Увага! Усім пастам… Сёлета спаўняецца 100 гадоў з дня ўтварэння беларускай міліцыі

Удзельнікі круглага стала на чале з начальнікам РАУС Эльдарам Вільчкоўскім (у цэнтры).

Адлік  прафесійных святаў у першым месяцы вясны пачынаецца міліцыяй, якая сёння адзначае свой юбілейны – стогадовы дзень нараджэння. Колькі напісана кніг, знята кінафільмаў і тэлесерыялаў, відэаролікаў  пра службу “дні і ночы”, па якіх  можна прасачыць усю яе гісторыю. Людзі ў міліцэйскай форме заступаюць на дзяжурствы, выязджаюць на здарэнні, сочаць за парадкам на дарогах і вуліцах вёсак і гарадоў, забяспечваюць паўсюдны спакой і бяспеку.  Яны нярэдка рызыкуюць здароўем, а то і жыццём, уступаючы ў супрацьборства са злачыннасцю ва ўсіх яе праяўленнях. Можа таму кожны міліцыянер асабліва даражыць любым імгненнем, праведзеным разам са сваёй сям’ёй, роднымі і блізкімі.

Пра міліцэйскія будні і святы, пра рысы характару, што вызначаюць тых, хто служыць у органах унутраных спраў, пра сябе і калег расказваюць  супрацоўнікі Ляхавіцкага РАУС.
Эльдар ВІЛЬЧКОЎСКІ,  начальнік РАУС:
– Слаўная гісторыя ў нашага райаддзела. Першыя атрады міліцыі былі створаны адразу пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Працягваюць выконваць адказную місію сённяшнія вартавыя правапарадку.
Ляхавіцкі РАУС чатыры разы за апошнія шэсць гадоў прызнаваўся лепшым сярод аналагічных падраздзяленняў Брэстчыны, за што ўзнагароджваўся пераходным кубкам імя Валерыя Асташонка. Лідзіруючыя пазіцыі трымаюць і асобныя службы ляхавіцкай міліцыі.  Шмат пакаленняў упісвалі свае старонкі ў гэты летапіс мужнасці. Па выніках мінулага года аддзяленне крымінальнага вышуку прызнана лепшым у вобласці і краіне.  Такі добры вынік абавязкова павінен мець працяг. Тым больш, што ўмовы для работы міліцыянераў не проста палепшыліся, а сталі надзвычай камфортнымі. Шыкоўны будынак на вуліцы Дзесюкевіча, 43 у райцэнтры – новы  міліцэйскі адрас.
Перада мною ніколі не стаяў выбар, кім быць. Толькі міліцыянерам, як мой бацька.   Хаця з дзяцінства ведаў, што міліцэйская служба цяжкая, адказная, кругласутачная. Бачыў гэта штодня – бацька  то на дзяжурстве, то на следчых мерапрыемствах. Марыў быць  падобным на яго.   Ён і сёння, хаця на пенсіі, для мяне, акрамя ўсяго іншага, аўтарытэтны прафесіянал.  Менавіта бацьку першаму сказаў, што хачу прадоўжыць яго справу. Пасля  школы   паступіў у Акадэмію МУС – стаў курсантам следча-экспертнага факультэта. Па размеркаванні быў накіраваны ў  Баранавіцкі гараддзел следчым. Як толькі з’явілася магчымасць перайшоў у крымінальны вышук. За восем гадоў прайшоў шлях ад оперупаўнаважанага да намесніка начальніка РАУС.  Аператыўная работа пераканала, наколькі важна і вынікова пры расследаванні любога злачынства, ад крадзяжа да забойства, не толькі правільна ацаніць сітуацыю, але і знайсці даверлівы кантакт з пацярпелымі, сведкамі, псіхалагічны – з падазроным.
Па жыцці я максімаліст, пакуль не давяду да завяршэння справу, не спынюся. Такіх жа адносін да службы патрабую і ад сваіх калег.
Нашы шаноўныя ветэраны – нашы заўсёдныя памочнікі, іх парады, дапамога –  лепш любога падручніка. І яшчэ адна ўплывовая акалічнасць –  надзейны тыл, якім з’яўляецца сям’я: для нас важна ведаць, што дома чакаюць, любяць.

