Экзамен на бацькоўства

Мама, тата, я – шчаслівая сям’я:  разам утульна, надзейна і радасна. Але, на жаль,  так бывае не заўсёды…
Па стане на 15 сакавіка ў нашым раёне прызнаны ў сацыяльна небяспечным становішчы 108 дзяцей  з 51 сям’і (на пачатак года такі сумны статус мелі 69  хлопчыкаў і дзяўчынак  з 34 сем’яў).
Чаму так адбываецца, што дзеці становяцца для мам і татаў цяжарам? Сярод галоўных прычын – алкагалізм бацькоў, нежаданне працаваць. З-за разгульных кампаній няма калі займацца домам: не распалена печ, пусты халадзільнік, і  родныя крывіначкі становяцца непад’ёмнай нагрузкай  для маці.
”Сама   вінаватая…”
Н. выхоўвалася ў сям’і з  дастаткам, прафесію мелі і  бацька, і маці, і брат. Пасля школы не пайшла вучыцца далей, а  скончыла курсы маляроў і тынкоўшчыкаў. Зацяжарыла і нарадзіла па-за шлюбам дачку. Малая падрастала, а  маці   бавіла  час з  сяброўкамі, выпівала, не начавала дома. Пакуль жылі бацькі – дапамагалі даглядаць унучку. Пасля стала зусім дрэнна. Беспрацоўе Н., даўгі  па камунальных паслугах… Дзяўчынка была накіравана ў дзіцячы дом сямейнага тыпу. Маці  з нежаданнем прыгадвае час, калі яе разлучылі з дачкой і прызнае:
– Сама вінаватая. Кампаніі, жыццё без абавязкаў. Маладая была. Калі Кацю  (імя зменена па этычных прычынах) забралі, думала –  не вытрымаю. Кожную вольную  хвіліну  бегла да яе, не магла з ёй нагаварыцца. Тады вярнула дачку праз пару месяцаў. Працавала, жыццё наладжвалася. Праз 3 гады  ўсё зноў паўтарылася. Чаму сарвалася? Не ведаю…  Але нарэшце ў галаве нешта пераключылася: не спынюся – застануся без сваёй дачушкі.  Нікому такога не пажадаю. Вельмі хвалявалася, каб Каця  не сказала, што ў прытулку лепш, чым дома. Яна – самае дарагое, што ёсць у маім жыцці. Свет не без добрых людзей. Удзячна ўсім, хто зноў паверыў. Спісалі немалую запазычанасць. Не заракаюся, але ўпэўнена, што дзеля дачкі  гатова на многае. Вяртаюся з работы, а  яна мяне чакае.
У гэтай гісторыі шчаслівы  працяг.  І вельмі хочацца спадзявацца, што так будзе і далей.
Яблык ад яблыні
Адмоўны прыклад  бацькоў нярэдка паўтараецца ў лёсе дзяцей. У сям’і гадаваліся чацвёра малых. Маці з бацькам любілі выпіць, працай сябе не абцяжарвалі, дзеці  былі пакінуты  самі на сябе. Старэйшая дачка  А. збегла з дому. Міліцыя зняла яе з цягніка, але дамоў дзяўчынка не вярнулася – не захацела, выбрала інтэрнат.  Праз нейкі час, дарэчы, там   апынуліся і астатнія дзеці  з гэтай сям’і. А. вырасла.  І не стала добрым спецыялістам, любячай маці, хоць і  нарадзіла двух дзетак. У адносінах аднаго пазбаўлена бацькоўскіх правоў, другое выхоўвае сама.  Зарабіла не адну судзімасць і потым вярнулася дадому – туды, адкуль некалі ўцякла. Адсутнасць станоўчага прыкладу, няўменне будаваць адносіны сфарміравалі  яшчэ адну  маральна пакалечаную асобу.
Свае чужыя і чужыя свае
У нашай краіне  дзяржава бярэ пад сваю апеку дзяцей з неўладкаваных сем’яў.  Чужыя людзі для іх становяцца роднымі, а так званыя  бацькі абавязаны кампенсаваць дзяржаве расходы на ўтрыманне дзяцей. На пачатак сакавіка ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама на ўліку 84  абавязаныя асобы, чые 100 дзяцей знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Усяго ж гора-бацькі з нашага раёна запазычылі дзяржаве больш за 170 тысяч   рублёў.
