На грып не начхаць
Уздым захворвання ВРІ звычайна адзначаецца ў канцы студзеня-пачатку лютага. Вакцынацыя – найбольш эфектыўны сродак прафілактыкі грыпу. Летась прышчэплена супраць гэтай інфекцыі 10633 жыхары Ляхавіцкага раёна. Прышчэпкі зроблены за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў, а таксама – прадпрыемстваў, арганізацый і за ўласныя сродкі грамадзян. Бясплатна іх атрымалі тыя, хто ўваходзіць у групу рызыкі – дзеці і дарослыя з хранічнымі захворваннямі дыхальнай, сардэчна-сасудзістай, эндакрыннай сістэм, маюць парушэнні функцый нырак, ВІЧ-інфіцыраваныя, асобы старэйшыя за 65 гадоў. На працягу некалькіх гадоў у нас да эпідэміі грыпу не даходзіць, хаця хтосьці ім хварэе. Тэма актуальная менавіта цяпер, калі пачасціліся выпадкі ВРІ.
Грыпам хварэе больш людзей, чым усімі інфекцыямі разам узятымі. Гэта наносіць не толькі вялікую шкоду здароўю асобнага чалавека, але і важкія эканамічныя страты для краіны. Першае месца сярод прычын часовай непрацаздольнасці – за грыпам.
Як вострае інфекцыйнае захворванне, ён часцей за ўсё працякае з высокай тэмпературай, вызначаецца агульнай слабасцю, інтаксікацыяй і абавязкова патрабуе супрацьвіруснага лячэння. Пасля пастаноўкі дыягназу ўрач адразу дае хвораму вызваленне ад работы ці вучобы і прапісвае пасцельны рэжым. Па-першае, каб аблегчыць стан пацыента і не дапусціць ускладненняў, па-другое, – папярэдзіць распаўсюджванне інфекцыі.
Хвораму лепш за ўсё выдзеліць асобны пакой, а іншым членам сям’і пажадана карыстацца марлевымі павязкамі.
Пакой, дзе знаходзіцца хворы, неабходна рэгулярна праветрываць (3-4 разы ў суткі па 20-30 мінут) і рабіць вільготнае прыбіранне. Пры размове, кашлі, чыханні вакол хворага ўтвараецца “заражаная зона” з высокай канцэнтрацыяй патагенных вірусаў. Праветрыванне памяшкання змяншае іх утрыманне ў паветры на 80-90 працэнтаў.
Карысна ставіць у пакоі сподачак з надзёртым часнаком, сіла ўздзеяння якога на бактэрыі і вірусы прыраўноўваецца да дзеяння высокіх тэмператур.
З мэтай экстраннай прафілактыкі дзецям карысна закапваць у нос лейкацытарны інтэрферон (па 5 кропель у кожную ноздру 2 разы ў суткі з інтэрвалам не менш за 6 гадзін), дарослым – выкарыстоўваць рэмантадзін ці арбідол (па 1 таблетцы ў дзень), 2-3 разы ў дзень змазваць слізістую носа 0,25-працэнтнай аксалінавай маззю, прымаць вітамінныя прэпараты.
У перыяд уздыму захворвання грыпам і ВРВІ рэкамендуецца пазбягаць пераахаладжэння, стрэсаў, уключаць у свой рацыён чорныя парэчкі, журавіны, лімон, цыбулю, часнок і чорную рэдзьку ў сырым выглядзе. Не рэкамендуюцца наведванне шматлюдных месцаў, паездкі ў грамадскім транспарце і г.д.
Васілій СКАРАХОД, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ.
БЕЗ ЛЕКАЎ
Зніжаць тэмпературу цела лекамі неабходна толькі ў крытычных сітуацыях. Калі ж лічбы не дасягнулі піка, то для палёгкі можна выкарыстоўваць і народныя сродкі.
√ Заліце шклянкай кіпеню
2 ст. л. сухіх ягад маліны, дайце настояцца 15-20 хвілін. За паўтары-дзве гадзіны трэба выпіць тры такія шклянкі.
√ Выцісніце сок аднаго лімона, разбаўце гатаванай вадой напалову. Піце напітак цёплым і працірайце ім скуру.
√ Сок і мякаць апельсіна –
выдатны сродак ад тэмпературы. Можна зрабіць парашок з цэдры і ўжываць пры высокай тэмпературы.