Выратавальнікі адзначылі прафесійнае свята
11 гадоў назад у Беларусі на базе пажарнай службы былі створаны падраздзяленні па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. 19 студзеня беларускія выратавальнікі чарговы раз адзначылі прафесійнае свята. У райаддзеле па надзвычайных сітуацыях да гэтага дня прымеркавалі шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку прысягу маладога папаўнення і ўручэнне супрацоўнікам РАНС пагонаў з прысваеннем чарговых званняў.
Прафесійнае крэда выратавальнікаў акрэслена ў трох словах: прафесіяналізм, адвага, гонар. Спаўна пераканацца ў гэтым чарговы раз дазволілі відэаролікі абласнога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях і РАНС, што расказвалі пра самыя будзённыя для прадстаўнікоў службы справы: штодзённую напружаную фізічную падрыхтоўку, прафесійныя і да дробязяў адладжаныя прыёмы барацьбы са стыхіяй (ад пажараў і ўраганаў да паводак) і яе наступствамі, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў самых розных сітуацыях.
І ў святочны дзень пра работу гаварылі шмат. Начальнік РАНС Валерый Равінскі прааналізаваў мінулагоднія вынікі дзейнасці райаддзела і акрэсліў асноўныя задачы на 2010 год. Сярод апошніх асаблівае месца адведзена прафілактыцы пажараў. За мінулы год на тэрыторыі раёна іх было зарэгістравана 54, у агні загінулі 8 чалавек. Валерый Равінскі чарговы раз падкрэсліў: папярэдзіць надзвычайную сітуацыю лягчэй і танней, чым ліквідаваць яе наступствы. У выпадку з пажарамі значную (а для кагосьці і жыццёва вырашальную) ролю можа адыграць устаноўка пажарных апавяшчальнікаў, нямала значаць аса-бістыя сустрэчы з інспектарамі дзяржпажнагляду падчас сельскіх сходаў ці праверак домаўладанняў на прадмет пажарнай бяспекі. Ёсць і яшчэ адна важкая нагода задумацца: з 8 загінуўшых летась у агні 7 знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення…
Дапоўнілі і канкрэтызавалі даклад кіраўніка выратавальнай службы яго намеснікі Андрэй Жураўскі і Генадзій Макарэвіч. Размова ішла пра арганізацыю баявой падрыхтоўкі і ўзаемадзеянне з аварыйнымі службамі, тэхнічнае забеспячэнне і кадравыя перспектывы.
З прафесійным святам калектыў РАНС павіншавалі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Варажун і ветэран МНС Уладзімір Ганчук.
Заключным і самым урачыстым акордам сустрэчы стала ўручэнне супрацоўнікам РАНС памятных нагрудных знакаў: начальніку пажарнага аварыйна-выратавальнага паста в. Ліпск Генадзію Чаранкевічу – “Выдатнік МНС”, камандзіру аддзялення ПАВЧ г. Ляхавічы Леаніду Зубіку і дыспетчару цэнтра аператыўнага кіравання РАНС Алегу Літвінчуку – “10 гадоў органам і падраздзяленням па надзвычайных сітуацыях”, вадзіцелю ПАВП в. Ліпск Валерыю Дыдышку – “155 гадоў пажарнай службе Беларусі”. Вадзіцелю ПАВП в. Ліпск Віктару Дыдышку начальнік РАНС Валерый Равінскі перадаў юбілейны медаль “20 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.
Святлана БЕЛЬМАЧ