На зубок. 20 сакавіка Сусветны дзень здароўя поласці рота
Здаровыя зубы – здаровы арганізм. А якія складнікі ў гэтага? Простае пытанне, адкажуць амаль усе: неабходна карыстацца зубной ніткай раз у дзень, чысціць зубы шчоткай два разы ў дзень і рэгулярна наведваць стаматолага. Але гэта далёка не ўсё, сцвярджае стаматолаг-хірург паліклінікі Ала Праневіч і дае парады землякам.
Для падтрымання здароўя зубоў важную ролю таксама адыгрывае збалансаванае харчаванне. Вядома, што цукар псуе зубы, але мала хто ведае, чаму гэта адбываецца. У норме ў кожнага чалавека ў роце жывуць бактэрыі, якія пастаянна ўтвараюць мяккі зубны налёт. Калі гэтыя бактэрыі атрымліваюць цукар, крухмал ці іншыя вугляводы, яны пачынаюць выпрацоўваць кіслату, якая атакуе зубы. Кожная такая карыесагенная “атака” можа доўжыцца да 20 мінут пасля таго, як вы перакусілі. На працягу гэтага перыяду эмаль на зубах раствараецца пад уздзеяннем кіслот і слабее. Менавіта ў гэты час можа пачацца фарміраванне карыёзнай поласці ў зубе. Значыць, чым часцей вы спажываеце салодкае на працягу дня, тым большае ўздзеянне кіслот адчуваюць вашы зубы.
Правільнае харчаванне супраць карыесу
Для забеспячэння здароўя зубоў у штодзённае меню абавязкова павінны быць уключаны свежая і адварная агародніна, фрукты і фруктовыя сокі (пажадана разведзеныя вадой для зніжэння актыўнасці арганічных кіслот), мяса, рыба, малочнакіслыя прадукты і зяленіва. Колькасць салодкага і хлебабулачных вырабаў у рацыёне неабходна звесці да мінімуму.
А калі вы не ўяўляеце свой дзень без салодкіх ласункаў, старайцеся ўжываць іх пры асноўным прыёме ежы, а не ў перапынку паміж ядой. Пазбягайце ежы, якая ліпне да зубоў, паколькі такія прадукты павышаюць узровень ўтварэння зубнога налёту.
Сачыце за разнастайнасцю харчавання. Гэта гарантуе, што з розных прадуктаў у арганізм будуць паступаць мікраэлементы, неабходныя для здароўя поласці рота, – кальцый, фосфар, фтор.
Фтор – у дапамогу
Калі эмаль зубоў падвяргаецца атацы кіслот, якія выпрацоўваюцца бактэрыямі зубнога налёту, менавіта тут і патрэбен фтор. Ён трапляе на зубы і назапашваецца на паверхні эмалі, што дапамагае аднавіць яе і папярэдзіць разбурэнне зуба.
Як знізіць кіслотную “атаку” на зубы
Каб убраць з ротавай поласці рэшткі салодкага і бактэрыі, неабходна дасканала чысціць два разы ў дзень зубы пастай, якая ўтрымлівае фтор. А штодзённае карыстанне зубной ніткай зябяспечвае ачыстку міжзубнай прасторы – галоўнага сховішча бактэрый.
Калі вы знаходзіцеся не дома і не можаце пачысціць зубы, эфектыўным з’яўляецца выкарыстанне апалосквальніка для поласці рота.
У якасці дадатковага сродку гігіены поласці рота можна выкарыстаць жавальную гумку.