Працэнт  пагашэння запазычанасці за мінулы год  склаў 51,6 (абласны паказчык 50,6 працэнта), сёлета – 58,4. Павелічэнне выплат  абумоўлена  працаўладкаваннем абавязаных асоб, змяншэннем колькасці тых, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі і лячэбна-працоўных прафілакторыях і г.д.  Тым не менш, праблем хапае і сёння. Намеснік старшыні райвыканкама Дзіяна Трысцень сярод іншага нагадвае   нізкія заробкі абавязаных. На пачатак года 3  абавязаныя  асобы  знаходзяцца ў вышуку,  грошы ад іх наогул не паступаюць. Летась у  ЛПП накіраваны 4 абавязаныя асобы.
У  нашым раёне ўсе абавязаныя працаўладкаваны, а пытанні выканання Дэкрэта №18 знаходзяцца на асаблівым кантролі ў мясцовай улады.
Лічбы і  факты
З 699 прагулаў, што летась учынілі  абавязаныя, 438 – на рахунку двух асоб, якія знаходзяцца ў вышуку.
У ААТ “Шлях новы” працуе 14 абавязаных. За кожным замацаваны адказны, які кантралюе выхад свайго падапечнага на працоўнае месца. Прагульшчыкаў прыцягваюць да адпрацоўкі і ў выхадныя дні. Калі яны не выходзяць на працу, падключаюцца супрацоўнікі міліцыі, расказваюць у  аддзеле кадраў прадпрыемства.
Размаўляю з абавязанай з гэтага таварыства. Разам з мужам яны павінны  кампенсаваць дзяржаве  254 рублі.  Жанчына нарадзіла пяць дзяцей, і толькі адно – з імі. На пытанне, што зрабілі, каб і малодшага не адабралі, бажыцца: кінулі  піць, працуюць. Мараць, каб гаспадарка выдзяліла жыллё і  дзеці вярнуліся ў сям’ю.
На льнозаводзе трое абавязаных. У іх прагулы адпрацаваны,  запазычанасці за ўтрыманне дзяцей няма. Але ёсць  такія гора-бацькі, якія не лічаць патрэбным плаціць па рахунках. У некаторых даўгі перад дзяржавай дасягаюць 11 тысяч,  20 тысяч рублёў. Дарэчы, калі  дзіця вяртаецца ў сям’ю,  адмоўны баланс дзяржавай  “абнуляецца”.  Летась у бацькоўскіх правах у адносінах трох дзяцей адноўлена жыхарка Падлесся.  Ёй па рашэнні суда спісаны   доўг больш  як 15 тысяч рублёў.
Дзякуючы рэалізацыі Дэкрэта № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у неўладкаваных сем’ях”,  паступова змяншаецца колькасць  сірот  пры жывых бацьках. Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Галееўская расказвае: калі ў  2006 годзе ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіліся 153 дзіцяці з 68 сем’яў, то сёння значна менш. У мінулым годзе 13  дзяцей, адабраных з неўладкаваных сем’яў, вярнуліся    дадому, дзе бацькі зрабілі ўсё, каб гэта стала магчымым. Чацвёра бацькоў  былі  пазбаўлены правоў на сваіх чатырох дзяцей.  Размова з адной абавязанай маці, у якой запазычанасць  на дваіх дзяцей  больш за 6 тысяч рублёў, паставіла ў тупік:
– Невялікая зарплата не дазваляе разлічыцца з доўгам. Прапускаю працу вельмі рэдка, калі такое здараецца, адпрацоўваю ў выхадныя дні.Сумую па дзецях.
На пытанне, ці наведвае іх, адказала, што на гэта …няма часу. Як кажуць, без каментарыяў.
Стаць бацькамі проста, а вось быць імі – складаная праца. Як абудзіць бацькоўскі  інстынкт, што ў некаторых моцна спіць? Задача, рашэнне якой шукаюць і  імкнуцца знайсці многія зацікаўленыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *