Дарагі наш чалавек

30 верасня адной са старэйшых жыхарак вёскі Русінавічы Юзэфе Толкач споўнілася 97 гадоў —  узрост шаноўны і паважаны.  Але не за сталасць любім яе мы – дачка, 12 унукаў, 18 праўнукаў і 2 прапраўнукі. Наша дарагая і любая матуля, бабуля і прабабуля вельмі шчыры, клапатлівы і душэўны чалавек, штодня яна моліцца за нас і вельмі шкадуе кожнага.

Нягледзячы на ўзрост, Юзэфа Пятроўна не любіць сядзець без справы. І хоць здароўе ўжо не тое, што ў маладосці, яна па меры сваіх сіл дапамагае дачцэ Марыі  па гаспадарцы: да-глядае хатнюю птушку, распальвае печ, вяжа дыванкі і сурвэткі. А яшчэ наша бабуля вельмі любіць слухаць радыё, не-не ды і сама заспявае песню.

Сваю маладосць яна ўспамінае неахвотна і тлумачыць гэта проста: “Цяжка раней даводзілася, вось цяпер жыццё дык жыццё – сапраўднае”.

Так і жывуць яны разам – маці з дачкою: 97-гадовая Юзэфа Толкач і 73-гадовая Марыя Грыкель. Дзеці і ўнукі  не забываюць іх. Штодня тэлефануюць, а ў выхадныя і святы абавязкова хто-небудзь спяшаецца  на родны бацькоўскі парог, каб сустрэцца з самымі дарагімі людзьмі і, канешне, пакаштаваць іх фірменных аладак і верашчакі. Гэта такая смаката!  Увогуле, у гэтым доме  гасцінныя гаспадыні рады кожнаму, і для ўсіх зной-дзецца  добрае слова і пачастунак.

Ніна МАКАВЕЦКАЯ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *