Усе пытанні галоўныя
Работу ў акрузе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык не абмяжоўвае прыёмам грамадзян па асабістых пытаннях і ўдзелам у раённых мерапрыемствах, хаця гэту форму лічыць эфектыўнай, важнай, патрэбнай. У мінулую сераду член парламента пабываў у некалькіх працоўных калектывах, пацікавіўся станам вясковых сацыяльных аб’ектаў, пытаннямі добраўпарадкавання. Але спачатку абмеркаваў бягучыя пытанні са старшынёй раённага Савета дэпутатаў Яўгеніем Юрлевічам. Такое ўзаемадзеянне, бясспрэчна, на карысць справы.
Першай кропкай на маршруце дэпутатаў стаў аграгарадок Русінавічы, акуратны, дагледжаны, з развітай сацыяльнай інфраструктурай, адным з аб’ектаў якой з’яўляецца райпоўскі магазін з выдатным асартыментам тавараў. Леанід Цупрык пацікавіўся арганізацыяй гандлёвага абслугоўвання насельніцтва, адзначыў і такі станоўчы момант, як работа гандлёвай кропкі па нарыхтоўцы другаснай сыравіны: аб’ява ў магазіне тлумачыць умовы закупу яе ад насельніцтва.
У адной з буйнейшых вёсак раёна – Крывошыне – член парламента і кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна пабывалі спачатку ў тутэйшай участковай бальніцы, дзе цікавіліся ўмовамі лячэння, якія створаны тут для мясцовых жыхароў (у гэтай медустанове ёсць стацыянар на 10 ложкаў для тэрапеўтычных хворых і 25 ложкаў сястрынскага догляду), абмеркавалі з галоўным урачом установы рабочыя пытанні.
А ў абласной бальніцы сустрэліся з працоўным калектывам. Леанід Цупрык зрабіў справаздачу аб дэпутацкай дзейнасці, гаварыў непасрэдна аб рабоце ў парламенце, выбарчай акрузе, засяродзіў увагу на стварэнні новых працоўных месцаў у сельскай мясцовасці. На ўсе пытанні, якія паступілі ў яго адрас, дэпутат Палаты прадстаўнікоў даў вычарпальныя адказы.
У аграгарадку Дарава аб’ектам увагі дэпутатаў быў стан добраўпарадкавання, прычым не толькі населенага пункта, але і дарог.
Вольга БАРАДЗІНА.