Ветэранскае сугучча. Ляхавіцкая раённая арганізацыя адзначыла 30-годдзе
У мінулую пятніцу ў гарадскім Доме культуры ўрачыста і святочна адзначылі 30-годдзе раённай арганізацыі Беларус-кага грамадскага аб’яднання ветэранаў, да членаў якога паважліва звяртаюцца як да “старой гвардыі” – са спасылкай не на ўзрост, а на заслужанасць, мудрасць і веданне жыцця.
Старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч ад імя мясцовай улады павіншаваў ветэранаў і ўручыў Падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета актывістам ветэранскага руху.
Цёпла вітаў калег, гаварыў пра гісторыю станаўлення арганізацыі, пра безліч ідэй і тое, што наперадзе шмат спраў, у цэнтры якіх – пажылы чалавек, старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць.
Быць ва ўзросце – не толькі звацца дзядулем і бабуляй. Гэта значыць мець вопыт і падзяліцца ім з маладымі, знайсці цікавы занятак і авалодаць яго сакрэтамі, паспытаць сябе ў творчасці, быць цікавым для іншых.
Шмат гадоў узначальвае пярвічку начаўскіх ветэранаў Міхаіл Варановіч. Часта сустракаецца з мясцовымі школьнікамі. Пад уплывам такіх сустрэч многія з рабят па-новаму адкрываюць для сябе малую радзіму, яе сённяшні дзень і гісторыю. Напрыклад, не ўсе ведалі, што памятнік перад Начаўскім СДК выкананы па праекце Мікалая Якавенкі і сімвалізуе працоўны подзвіг людзей, якія заваявалі Перамогу і аднавілі народную гаспадарку. Скульптура з’явілася, дзякуючы племзаводу “Нача”. Каб зберагчы памяць пра герояў, па крупінках збіралі звесткі пра іх подзвіг, аднаўлялі прозвішчы загінуўшых землякоў.
На юбілейнай урачыстасці агучана радасная вестка: Міхаілу Лявонцьевічу за актыўную шматгадовую плённую работу ў ветэранскай арганізацыі і ўдзел у патрыятычным выхаванні моладзі ўручана пасведчанне “Ганаровага ветэрана” Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Гутарыць з цікавымі і нераў-надушнымі землякамі – адно задавальненне. Марыя Тамашэўская амаль 10 гадоў была дырэктарам кінатэатра “Кастрычнік”. Узгадвае, як у 80-ыя людзі любілі кіно і ішлі на сеансы сем’ямі. Колькі сустрэч ладзілася, разнастайных мерапрыемстваў. У “Кастрычніку” пасля выхаду фільма “Вазьму твой боль” выступаў знакаміты рэжысёр, наш зямляк Міхаіл Пташук, які расказваў пра здымкі, гаварыў пра вайну і мір…
Многія падрабязнасці, звязаныя з гісторыяй і лёсам гарадскіх-раённых аб’ектаў, можна даведацца з вуснаў людзей, якія ўдзельнічалі ў іх стварэнні і станаўленні.
Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога савета ветэранаў ўзнагароджана старшыня ветэ-ранскай пярвічкі аграрнага каледжа Аляксандра Матчэня, граматай раённага савета ветэранаў –
старшыні Жарабковіцкай пярвічкі Ніна Праневіч, Валянціна Паўлоў-ская (РКЦ №35 Белаграпрамбанка), Валянціна Чаранкевіч (рай-аграсэрвіс), Таццяна Таранда (завод “Металапластмас”), член прэзідыума раённага савета ветэранаў Генрых Траццяк.
У аглядзе-конкурсе на лепшую пярвічку першае месца ў ветэранаў аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама (старшыня Кацярына Легеда), другое месца раздзялілі ветэраны ЛДАКа (Аляксандра Матчэня) і фізічнай культуры і спорту (Станіслаў Жагунь), трэцяе – Крывошынскага сельсавета (старшыня Людміла Лешык).
Шчымлівы момант: кветкі ад дзяцей ганаровым гасцям свята – ветэранам Вялікай Айчыннай вайны і былым вязням фашысцкіх канцлагераў.
Свае творчыя віншаванні дарылі юбілярам самадзейныя артысты, выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Атмасфера ў зале была цёплай і ўтульнай, нібы сабралася вялікая сям’я на дзень нараджэння блізкага і дарагога чалавека.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.