Віталій ДАВІДОЎСКІ,
начальнік аддзялення  крымінальнага вышуку:
–  Самы высокі ў рэспубліцы працэнт раскрывальнасці (летась са 127 зарэгістраваных у раёне злачынстваў 101 раскрыта), прызнанне па выніках  мінулага года сярод падраздзяленняў аналагічнай катэгорыі лепшымі крыміналістамі вобласці  і краіны – вынік  нашай працы, у якім заслуга  ў першую чаргу супрацоўнікаў аддзялення крымінальнага вышуку. Крыміналісты расследуюць эканамічныя злачынствы, забойствы і замахі на іх,  грабяжы і махлярствы, угоны транспартных сродкаў, крадзяжы.  І робяць гэта  аператыўна, прафесійна і толькі па літары закону. Сёння для выяўлення і раскрыцця злачынстваў выкарыстоўваем сучасныя тэхнічныя і экспертныя магчымасці, але ніякія навейшыя распрацоўкі не заменяць у рабоце  самага каштоўнага – сышчыка-прафесіянала.
Асабіста для мяне лёсавызначальным стаў  дзень, калі ў Альхоўскую СШ, дзе вучыўся, прыехаў колішні намеснік начальніка РАУС  Уладзімір Грахоўскі і расказаў пра службу ў міліцыі. Пасля вучобы з дыпломам Акадэміі міліцыі я размеркаваўся ў аддзяленне крымінальнага вышуку Ляхавіцкага райаддзела.
Пашчасціла рабіць першыя крокі ў прафесіі побач і пад кіраўніцтвам вопытных  калег Віталія Андрушкевіча, Аляксандра Бурбіцкага, Вадзіма Зубіка,  Анатолія Ушко.  Цяпер сам веды і вопыт перадаю маладым калегам.
Андрэй ПЕРАХОД,  начальнік АДАІ:
– Паставыя дарог – гэта ў тым ліку і пра невялікі калектыў нашага аддзялення дзяржаўтаінспекцыі. Наша  галоўная задача –  не штраф аформіць, пакараць, а прымусіць удзельнікаў дарожнага руху зразумець, што незахаванне правілаў можа прывесці да трагедыі. І прафілактыка, шматлікія рэйды, аперацыі,  сустрэчы ў працоўных калектывах, са школьнікамі і студэнтамі даюць рэальныя  вынікі. На карысць дысцыпліны на дарозе больш жорсткія меры, у прыватнасці, адносна вадзіцеляў за паўторнае кіраванне транспартнымі сродкамі ў стане алкагольнага ап’янення.
Не адно пакаленне нашай сям’і непарыўна звязана са службай у органах унутраных спраў. Бацька, дзядзькі, родны і стрыечны браты служылі ці служаць у міліцыі,  калі дакладней – у  дзяржаўтаінспекцыі і крымінальным вышуку. Так што ў мяне іншага шляху не было – толькі на дарогу! А калі сур’ёзна, то гэта – мая прафесія. Пасля заканчэння школы паступіў у Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, атрымаў дыплом юрыста, з якім і прыйшоў на службу.
Аляксандр ЧУРЫЛАЎ,
старшы інспектар інспекцыі  па справах непаўналетніх:
– Яшчэ калі быў участковым у Конькаўскім сельсавеце, асаблівую ўвагу звяртаў на работу з неўладкаванымі сем’ямі.  Перакананы, што першаснасць у выхаванні – за сям’ёй, потым ужо школа, уплыў сяброў, вуліцы. Чаму можа навучыцца хлопчык ці дзяўчынка, калі амаль штодня бачаць, як бацька нідзе  не працуе, выносіць рэчы з дому, каб абмяняць на гарэлку, здзекуецца з маці. Пра якое шчаслівае дзяцінства можна ў такім выпадку гаварыць?  З 22  рабят, якія стаяць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх, амаль усе з неўладкаваных ці няпоўных сем’яў.  Зрабіць усё магчымае, каб яны не сталі парушальнікамі ці злачынцамі, станоўча паўплываць на сітуацыю ў сям’і – задача  цяжкая, але небезнадзейная.
