Комплекснае меню

Не навічок у кіраванні машынай для ўнясення вадкіх удабрэнняў "Раса" механізатар ААТ "Шлях новы" Андрэй Бабко.

Пакуль не закіпеў, але пастаўлены ўжо на агонь і знаходзіцца ў стадыі прагравання. Гэта пра сельскагаспадарчы кацёл, ранневеснавое “варыва”, якое характарызуецца вялікай колькасцю інгрэдыентаў. Тут і крупы ў якасці насення самых розных груп, відаў, рэпрадукцый, і жалеза, і хімія, і многае іншае. А аснова – зямля, базавая ўрадлівасць якой у кожным сельгаспрадпрыемстве свая.

Але на колькі б балаў яна ні ацэньвалася, без дастатковага ўтрымання вільгаці на стадыі пасеву разлічваць на добры ўраджай –    саманадзейная справа. Адной з задач дня   і з’яўляецца абарона глебы ад “выветрывання”    жыва- і ўраджаетворнай вільгаці. На мове аграрыяў гэта называецца закрыццё, у чым вяскоўцы зараз таксама практыкуюцца. Прайшоўшая зіма не была бясснежнай, але і асабліва снежнай яе не назавеш. У сувязі з чым важна па-максімуму захаваць вільгаць на полі. Простае баранаванне або баранаванне з выкарыстаннем шлейфаў, акрамя таго, што “бароніць” ваду на паверхні глебы ад сонечных промняў і ветру, – выраўноўвае палетак. І першае, і другое ў стане павысіць ураджайнасць на  цэнтнер-другі пры аднолькавасці ўсіх іншых падыходаў. Гэтым “грашаць” “Жарабковічы”, ільнозавод, “Белпрампрыбор”, “Ліпнянка” і іншыя, колькасць якіх расце з кожным пагодлівым днём.

Хто недаараў з восені – вымушаны гэтым часам “запрагаць” трактары ў плугі. Васьмікорпусныя (а іменна такія агрэгаты атрымалі апошнім часам найбольшае распаўсюджанне) у шчэпцы з рознай мадыфікацыі цяжкімі трактарамі за адзін праход пакідаюць на полі шырокую, нібы дарога, узараную паласу.

Але найбольшы размах на сельскагаспадарчых палетках у гэтыя дні атрымалі падкормачныя работы. У якасці пажыўнай прыправы выступаюць азотныя, фосфарныя, калійныя ўдабрэнні. Іх чакаюць, атрымоўваюць і з “зялёнай удзячнасцю” адгукаюцца на ўнясенне азімыя зерневыя, рапс, плошчы, занятыя пад шматгадовымі травамі, будучымі сенакосамі і пашай. Найбольшая падкормачная актыўнасць, мяркуючы па статыстыцы, назіраецца ва ўгоддзях СВК “Ляхавіцкі”, ААТ “Жарабковічы”, “Шлях новы”, ДП “Нача”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, дзяржагракаледжа, іншых гаспадарак раёна.

У бліжэйшых планах ляхавіцкіх аграрыяў – пасеяць ледзь ці не 3000 гектараў шматгадовых траў. “Белпрампрыбор” адсеяўся травамі ці не на двухстах гектарах,  “Шлях новы” – на сотні, у “Начы” прытрымліваюцца іншых тэмпаў, але і планавыя абавязкі ў іх іншыя.

Канешне, асноўнай прапановай сакавіцкага сельскагаспадарчага меню з’яўляецца сяўба ранніх яравых зерневых і зернебабовых. У бягучым  сезоне імі запланавана засеяць ледзь каля 8000 гектараў сельгасплошчаў. “БелДан”, “Жарабковічы”, “Шлях новы”, райаграсэрвіс з’яўляюцца найбольш буйнымі сеяльшчыкамі. А самымі раннімі –  КСУП “Ліпнянка” і “Востраў-Агра”. І гэта ў    пэўнай ступені прыродны фактар, што сяўба ярыны пачынаецца ў раёне з найбольш “хуткаспелых” земляў той часткі Ляхавіччыны. “Ліпнянка”, пра што “ЛВ” паведамляў, першая пачала і, што тычыцца сяўбы аўса, першая закончыла. “Востраў-Агра” прыняў эстафету наступным і дастаткова адчувальна “прасунуўся” ўжо на сваім этапе.

Хто наступны?

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *