І журавінны морс. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Зіма разам са сваімі спадарожнікамі – снегам, адлігай, халодным ветрам, пераменлівым  надвор’ем – прыносіць  нежаданыя  сезонныя “сюрпрызы”  – прастуду, вострыя рэспіраторныя інфекцыі, грып. Як ляхавічане абараняюць сябе ад такіх непрыемнасцей са здароўем – тэма чарговага апытання “ЛВ”.

Сяргей ПАМАЗАНСКІ, загадчык рэнтгеналагічнага   аддзялення райбальніцы:

– У мяне ёсць  фірменны супрацьвірусны  рэцэпт – морс з  журавін, якія збіраю сам. Але як медык адназначна ўпэўнены: толькі  зробленая своечасова прышчэпка – гарант здароўя ў разгар эпідэміі.  І нават калі сустрэчы з інфекцыяй пазбегнуць не ўдаецца,  у прышчэпленага чалавека хвароба працякае лягчэй і, самае галоўнае, – без ускладненняў. Захварэлі –

абавязкова звяртайцеся за медыцынскай дапамогай, нельга пераносіць  грып на нагах –  наступствы могуць быць самыя сур’ёзныя.  Хворы  шкодзіць не толькі ўласнаму здароўю, але і тым, хто побач.  Нельга займацца самалячэннем,  прызначаць  сабе антыбіётыкі. Увогуле,  лячэнне хворага – прэрагатыва ўрача.

Людміла БАРОДКА, загадчыца дзіцячага сада №1:

– Клапоцімся, каб нашы маленькія выхаванцы  былі здаровенькімі . Асабліва налягаем на прафілактыку: ранішняя зарадка,  фізкультмінуткі, прагулкі на свежым паветры, рэгулярныя праветрыванні пакояў,  абавязковая вітамінізацыя: у штодзённым меню прысутнічае “шыпучка”(вітамін С) ці адвар з шыпшыны. Частыя ў  садаўскім жыцці спартыўныя  спаборніцтвы, загартоўваючыя працэдуры – іх хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі любяць.

Марына БУСЬКО, інструктар-метадыст ФСК “Колас”:

– Мы з мужам і трое дзяцей-школьнікаў  аддаём  перавагу натуральнай прафілактыцы.  Заняткі фізкультурай і спортам – добры  сродак умацавання імунітэту,загартоўкі. Пераканана, здаровы лад жыцця – найлепшая вакцына.   Імкнуся ва ўсім бачыць пазітыў, а добры настрой стымулюе ахоўныя сілы арганізма.

Ганна КУМЕЙША, хатняя гаспадыня:

– Дзеці, канешне, хварэюць: старэйшая дачка – школьніца.  Нехта ў класе затэмпературыў і гэтага дастаткова.  Нашу сям’ю каторы год выручаюць  інтэрферон і аксалінавая мазь.  Дапамагае і сумесь эфірных алеяў: некалькі кропель на  падушку, шалік – удыхай на здароўе! Стараюся  часцей уключаць у меню яблыкі, ківі, п’ём чай з лімонам, малінавым варэннем, мёдам.  Вечарам усёй сям’ёй  выходзім прагуляцца па свежым паветры.

Фота з сайта http://livefomdet.ru

One thought on “І журавінны морс. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

  • 09/02/2017 в 16:48
    Permalink

    А я своим внукам делаю вкусные лекарства. Смешиваю сухофрукты, готовлю разнообразные травяные чаи, варю компоты. И обязательно проветриваю комнату перед сном.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *