Культурныя праспекты
У мінулую пятніцу ў ГДК работнікі культуры раёна падвялі вынікі работы за 2016 год, паставілі задачы і акрэслілі планы на бліжэйшую перспектыву.
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Мікалай Дабрыянец прыгадаў поспехі, дасягненні, яркія падзеі культурнай галіны, падзякаваў калегам за работу, але і звярнуў увагу на болевыя кропкі, якія неабходна “аздараўліваць”.
Наогул, за мінулы год раённай культуры ёсць чым пахваліцца. З больш як 3000 праведзеных мерапрыемстваў 804 арганізаваны на платнай аснове. Сацыяльна-культурныя, асветніцкія, аздараўленчыя, забаўляльныя прапановы, стварэнне ўмоў для заняткаў аматарскай мастацкай творчасцю – аснова дзейнасці 227 клубных фарміраванняў, у якіх задзейнічана каля 2000 чалавек. На пачатак года ў нашым раёне 16 калектываў і творчых аб’яднанняў маюць званне “народны”, “узорны” і “заслужаны”. Пры ўстановах культуры працуюць 77 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, ухіл у якіх робіцца на патрыятычнае і ідэалагічнае выхаванне моладзі, папулярызацыю здаровага ладу жыцця, захаванне і развіццё беларускай культуры. Нашы творчыя калектывы – чаканыя госці на музычных пляцоўках Брэстчыны і не толькі, разнастайных фестывалях, святах і кірмашах. Народная эстрадная студыя “Экспрэс” была запрошана на “Дажынкі” ў Польшчу.
Каб заставацца запатрабаванымі ў насельніцтва, бібліятэкі раёна імкнуцца прыцягнуць чытача не толькі літаратурай і перыёдыкай, але і святамі, сустрэчамі, клубамі па інтарэсах, лялечнымі тэатрамі і многім іншым. Фонд бібліятэк раённай ЦБС налічвае амаль 400000 экзэмпляраў, летась паступіла больш за 10000 новых выданняў, сярод якіх кнігі, у тым ліку электронныя, газеты, часопісы, даведнікі. На гэта з раённага бюджэту пайшло 67804 рублі.
Гаварыў Мікалай Дабрыянец і пра дзейнасць кінавідэасеткі, пра павышэнне самаакупнасці ўстановы. Размова ішла і пра творчыя здабыткі і праблемы дзіцячых школ мастацтваў. Сваю дзейнасць яны прэзентуюць падчас шматлікіх раённых канцэртных праграм. Рабяты і настаўнікі актыўныя ўдзельнікі рэгіянальных, абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Праблемы дзейнасці гэтых устаноў звязаны са змяншэннем колькасці вучняў у вясковых ДШМ, неабходнасцю ўмацавання і абнаўлення матэрыяльна-тэхнічнай базы. І для гэтага робіцца нямала: напрыклад, выдзелены з раённага бюджэту сродкі на набыццё ў Ляхавіцкую ДШМ двух саксафонаў і столькі ж магнітафонаў, выраб вучэбнай дакументацыі, бягучы рамонт школы.
Адзін з асноўных паказчыкаў культработы – аказанне платных паслуг насельніцтву. За мінулы год ён перавыкананы (платных паслуг аказана на суму больш за 98000 рублёў пры плане 95721).
Падзяка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама – клубу аматараў песні, гумару і гульні “Вечарніца” Навасёлкаўскага СДК, ансамблю народнай песні “Берагіня” Дараўскага СДК.
Шмат нашых творчых землякоў было адзначана ганаровымі граматамі і падзякамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.