І хоць на цяперашнім участку я яшчэ  навічок, працую старшым інспектарам інспекцыі па справах непаўналетніх усяго  другі месяц, служба для мяне не новая, гэта, па сутнасці, працяг многіх абавязкаў участковага.
Віталій ДАБРАЧЫНСКІ,
в.а. начальніка аддзялення  аховы правапарадку і прафілактыкі:
– Чаму б і мне не стаць міліцыянерам, падумаў, калі пачуў ад свайго  аднакурсніка па ваенным вучылішчы, што той збіраецца  стаяць на варце правапарадку.Тым больш, што мама была “за”.
Пачынаў службу ў сталічным райаддзеле, вучыўся ў Акадэміі міліцыі, працаваў участковым у Баранавічах.Дарэчы, служба ўчастковых інспектараў асаблівая, сказаў бы – універсальная. Даводзіцца і злачынцаў затрымліваць,  і хатніх скандалістаў, і хуліганаў утаймоўваць,  і прафілактыкай займацца, дапамагаць вырашаць многія іншыя праблемы. Менавіта з участковым грамадзяне сустракаюцца найчасцей, таму па іх у значнай ступені мяркуюць пра міліцыю. Сёння ў Ляхавіцкім РАУС 13 участковых міліцыянераў. Прыклад бездакорнай службы паказваюць Сяргей Ісаханаў, Яўгеній Вайшэвіч, Сяргей Хмарук.
Яўгеній КОТАЎ,
участковы інспектар міліцыі:
– У маім выбары прафесіі ўсё вызначыў выпадак.  Намеснік начальніка РАУС Сяргей Пажога на гадзіне прафарыентацыі так расказваў пра міліцэйскія будні, што я  вырашыў паступаць у Акадэмію міліцыі.  Дарэчы, яшчэ два маіх аднакласнікі, выпускнікі Конькаўскай школы, звязалі свой лёс з органамі ўнутраных спраў:  Андрэй Лапкоўскі – участковы інспектар  у Востраўскім сельсавеце, Раман Якжык стажыруецца ў Баранавіцкім РАУС. Цяпер у Ляхавіцкім райаддзеле два Котавых: сюды на стажыроўку прыйшоў і мой малодшы брат Дзмітрый, курсант Акадэміі МУС. Ганаруся тым, што я ўчастковы. Сустрэчы, гутаркі, прафілактычная работа, выезды на месца здарэння – участковы павінен аператыўна паспець усюды. Мне пашанцавала на настаўніка. У старшага ўчастковага інспектара маёра міліцыі Сяргея Ісаханава ёсць чаму павучыцца.
Эльдар ВІЛЬЧКОЎСКІ:
– Шчыра віншую  супрацоўнікаў  і ветэранаў Ляхавіцкага РАУС з сотым днём нараджэння міліцыі. Жадаю ўсім моцнага здароўя,  трываласці, аптымізму, паспяховай службы, радасці і разумення ў сем’ях.
Запісала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Калектыў Ляхавіцкага РАУС неаднаразова прызнаваўся лепшым сярод райаддзелаў вобласці і краіны. Чатыры разы пераходны кубак імя Валерыя Асташонка за высокую эфектыўнасць аператыўна-службовай дзейнасці органаў унутраных спраў у папярэджанні і раскрыцці злачынстваў прысуджаўся нашаму райаддзелу. Лепшымі ў сваіх катэгорыях па выніках абласнога спаборніцтва прызнаваліся аддзяленне дзяржаўтаінспекцыі, група тылавога забеспячэння. Сярод самых выніковых па раскрывальнасці злачынстваў у краіне – аддзяленне крымінальнага вышуку РАУС.

У лістападзе 2013 года ляхавіцкія міліцыянеры адсвяткавалі наваселле.   Па вуліцы Дзесюкевіча, 43    у райцэнтры ў сучасным, узведзеным па інвестыцыйнай праграме за сродкі рэспубліканскага бюджэту будынку, аснашчаным спецыяльна распрацаванымі сродкамі сувязі і сігналізацыі, сістэмай відэаназірання, камфортна размясціліся ўсе падраздзяленні. Знайшлося месца і для музея міліцыі, дзе ўжо сабрана больш за 200 экспанатаў, па якіх можна прасачыць міліцэйскую гісторыю ад пасляваеннага часу да нашых дзён.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *