Розныя адценні “сіняга”

“Ільняная” тэма застаецца на слыху на працягу ўсіх апошніх гадоў. Яе гучанне мяняе адценні, то ўзмацняецца, то слабее на некаторы час, аднак жа, не страчвае сваю актуальнасць. Мадэрнізацыя ці якасная пад патрабаванні часу перабудова галіны свой эфект, канешне, мае: і ў плане вырошчвання і нарыхтоўкі льну, і што тычыцца яго перапрацоўкі. Так, на палеткі прыходзіць прынцыпова новая тэхніка, паступова адбываецца тэхнічнае перааснашчэнне перапрацоўчых вытворчасцяў. Апошняе, дарэчы, з’яўляецца асабліва складанай і ва ўсіх сэнсах дарагой задачай. Аднак – абсалютна неабходнай.
Сённяшнім днём гаспадаркі-льнаводы працягваюць яго нарыхтоўку. Справа рухаецца да завяршэння: па стану на канец верасня прыкладна з 95 працэнтаў, што раўняюцца 1491 гектару, палеткаў раёна траста ўжо ўбрана і вывезена. З 9 сёлетніх арганізацый-вытворцаў культуры ўборачныя клопаты ў поўным аб’ёме завяршылі СВК Дарава”, “Шлях новы”, “Востраў-Агра”, ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс” і “Ляхавіцкі льнозавод”.
Названае апошнім прадпрыемства з’яўляецца не толькі пера-працоўшчыкам, а і дамінантным на Ляхавіччыне сейбітам культуры: сёлета пад ёй было занята 803 гектары плошчаў, а гэта больш, чым у астатніх разам узятых гаспадарках. Як адзначыў дырэктар акцыянернага прадпрыемства Дзмітрый Скакун, у бягучым сезоне з уласных палеткаў завод здолеў нарыхтаваць 1921 тону льнотрасты. Пры гэтым яе якасныя характарыстыкі адпавядаюць у сярэднім нумару 1,1. Увогуле, па словах дырэктара, год выдаўся няпростым. Спякотны пачатак лета памятаецца добра: на значных плошчах культура падгарэла яшчэ да таго, як паспела канчаткова сфарміравацца. Адсюль і недаўраджай, і недабор якасці. Апошняе найбольш паказальна на прыкладзе трасты, што паступіла на завод з сельгасарганізацый: сярэдні паказчык яе спажывецкіх характарыстык адпавядае нумару 0,86. Хаця ў патэнцыяле можа даходзіць і да паўтары адзінкі. Завод жа, па словах дырэктара, у паказчыку якасці вый-граў дзякуючы выкарыстанню іншага насеннага матэрыялу. 550-гектарны кавалак поля знаходзіўся пад высокаўраджайным французскім насеннем.
Акрамя саманарыхтоўкі, паступленняў з гаспадарак свайго раёна, у плане назапашвання сыравіны льнозавод супрацоўнічае таксама з сельгаспрадпрыемствамі Баранавіцкага. Ад суседзяў прынята ўжо 600 тон прадукцыі. Агульны баланс свежых сыравінных запасаў на даны момант складае 4337 тон ільнотрасты. Ёсць і “не апошняй свежасці” – застаецца неперапрацаванай частка трасты ўраджаю мінулага году.
За апошнія літаральна некалькі гадоў парк ільнонарыхтоўчай тэхнікі заметна абнавіўся. Далёка не ўсе, канешне, ільновытворцы атрымалі магчымасць ці дазволілі сабе пакупку нечага асаб-ліва новага: дорага, ды і ці ёсць у тым патрэба, калі пасяўныя плошчы складаюць некалькі дзясяткаў гектараў? Іншая справа, калі гэтых гектараў блізка да тысячы, як ў выпадку з ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. У нашым раёне іменна тут сабрана самая ў межах даступнасці перадавая падрыхтоўча-нарыхтоўчая тэхніка. Так, сёлетні сезон стаў другім палеткавым для чатырох самаходных ільноабарочвальнікаў. У арсенале таксама 3 самаходныя льноцерабілкі, 2 самаходныя льнокамбайны. Раней, як вядома, агрэгаты, што выконвалі падобныя аперацыі, самаходнымі магчымасцямі не валодалі, працавалі ў камбінацыі з трактарам.
Даводзілася быць сведкам нараканняў у адрас самаходнай ільнонарыхтоўчай тэхнікі. Маўляў, спраектаваная і сабраная ў значнай ступені з выкарыстаннем імпартных камплектуючых, яна, па-першае, каштуе вельмі дорага. Па-другое, бельгійскія мадэлі, а іменна яны сталі прататыпамі, сканструяваны пад ідэальна роўнае поле, пад пэўную колькасць раслін на квадратным метры. Названыя параметры ў нас выконваюцца, мякка кажучы, не заўсёды. У тым ліку і гэта правакуе частыя паломкі. Па словах Дзмітрыя Скакуна, цэны на самаходную тэхніку сапраўды балюча кусаюцца. Найбольш дарагім экземплярам з’яўляецца льноцерабілка. Што да надзейнасці, то ні з ёй, ні з ільноабарочвальнікам ніякіх праблем у працэсе іх эксплуатацыі на льнозаводзе не ўзнікала.
Але ж не сельскагаспадарчы вектар з’яўляецца галоўным напрамкам вытворчай дзейнасці ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. Гэта нешта накшталт падсобнай гаспадаркі. Дзякуючы ёй, з’яўляецца магчымасць аслабіць ступень залежнасці прадпрыемства ад пастаўшчыкоў сыравіны. Да таго ж, вырашчанае на ўласным “агародзе”, як правіла, абыходзіцца танней купленага на рынку. Адпаведна, пры іншых роўных абставінах больш выгадным атрымліваецца і сабекошт канчатковага прадукту. Канчатковы ж прадукт ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” – ільновалакно – выходзіць з канвеера перапрацоўчага цэха. Параўнальна нядаўна стары канвеер быў заменены. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, замест старой вытворчай лініі была ўстаноўлена новая. У патэнцыяле вытворчыя магчымасці новага абсталявання прыкладна такія ж, як і ў папярэдняга. Выйгрышным момантам з’яўляецца той факт, што новае і ёсць новае: не зношанае, адказы здараюцца параўнальна рэдка.
Важным паказчыкам работы прадпрыемстваў першаснай перапрацоўкі льну з’яўляюцца суадносіны выхаду так званага доўгага – чым больш, тым лепш – і кароткага валакна. З канвеера ляхавіцкіх ільноперапрацоўшчыкаў зараз сыходзіць каля 22 працэнтаў валакна доўгага. Няшмат, і дырэктар сам гэта прызнае: “Пажадана было б мець хоць 30 працэнтаў”. У гэтай сувязі лагічным падаецца звярнуць увагу на адзін з варыянтаў праекта Комплекснага бізнес-плана развіцця льняной галіны Беларусі ў 2011–2015 гадах. Там, у прыватнасці, шмат увагі засяроджвалася на неабходнасці тэхнічнага пераўзбраення. У тым ліку і з мэтай у 2015 годзе мець магчымасць перапрацоўваць трасту ў лён у суадносінах да 50 працэнтаў доўгага валакна.
З кадрамі на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод” вырашана не ўсё. Не хапае, прызнаецца Дзмітрый Усеваладавіч, механізатараў, ёсць вакансіі і сярод работнікаў змен. Дарэчы сказаць, зараз перапрацоўчы цэх завода працуе ў 6 машына-змен. Інакш кажучы, кругласутачную загрузку маюць зараз абодва вытворчыя патокі.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *