Выратавалі пажарныя і суседзі
10 сакавіка познім вечарам жыхар Зубелевічаў прыбег да аднавяскоўцаў з просьбай вызваць пажарных. Калі выратавальнікі прыбылі на месца здарэння, гарэлі веранда, кухня і спальня ў ягоным доме. Агнём пашкоджаны дах, пакоі і маёмасць. Папярэдняя прычына пажару – парушэнне правілаў бяспекі пры эксплуатацыі печы. Высветлілася, што вечарам мужчына павесіў ля яе сушыцца адзенне. Затушыць агонь самастойна не атрымалася. З тэрмічнымі апёкамі вясковец быў шпіталізаваны ў райбальніцу.
Праз 4 дні Зубелевічы зноў трапілі ў зводкі надзвычайных сітуацый. Напачатку шостай гадзіны раніцы пільныя суседзі патэлефанавалі на нумар 101: гарыць піларама, якая належыць прыватнаму гандлёва-вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству. Агнём пашкоджаны дах на плошчы 130 квадратных метраў, дрэваапрацоўчы станок. Прычына пажару ўстанаўліваецца.
У гэты ж дзень каля 14 гадзін пажарныя машыны імчалі па цэнтральнай вуліцы Ляхавічаў. Як паведамілі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, здарэнне адбылося ў доме 46а, у кватэры на другім паверсе. На падаконніку балкона стала тлець ануча, якая ляжала каля слоіка з вадой. У сонечны дзень шкло спрацавала як лінза – тканіна пачала дымець. Суседзі з сумежнага балкона разбілі шкляную перагародку і затушылі крыніцу небяспекі. Прыбыўшыя выратавальнікі пераканаліся ў адсутнасці ўзгарання і дачакаліся гаспадара кватэры, з якім правялі гутарку па бяспецы жыццядзейнасці.
Са зводкамі РАНС знаёмілася Наталля ПЕРАПЕЧКА.