Добраахвотна. Патрыятычна. ДТСААФ адзначае 90-годдзе. За гэты час зроблена шмат добрага

Тут сваё летазлічэнне. У адрозненне ад жыццёвага шляху чалавека, у гісторыі прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый не бывае дзяцінства, юнацтва, сталасці, старасці. Прадукцыйна-актыўны ўзрост з моманту нараджэння з’яўляецца аксіёмай іх існавання. Зыходзячы з гэтага, хіба ж не вяха – 90! З улікам значнасці даты на фоне пастаяннай, устойліва высокай запатрабаванасці арганізацыя, народжаная 28 лютага 1927 года як Таварыства садзейнічання абароне, авіяцыйнаму і хімічнаму будаўніцтву, з’яўляецца ўнікальнай. Добраахвотнай. Патрыятычнай.

Час ішоў, мяняліся назвы. Мэты ж і задачы Добраахвотнага таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі, флоту заставаліся велічынёй пастаяннай. Падрыхтоўка насельніцтва да абароны Айчыны, развіццё тэхнічных, ваенна-прыкладных відаў спорту і творчага патэнцыялу моладзі, садзейнічанне патрыятычнаму выхаванню грамадзян – у ліку першых.
Даволі цікавая гісторыя Ляхавіцкай структуры ДТСААФ. Спачатку гэта быў падпарадкаваны Баранавічам спартыўна-тэхнічны клуб. Развіваўся, нарошчваў “мускулы”, каб улетку 1976 года адправіцца ў самастойнае плаванне. Ці думаеце вы, трымаючы шлях па вуліцы Камсамольскай у райцэнтры, міма прысадзістага будынка раённага ДТСААФ, што каранямі ён з ХІХ стагоддзя?
Для тысяч землякоў і, канешне, не толькі іх у гэтых старых сценах пачыналася знаёмства з ваджэннем, адбылася першая спроба руля. Далей – многія тысячы кіламетраў дарог, памножаных на дзясяткі гадоў працоўнага стажу. Яшчэ больш тых, хто не стаў вадзіцелем-прафесіяналам, аднак назаўсёды пасябраваў і падпарадкаваў сабе аўтамабіль. Як сродак перамяшчэння, як прыстасаванне, з дапамогай якога можна скараціць адлег-ласць, сэканоміць час, пашырыць магчымасці.
Іменна на падрыхтоўку аўтамабілістаў прыярытэтна “запраграмавана” і абсталявана Ляхавіцкая раённая аргструктура ДТСААФ. “Аўтобуснікам” вы тут не станеце, а правы ўсіх астатніх катэгорый – калі ласка. Аўтамабіліста-аматара з вас зробяць прыкладна за 3,5 месяца вячэрняга, і не кожны дзень, навучання. Канешне, пры вашым на тое шчырым жаданні, старанні, канцэнтрацыі намаганняў, нацэленасці на вынік. Формула “запісацца   і адбыць”  тут ніяк не праходзіць.
Кваліфікаваныя выкладчыкі і майстры практычнага навучання кіраванню транспартнымі сродкамі, камп’ютарызаваны клас для вывучэння і кантролю ведаў правілаў дарожнага руху, па ўстройстве аўтамабіляў, абсталяваны ў адпаведнасці з патрабаваннямі стандартаў аўтадром, “рухомы” парк.  Калону апошняга складаюць 8 вучэбных аўтамабіляў, 2 з   якіх – грузавыя.
Жыццёвая праўда ў тым, што базавы патэнцыял ДТСААФ выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Сітуацыя, калі попыт на паслугі аўташколы ДТСААФ перавышаў яе магчымасці, апошнім часам змянілася ў некалькі адваротны бок. І гэта не толькі мясцовыя рэаліі, што жадаючых папоўніць рады аўтамабілістаў стала  менш.
Не толькі коламі, але і кулямі вучаць “кіраваць” у раённым ДТСААФ. Секцыя па стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі арганізавана на паях з раённым цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Двойчы на тыдзень некаторыя вучні гарадскіх школ наведваюцца на ДТСААФаўскую базу з мэтай папрактыкавацца ў стральбе з пнеўматыкі. Адзін з класаў на час заняткаў пераабсталёўваецца пад цалкам функцыянальны, у адпаведнасці з усімі нормамі цір. Прыцэл-мушка-цэнтр мішэні, плаўны спуск, дакладнае пападанне.
Што такіх трапных стралкоў сярод  школьнікаў горада і раёна нямала, сведчыць у тым ліку і турнірная практыка. Так, у мінулую сераду прайшло традыцыйнае спаборніцтва, прымеркаванае да Дня абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь “Служу Беларусі”. Школьнікі старэйшых класаў, навучэнцы аграрнага каледжа выпрабоўвалі сябе ў сіле, дэманстравалі спрыт, навыкі снайперскай стральбы. Зброю па традыцыі і па абавязку прадаставіла ДТСААФ, месца правядзення спаборніцтва – цір раённай ДЮСШ. За папулярнасць мерапрыемства гаворыць той факт, што некаторыя школы выступілі дзвюма камандамі, каледж – і таго больш. І хоць галоўная мэта і сутнасць не ў колькасці выбітых ачкоў, спаборніцтва ёсць спаборніцтва. Асабліва дакладнымі былі вучні СШ № 2, гімназіі, Крывошынскай і іншых школ раёна.
А ужо 23 лютага ДТСААФ сумесна з РК БРСМ арганізавалі ваенізаваны конкурс для маладых людзей “Сапраўдны мужчына”. У праграме – тэст на веданне ПДР, стральба з пнеўматыкі, уменне і спрыт у карыстанні процівагазам.
Гэта, канешне, далёка не поўны і не дакладны      пералік спартыўных, патрыятычных, ваенна-патрыятычных      акцый, турніраў, мера-прыемстваў з удзелам Ляхавіцкага ДТСААФ.
Іван КАВАЛЕНКА.
На здымках: заняткі ў  ДТСААФ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *