Свая праўда
Ах, якая дзіўная пара – маладосць. Маладым да ўсяго ёсць справа, яны ўсюды хочуць паспець і ўсё паспрабаваць, рознабаковасць іх інтарэсаў бязмежная. Энергія так і бурліць! І хацелася б, каб рэалізоўвалася яна толькі ў пазітыўных накірунках: і ў вучобе, і ў працы, і ў захапленнях, і ў правядзенні вольнага часу.
Не сакрэт, што пэўная, на шчасце значна меншая, частка юнакоў ды і дзяўчат накіроўвае свой энтузіязм у іншае рэчышча: праз “сяброўства” з тытунём, алкаголем, наркотыкамі яны прыходзяць да парушэння закону, становяцца жорсткімі. Часта можна пачуць у адрас маладых, маўляў, бадзяюцца без справы па вуліцах, выпіваюць у пад’ездах, жывуць за кошт бацькоў. Як ні сумна, аднак ёсць у гэтых словах і доля праўды. Каб змяніць сітуацыю ў станоўчы бок, неабходна не толькі самім маладым карысна і прадукцыйна арганізоўваць свой адпачынак, але пра яго якасць у пэўнай ступені павінны клапаціцца педагогі, культработнікі, маладзёжныя лідары. павінны клапаціцца педагогі, культработнікі, маладзёжныя лідары.
Не так многа часу спатрэбілася для таго, каб высвет-ліць, што ўяўляе сабой адпачынак юнакоў і дзяўчат у Ляхавічах.
Найперш, завіталі ў гарадскі Дом культуры. Адрамантаваны і рэканструяваны, ён стаў шыкоўным упрыгожваннем горада. Але, на жаль, як і раней, юнакі і дзяўчаты туды не надта спяшаюцца. Бясспрэчна, ёсць рабяты, якія жадаюць развіваць свае здольнасці і займаюцца, напрыклад, у клубе “Юнона”, народнай эстраднай групе “Пачатак”, гуртках “Эстрадная музыка ў камп’ютарнай апрацоўцы”, “Гукааператар”, у школах эстрадных і народных танцаў, карэкцыі фігуры.
Як адзначыла дырэктар ГДК Людміла Ламака, летам жадаючых займацца ў гуртках і студыях было значна менш, а цяпер маладыя людзі больш актыўна ідуць у Дом культуры і не толькі, каб займацца любімай і карыснай справай, але і знайсці тут аднадумцаў і сяброў. Такіх юнакоў і дзяўчат некалькі дзясяткаў. А што прапаноўвае ГДК астатнім? Дасведчаны чытач адкажа – дыскатэкі. У Ляхавічах пераважная большасць тых, хто прыходзіць на дыскатэку (у сярэднім гэта 30-40 чалавек), – школьнікі – і нават не старшакласнікі, а вучні “сярэдняга звяна”. Дыскатэка ў ГДК ладзіцца з 19 да 24 гадзін, а юнакам і дзяўчатам ва ўзросце да 18 гадоў дазваляецца знаходзіцца тут да 22 гадзін. Пасля гэтага часу за знаходжанне тут непаўналетніх яе арганізатары могуць быць аштрафаваны на суму ад 10 да 50 базавых велічынь. Такое пакаранне прадугледжана дапаўненнямі, унесенымі ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (артыкул 17.12 “Допуск на начныя дыскатэкі, у культурна-забаўляльныя клубы непаўналетніх”). Вось і атрымліваецца: яшчэ да 22 гадзін на дыскатэцы ёсць некалькі дзясяткаў танцуючых, а потым толькі музыка гучыць, а танцаваць няма каму.
Нельга сказаць, што культработнікі сядзяць, склаўшы рукі, і ніяк не рэагуюць на гэту сітуацыю: ладзяць тэматычныя дыскатэкі, праводзяць на іх забаўляльныя праграмы, вечары адпачынку, за-прашаюць выступіць мясцовых самадзейных артыстаў. У апошнюю суботу лета на за-крыцці танцавальнага сезона ў гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча гучала “жывая” музыка, выступала баранавіцкая група “Данс-клуб”, праводзілася гульнёвая праграма. І ўсё ж гэтых намаганняў, як паказвае час, мала, трэба распрацоў-ваць новыя праекты і прапаноў-ваць моладзі больш запатрабаваныя формы адпачынку.
Не ГДК адным абмяжоўваецца маладзёжны адпачынак вечарам. Што змянілася апошнім часам у рабоце кафэ і бараў, дзе часцей тусуецца моладзь? Паглядзім. У адзін з вераснёўскіх дзён на пры-ступках кафэ “Маладзёжнае” курылі 2 дзяўчыны, як высветлілася, навучэнкі аграрнага каледжа.
— Не засмучайся ты асабліва, яшчэ не вечар, праз гадзіну-другую больш народу збярэцца, — спрабавала абнадзеіць сяброўку адна.
— Я і не хвалююся. Як бы там ні было, тут лепш, чым у пакоі ся-дзець ці па мабільніку байкі баяць, — адказала другая.
Пасля кароткага перакуру дзяўчаты вярнуліся ў кафэ, дзе на стале іх чакалі недапітае піва і рэшткі чыпсаў. Гэта былі адзіныя з маладых у той вераснёўскі вечар, астатніх наведвальнікаў кафэ такімі па ўзросце назваць цяжка, хіба толькі па стану душы.
Кафэ “Алеся” па традыцыі напаўняецца моладдзю ў суботу, у гэты дзень тут сапраўды і яблыку няма дзе ўпасці. А летам аблюбаваным месцам адпачынку для маладых ляхавічан стала палатачнае кафэ “Аліварыя” каля аўтастанцыі. Там, расказваюць, можна ўбачыць усякае і пачуць рознае. Як сказаў адзін з заўсёднікаў “Аліварыі”, да чаго ж багатая ненарматыўная лексіка…
Каб выхоўваць культуру паводзін у падрастаючага пакалення, неабходна ствараць для гэтага і элементарныя ўмовы. А пра якую культуру можна гаварыць, калі, напрыклад, кафе “Маладзёжнае” даўно патрабуе рамонту, а выбар страў і ўвогуле адбівае ўсякую ахвоту сюды прыходзіць — у наш час аднымі чыпсамі і півам асабліва не зазавеш.
Яшчэ больш выразная карціна ў той жа “Аліварыі”…
Між іншым, вялікая колькасць наведвальнікаў у кафэ, барах і рэстаране – гэта складальнік тавараабароту райпо. Расходы, якія неабходна выдаткаваць на набыццё новай музычнай апаратуры, правядзенне рамонту ўстаноў для адпачынку, хутка акупяцца. А галоўнае, што моладзь будзе адпачываць арганізавана і цікава, а не бавіць час у пошуках сумніўных прыгод.
Можа таму больш даспадобы юным лаўкі ў дварах шматкватэрнікаў, каля гарадскога фантана, аўтобусныя прыпынкі – на свежым паветры ім весялей, камфортней і зручней. А пахаладае? Будуць тады сагравацца градуснымі напіткамі, і, як працяг такога алкагольнага адпачынку – высвятленне адносін, сваркі, перарастаючыя ў бойкі. Каму гэта трэба? Пытанне рытарычнае…
Галіна КАНЬКО