Небяспечны абагрэў
У пятніцу ў рэанімацыйнае аддзяленне Ляхавіцкай ЦРБ з дыягназам “тэрмічныя апёкі цела II-III ступені” быў дастаўлены ляхавічанін 1944 года нараджэння, які праз суткі памёр. Пры правядзенні праверкі ўстаноўлена, што пенсіянер атрымаў несумяшчальныя з жыццём апёкі ў сябе ў доме, калі распальваў цвёрдапаліўны кацёл з дапамогай бензіну. Пацярпелага знайшла яго знаёмая і выклікала хуткую дапамогу. Узгарання памяшкання не было, і дапамога выратавальнікаў не спатрэбілася.
13 студзеня каля 17 гадзін падраздзяленні РАНС спяшаліся на вуліцу Горкага ў райцэнтры – гарэў драўляны дом. Полымя знішчыла дах, перакрыцці, унутраную аддзелку, маёмасць. У агні загінула гаспадыня 1930 года нараджэння. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
Па абодвух выпадках праверкі праводзяць райаддзелы па надзвычайных сітуацыях і следчага камітэта.
Ляхавіцкі РАНС нагадвае, што небяспечна распальваць печы і цвёрдапаліўныя катлы, мангалы лёгкімі на загаранне вадкасцямі. Не ігнаруйце правілы бяспекі. Часцей наведвайце адзінока пражываючых родных, правярайце стан крыніц абагрэву.
Валерый РАВІНСКІ, начальнік РАНС.