Словы ўдзячнасці землякам, якія аказваюць матэрыяльную дапамогу ў рэканструкцыі, рэстаўрацыі, рамонце помнікаў, што знаходзяцца на тэрыторыі нашага раёна, прагучалі ад старшыні раённага аб’яднання прафсаюзаў Святланы Курэц на ўрачыстым сходзе з удзелам прафсаюзных актывістаў. Яна ўручыла граматы аб’яднання шэрагу арганізацый. За актыўны ўдзел у рэстаўрацыі помнікаў і добраўпарадкаванні месцаў пахавання воінаў і мірнага насельніцтва, загінуўшых у гады вайны, у вёсках Сваятычы, Пірштукі, Канюхі, аграгарадках Жарабковічы і Падлессе ўзнагароджаны ААТ “Жарабковічы”. Свой уклад у добраўпарадкаванне помнікаў унеслі ПВГУП “БелГранітСэрвіс”, ПУП “Шумілаў”. Сярод узнагароджаных і калектыў раёнкі. Рамонт помніка ў аграгарадку Дарава ажыццёўлены, дзякуючы «Ляхавіцкаму весніку».
Грамат раённага аб’яднання прафсаюзаў за патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення ўдастоены аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, хор народнага клуба ветэранаў вайны і працы “Сівізна”, за плённую работу па ахове гісторыка-культурнай спадчыны раёна – метадыст раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы Наталля Скрыпнік.
Летась было падпісана раённае пагадненне аб супрацоўніцтве паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, раённым саветам ветэранаў і райкамам ГА БРСМ. Вынікі яго работы таксама былі абмеркаваны падчас сустрэчы прафсаюзнага актыву.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
актыўныя, нераўнадушныя. Адным словам — малайцы! Буду ведаць, што помнік у Дарава адрамантаваны на сродкі раёнкі!