Калі зварот абгрунтаваны

Прыём грамадзян па асабістых пытаннях, які дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Леанід Цупрык правёў на мінулым тыдні ў Ляхавічах, вызначыўся прыемнай акалічнасцю: сярод тых, хто звярнуўся да дэпутата, два нашыя землякі-пенсіянеры –   з райцэнтра і аграгарадка   Конькі – падзякавалі члену парламента за нераўнадушнасць да іх праблем, за  дзейсную дапамогу ў канкрэтных жыццёвых сітуацыях – калі зварот абгрунтаваны.
Яшчэ два чалавекі звярнуліся да члена парламента з прапановамі заканадаўчага характару. Жыхар вёскі Набярэжная перакананы, што ёсць падставы для змянення падыходу ў вызначэнні памеру дзяржпошліны за допуск транспартнага сродку да ўдзелу ў дарожным руху для пэўнай катэгорыі вадзіцеляў-аматараў, і просіць улічыць выкладзеныя ім нюансы. А ляхавічанін засяродзіў увагу на некаторых аспектах заканадаўства аб вядзенні рыбнай гаспадаркі, у прыватнасці, парадку арэнды водных угоддзяў, правілаў прамысловага і аматарскага лову рыбы і г.д. Абмеркаванне гэтых пытанняў Леанід Цупрык будзе працягваць у Палаце прадстаўнікоў.
З членам парламента ў час прыёму грамадзян працаваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Яўгеній Юрлевіч. Як паказвае практыка, такі тандэм на карысць справы.
Вольга БАРАДЗІНА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *