Першая! СШ №1 г. Ляхавічы адзначае 150-годдзе

У школы толькі ёй уласцівыя адметнасці. Тут строгіх і паважаных дарослых  памятаюць  непасрэднымі і гарэзлівымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі, не забываюць  пра выдатна напісанае сачыненне, рашэнне складанай задачы, прыгожа забіты гол, першыя крокі  на сцэну…  СШ №1  стала назаўсёды роднай для шматлікіх  выпускнікоў. Сёлета яна  імянінніца – адзначае 150-годдзе. Удумацца: паўтара стагоддзя! Эпахальны, гістарычны і  ў той жа час такі перспектыўны ўзрост. Пра сённяшні дзень школы-юбіляркі размова  з дырэктарам установы Наталляй Кулак.

– Наталля Іванаўна, у чым адметнасць СШ № 1, што яе вылучае сярод іншых?

– Яна – як усе і асаблівая. У нашай школе ўтульна і камфортна ўсім 630 хлопчыкам і дзяўчынкам. Педагогі імкнуцца падтрымліваць атмасферу супрацоўніцтва і даверу, каб кожнае дзіця з радасцю бегла на ўрокі, займалася з жаданнем.

Нам пашанцавала – дасталася багатая спадчына, якой вельмі ганарымся. Менавіта ў СШ №1 у ліку першых у краіне былі створаны вучнёўскія вытворчыя брыгады, іх поспехамі прэзентавалі вучэбную ўстанову на экспазіцыі ВДНГ у Маскве. Школа была занесена ў Кнігу гонару Міністэрства адукацыі БССР. Тут працавалі выдатнікі адукацыі, Заслужаныя настаўнікі, давалі паказальныя ўрокі для педагогаў вобласці.

Ганарымся калектывам, пераемнасцю пакаленняў. Маладыя спецыялісты вучацца ў больш вопытных калег, ветэранаў. Абсалютная большасць педагогаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі. Метадычныя распрацоўкі ўрокаў нашых педагогаў штогод на раённым этапе конкурсу ўваходзяць у тройку лепшых, на абласным узроўні становяцца прызёрамі.

Сёлета наладзілі супрацоўніцтва з Акадэміяй Міністэрства ўнутранных спраў Рэспублікі Беларусь, Баранавіцкім дзяржаўным універсітэтам, Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжам. Адкрылі клас прававой накіраванасці, арганізавалі адпаведныя факультатывы і заняткі, якія праводзяць выкладчыкі ВНУ і настаўнікі, дапамагаюць вучням падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, прадметных алімпіяд.

Другі год у СШ рэалізуецца рэспубліканскі праект “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця”. Стараемся захапіць, уключыць такіх дзетак у насычанае школьнае жыццё, прыцягнуць да ўдзелу ў спаборніцтвах, конкурсах і іншых падзеях.

Прыемна, што прафесія становіцца не толькі жаночай. Сёлета з чатырох маладых спецыялістаў, якія прыйшлі ў нашу школу, – трое мужчын.

– Гонар любой школы – яе вучні і педагогі…

– Так і ёсць. Ва ўсе часы ў школе працуюць апантаныя, шчырыя і вельмі творчыя настаўнікі – прыклад для вучняў. Педагогі Алена Якубец, Наталля Арцюшкевіч, Наталля Кедзь, Наталля Сідор і Святлана Кісель у розныя гады прызнаваліся лепшымі ў раённых конкурсах прафесійнага майстэрства. Сёлета пераможцай раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Настаўнік года” ў сваёй намінацыі названа Анастасія Барташэвіч, прызёрам – Кацярына Іванова. І гэта далёка не ўсе дасягненні маіх калег. Самыя галоўныя ўвасоблены ў поспехі вучняў.

Нашы рабяты сёлета атрымалі 6 дыпломаў на раённай навукова-практычнай канферэнцыі і дыплом II ступені на абласной, у іх не менш дзясятка паспяховых выступленняў у раённых конкурсах і некалькі на абласным узроўні.

Мінулыя гады таксама былі адметныя. Школьнікі прадстаўлялі Брэсцкую вобласць на IV рэспубліканскім турніры па гульні клуба вясёлых і знаходлівых. Летась атрымалі дыплом Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь за творчую работу “Мае землякі – мой гонар”, былі ўручаны сертыфікаты Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь за ўдзел у конкурсе малюнка “Алімпійскі агонь запальвае сэрцы”.

Сярод выпускнікоў СШ №1 – майстры спорту, члены зборных краіны, чэмпіёны Беларусі, Еўропы, прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў.

Не так даўно, але вельмі плённа працуе ў нашай школе настаўнік хіміі Сяргей Абярган – ён адзіны ў раёне мае кваліфікацыйную катэгорыю настаўнік-метадыст. А яшчэ з’яўляецца членам рэспубліканскага клуба “Хрустальны журавель”. У фінале абласнога конкурсу “Мультымедыйны ўрок у адукацыйнай практыцы педагога” атрымаў падарунак – інтэрактыўную сістэму ацэнкі якасці ведаў “VOTUM”. Разам са старшакласнікам Аляксандрам Тумашам стварылі анлайн- сэрвіс па хіміі “Інтэрхімік”. Рабяты з іншых устаноў адукацыі раёна неаднойчы прымалі ўдзел у дыстанцыйнай алімпіядзе. У абласным конкурсе “IT-мяжа-2016” за распрацоўку гэтай інтэрнэт-пляцоўкі педагог і вучань атрымалі дыплом III ступені.

