Глядзіце пад ногі!
Галалёдзіца і ледзяшы могуць прынесці нямала непрыемнасцей. Даволі небяспечныя месцы гэтымі днямі прыступкі многіх устаноў, магазінаў, жылых дамоў, дарожкі і тратуары, дваровыя тэрыторыі. Іншы раз настолькі слізка, што ўтрымацца на нагах цяжка і малому, і старому. Пераломы і галалёдныя траўмы – звычайная з’ява для гэтай пары года.
І тут адной асцярожнасці і ўважлівасці пешаходаў мала. Пра бяспеку ў такіх выпадках павінны клапаціцца і кіраўнікі і адказныя асобы арганізацый, на балансе ці ў арэндзе якіх знаходзяцца будынкі.
Асфальт і дарожная плітка з белым налётам – гэта не рэшткі снежнага покрыва, а соль, якую шчодра рассыпаюць камунальнікі, змагаючыся з галалёдзіцай. Напэўна, для навакольнага асяроддзя і нашага абутку карысці тут мала, але, як расказалі ў раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, пры плюсавой тэмпературы і лёгкім марозе соль – самы надзейны сродак у барацьбе з галалёдзіцай, пры больш нізкіх тэмпературах эфектыўней пясчаныя сумесі.
Днямі супрацоўнікі райЦГіЭ правялі маніторынг санітарнага стану тэрыторый, супрацьгалалёдных мерапрыемстваў. Па словах урача-гігіеніста Аляксандра Лебядзевіча, былі абследаваны ўсе мікрараёны райцэнтра. На некаторых аб’ектах, у асноўным гэта тэрыторыі ЖБК і ЖБСК па вуліцах Леніна, Інтэрнацыянальнай, Южакова, Чкалава, Будаўнікоў выяўлены парушэнні: несвоечасовая ачыстка тратуараў, пешаходных зон, ганкаў і прыступак будынкаў ад снегу і наледзі, непрымяненне супрацьгалалёдных сродкаў.
Выдадзены рэкамендацыі па ўхіленні выяўленых парушэнняў, сітуацыя ўзята на кантроль.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.