Галоўнае адкрыццё яшчэ наперадзе
Генрых Траццяк – асоба ў нашым раёне вядомая. Ён ва ўсе часы быў у гушчыні падзей, заўжды першы, генератар цікавых задумак і ініцыятар новаўвядзенняў, многія з якіх прыносілі слушны вынік. Напрыклад такі: за дзесяцігоддзе – з канца 70-х да пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя – ураджайнасць зерневых у калгасе імя Ламаносава Ляхавіцкага раёна вырасла з 9 да 63 цэнтнераў з гектара. Гэта атрымалася не толькі дзякуючы руплівай, нястомнай працы тутэйшых людзей, але, у першую чаргу, граматнаму кіраўніцтву старшыні Траццяка. Сваё важкае слова сказала і навука, зноў жа ў асобе Генрыха Міхайлавіча.
Працоўная біяграфія ў калгасе 32-гадовага навуковага супрацоўніка Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, ды-пламаванага спецыяліста-аграрыя пачалася з 1969 года. Новы галоўны аграном цвёрда верыў, што навука без практычнага прымянення мала чаго вартая. На 10 калгасных гектарах было закладзена доследнае поле: элітнае насенне ячменю “маскоўскі-121” Траццяк выпісаў спецыяльна. Акрамя гэтага сорту знайшлося месца і для насення замежнай селекцыі.
– Без аптымальнай і спецыяльна падабранай індывідуальна для кожнага сорту і віду насення дозы мінеральных удабрэнняў дасягнуць высокай ураджайнасці нават на ўрадлівай глебе цяжка, – тлумачыць Генрых Міхайлавіч.
Галоўны аграном, які апантана шчыраваў на эксперыментальным участку, сваімі доследамі зацікавіў калгаснікаў: прыходзілі, назіралі, раілі. І разам радаваліся, калі ўраджайнасць ячменю склала 18 цэнтнераў на круг. Гэта была першая, але, як паказаў час, далёка не апошняя перамога. Вяскоўцы паверылі Траццяку і праз год абралі яго старшынёй. Малады кіраўнік не збіраўся “завязваць” з навукай, імкнуўся ўкараніць яе дасягненні і распрацоўкі ў практыку.
– Павелічэнне ўраджайнасці дазволіла назапасіць добрую кармавую базу. Адпаведна павысіліся надоі і прывагі. Пачалі будаваць новыя фермы і вытворчыя памяшканні. Узводзілася жыллё, асфальтаваліся дарогі, газіфікаваліся вёскі, расла заработная плата, – успамінае былы старшыня.
У няспыннай чарадзе паўсядзённых спраў Генрых Міхайлавіч знаходзіў час і для работы над кандыдацкай дысертацыяй. Тэму выбраў блізкую: “Эфектыўнасць мінеральных удабрэнняў для розных сартоў ячменю”. Абараніў яе ў маі 1975 года.
Атрыманне кандыдацкай ступені не спыніла наватарскія пошукі Траццяка, ён яшчэ з большай настойлівасцю ўзяўся за распрацоўку навейшых методык, працягваў эксперыментаваць.
У 1978 і 1979 гадах калгас імя Ламаносава выходзіў пераможцам Усесаюзнага сацыялістычнага спаборніцтва. На пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя за высокую эфектыўнасць і якасць работы ў дзясятай пяцігодцы быў занесены на Усесаюзную Дошку Гонару на ВДНГ СССР.
У той час вытворчыя поспехі гаспадаркі ўражвалі. Больш за 60 цэнтнераў з гектара, а на некаторых участках і наогул 70-90 – і праз тры дзесяцігоддзі такая ўраджайнасць збожжавых для многіх сельгаспрадпрыемстваў пакуль толькі ў марах.
У 1988 годзе Генрыху Траццяку прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы. Дзяржаўных узнагарод удастоены і лепшыя калгаснікі гаспадаркі.
Дзякуючы навуковаму падыходу і прадбачлівасці Генрыха Міхайлавіча, які паўсюдна даказваў неабходнасць змянення пасяўной структуры сельгасугоддзяў, калгас пашырыў плошчы пад канюшыну (гэта культура добра расла на тутэйшых землях), чым значна ўмацаваў кармавую базу гаспадаркі.
Ужо даўно няма калгаса імя Ламаносава, яго калісьці змяніў СВК “Флер’янова”, які пазней увайшоў у склад суседняга кааператыва “Шлях новы”. Але ідэі, напрацоўкі Генрыха Траццяка і яго калег прадаўжаюць жыць. Сам кандыдат сельскагаспадарчых навук, нягледзячы на шаноўны ўзрост, не збіраецца спачываць на лаўрах. Дарэчы, у 2012 годзе яго прозвішча было ўнесена ў міжнародную энцыклапедыю “Лепшыя людзі”.
З 2006 па 2016 год Генрых Міхайлавіч узначальваў раённую ветэранскую арганізацыю. Шмат сустракаўся і з маладымі землякамі.
– Стасункі са школьнікамі і навучэнцамі каледжа заўсёды надаюць аптымізму. Магу з упэўненасцю сказаць: у нас цудоўная актыўная моладзь, за ёй будучыня, – перакананы Траццяк.
Генрыху Міхайлавічу 79 гадоў, і ў яго шмат планаў і ідэй. Захапіўся гісторыяй, па ініцыятыве “Ляхавіцкага весніка” разам з БРСМ пасадзілі дуброву ў былым маёнтку Бохвіцаў у Флер’янове (сёлета ў красавіку парк адзначыць свой пяты дзень нараджэння), які пазней набыў ва ўласнасць. Колькі экскурсій за гэты час тут пабывала. І мінулагоднія “Флер’яноўскія чытанні” не пакінулі абыякавымі нікога.
– Хаця і атрымліваю пенсію, але па стане душы, планах яшчэ не дасягнуў пенсійнага ўзросту. Маё самае галоўнае навуковае адкрыццё наперадзе, – сцвярджае Генрых Міхайлавіч.
І з захапленнем расказвае, як штодня знаходзіць для сябе нешта новае, назіраючы за прыродай, якую лічыць самым галоўным настаўнікам. Ён не стамляецца працаваць над сабой: шмат чытае, па некалькі гадзін у дзень працуе на добраўпарадкаванні сядзібы. Стараецца як мага больш часу правесці з сям’ёй. І па-ранейшаму шчыра ўдзячны жонцы Ларысе Паўлаўне – карэннай ленінградцы, якая зразумела і падтрымала яго жаданне вярнуцца на малую радзіму, пакінула работу ў сельгасакадэміі, дзе вяла курс хіміі, каб працаваць настаўніцай у вясковай школе.
Кожны раз з пяшчотай і любоўю гаворачы пра сваю верную спадарожніцу (разам яны ідуць амаль паўстагоддзя), ён ператвараецца з фізіка ў лірыка і не стамляецца сцвярджаць:
– Слава жанчыне. Без яе любві, вернасці, міласэрнасці свет вакол не быў бы такім цудоўным, прыгожым і аптымістычным. І мы, мужчыны, не былі б такімі шчаслівымі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.