– Чым узбагачаеце адукацыйны працэс, зацікаўліваеце вучняў?

– Сённяшнія школьнікі –  актыўныя карыстальнікі інтэрнэту. Ім сумна проста вывучаць падручнікі. Таму будуем урокі з прымяненнем сучасных педагагічных тэхналогій, метадаў і прыёмаў. Вучэбна-матэрыяльная база школы дазваляе гэта рабіць якасна і цікава: 2 камп’ютарныя класы, актавая зала, 2 спарт-залы, 3 інтэрактыўныя дошкі. Кабінет фізікі – мара настаўніка. Тут устаноўлены тэлевізар, камп’ютар, іншае новае абсталяванне і мэбля. У перспектыве такія ж змены адбудуцца ў кабінетах хіміі, біялогіі і інфарматыкі. А яшчэ пачалі ўводзіць электронныя дзённікі і журналы. Але якія б тэхналогіі ні выкарыстоўваліся ў школе, у цэнтры ўвагі застаецца і будзе заставацца вучань.

– Пра што марыць дырэктар?

– Мару, каб кожны вучань імкнуўся да ведаў, а школа была для нашых хлопчыкаў і дзяўчынак другім домам. Каб і па суботах яны разам з бацькамі спяшаліся сюды і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. І каб яшчэ для многіх пакаленняў ляхавічан –  сённяшніх і будучых – СШ №1 заставалася адным з самых лепшых успамінаў дзяцінства і юнацтва, а ўсе нашы вучні сталі дастойнымі людзьмі, свядомымі грамадзянамі.

Здаецца, гэта было ўчора

…Гісторыя школы насычаная і яркая, стваральная і творчая. У памятнай кнізе Віленскай вучэбнай акругі запісана: “Ляхавіцкае народнае вучылішча адкрыта ў 1867 годзе і знаходзіцца ў грамадскім доме. На ўтрыманне вучылішча адпускаецца 31 рубель  з дзяржаўнай казны і 150 рублёў ад сялянскай абшчыны…”.

…1961 год. У школе наваселле – узведзены новы будынак са  светлымі класамі, спартыўнай залай, бібліятэкай і іншымі памяшканнямі.

…Праз  4 дзесяцігоддзі колькасць  вучняў значна павялічылася, не хапала кабінетаў. І  зноў пачалася вялікая будоўля. Усе назіралі за тым, як на вачах растуць сцены, змяняецца аблічча школы. Вялікая  сталовая, кабінеты для груп падоўжанага дня, бібліятэка, у якую не трэба ісці праз двор, утульныя майстэрні і кабінет працоўнага навучання. Для  дзяўчынак тут абсталявалі  сапраўдную  міні-кухню.

Школа развіваецца, вучыць і вучыцца. Для рабят – аб’яднанні па інтарэсах, секцыі, факультатывы. Вакальная студыя “Ніка” раскрыла  здольнасці многіх хлопчыкаў і дзяўчынак. У гуртку “Кужалёк” змянілася ўжо другое пакаленне аматараў беларускага фальклору.

Пра імянінніцу

Немагчыма пералічыць усіх выдатных педагогаў, якія працавалі і працуюць у СШ №1.  Яны – прафесіяналы, якіх з павагай і любоўю ўспамінаюць іх вучні.

З 1939 года ў школе дырэктарстваваў Васілій Кошаль. Пасля былі  Андрэй Зуськоў, Уладзімір Скалабан, Амвросій Рагоўскі, Іван Дзегелевіч. Вячаслаў Цяцёркін 13 гадоў знаходзіўся  на чале школы, больш за два дзесяцігоддзі кіравала калектывам  Лідзія Архангельская.  Пасля Валерыя Жэркі на працягу пяцігоддзя вучыла, настаўляла, аб’ядноўвала педагогаў і рабят  Ганна Крук.

Дыпламаванымі педагогамі многія выпускнікі вяртаюцца ў  родную школу. Сёння іх, родам з першай, тут  18. Больш за два дзясяткі  педагогаў школы  ў прафесію прыйшлі  па сямейных слядах, маю на ўвазе настаўніцкія дынастыі.

Сярод выпускнікоў СШ №1 ёсць выдатныя ўрачы, будаўнікі, інжынеры, ваенныя, прадстаўнікі іншых вельмі патрэбных прафесій, кіраўнікі і проста добрыя працаўнікі.   Тысячам нашых землякоў пашчасціла вучыцца ў першай. З юбілеем цябе, школа!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Дырэктар Наталля Кулак (у цэнтры) з настаўніцай фізікі Аляксандрай Аўдзей і іх маладой калегай – «англічанкай» Надзеяй Жыдовіч.

Настаўнікі СШ № 1, яны ж – яе выпускнікі.

Урок хіміі вядзе настаўнік-метадыст Сяргей Абярган.

Сябраваць са спортам школьнікам дапамагае малады настаўнік фізічнай культуры і здароўя Іван Ліхач.

11-класніца Ксенія Шлойда – уладальніца дыплома ІІ ступені абласной навукова-практычнай канферэнцыі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *