Аптэка года
Ляхавіцкая цэнтральная раённая аптэка № 56 прызнана лепшай у вобласці па выніках фінансава-гаспадарчай дзейнасці за 2016 год. У конкурсе ўдзельнічалі 16 цэнтральных раённых аптэк Брэсцкага РУП “Фармацыя”.
– Ляхавіцкая ЦРА № 56 – гэта 4 гарадскія і 2 вясковыя аптэкі. У абсалютных лідарах мы ўпершыню, што, канешне, вельмі прыемна і ў той жа час надзвычай адказна, – дзеліцца загадчыца Лідзія Каласоўская і дадае, што ў сістэме працуе 21 чалавек, з іх 6 правізараў і 10 фармацэўтаў.
Сёння ў аптэчным асартыменце каля 4500 найменняў тавараў. Акрамя лекавых сродкаў, доля якіх складае 90 працэнтаў, у продажы вырабы медпрызначэння, парфумерна-касметычныя і іншае. З папаўненнем запасаў ніякіх праблем – па электроннай заяўцы з Брэсцкага абласнога аптэчнага склада лякарства ў гарадскія аптэкі паступаюць 4-5 разоў у месяц, у вясковыя – 2, калі існуе неабходнасць, – і часцей.
На айчынныя прэпараты для пенсіянераў, інвалідаў, мнагадзетных сем’яў і дзяцей да 3 гадоў дзейнічае 5-працэнтная скідка. У мінулым годзе агульны памер скідкі склаў без малога 10500 рублёў. Дарэчы, стэрэатып, што замежныя пілюлі больш эфектыўныя, паступова разбураецца. І гэта абсалютна правільна, таму што эфектыўнасць беларускіх лекаў высокая.
І яшчэ прыемны факт. Калектыў аптэкі № 60, што прапісалася ў паліклініцы, у сваёй чацвёртай катэгорыі (размешчаны ў лячэбных установах) другі год запар у вобласці займае 1 месца. Загадчыца Таццяна Дзянейка і фармацэўт Людміла Шулякоўская ведаюць усе сакрэты прафесіі, працоўны стаж кожнай больш за 2 дзесяцігоддзі. Кіраўніцтва характарызуе іх як адказных, працавітых і вельмі кампетэнтных.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.