Вясна. Час берагчы страўнік. Прамая лінія «ЛВ»
Мусіць, кожны чалавек хоць раз у жыцці ды адчуваў праблему са страўнікава-кішачным трактам. Асабліва небяспечны час для хворых з дыягназам гастрыт, язва – вясна і восень. Тое, што тэма актуальная, паказала і прамая тэлефонная лінія “ЛВ”, падчас якой на пытанні жыхароў раёна адказваў урач-тэрапеўт Ляхавіцкай райбальніцы Алег АРЛОЎСКІ.
– Добры дзень, доктар. Скажыце, якія фактары “спрыяюць” развіццю хвароб страўніка?
Васілій Пятровіч.
– Частыя стрэсы, няправільнае харчаванне, неспрыяльныя экалагічныя ўмовы – усё гэта дрэнным чынам уплывае на наш арганізм, у тым ліку і на страўнікава-кішачны тракт. Нярэдка, напрыклад, гастрыт перарастае ў хранічны з-за самалячэння. Таму, калі з’явіліся пастаянныя болі ў эпігастрыі, не варта лячыцца па парадзе знаёмых ці па інтэрнэце, абавязкова звярніцеся да ўрача.
– Усё часцей чытаю і чую пра нейкую бактэрыю, якая можа выклікаць не толькі гастрыт, язву, але нават і рак…
Ірына Аляксееўна.
– Вы маеце на ўвазе хелікабактар пілары, носьбітам якой з’яўляецца больш за 80 працэнтаў насельніцтва, але гэта не азначае, што ўсе яны абавязкова захварэюць. Многае залежыць ад індывідуальных асаблівасцей арганізма, ладу жыцця, прывычак. Каб выявіць хелікабактар, бярэцца пры гастра-скапіі біяпсія ці праводзіцца дыхальны тэст. Калі выяўляецца бактэрыя ў значнай колькасці, урач прызначае лячэнне.
– Добры дзень, Алег Сяргеевіч. У мяне дыягназ “хранічны гастрыт”. Як часта трэба глытаць зонд? Яшчэ адно пытанне. Працяглы час для лячэння гастрыту і прафілактыкі язвы прымала амепразол. Ці не шкодна гэта. Што параіце?
Валянціна Сяргееўна.
– Гастрыт – адно з самых распаўсюджаных захворванняў страўніка. Гэта запаленчы працэс яго слізістай абалонкі.
Ігнараванне хваробы можа прывесці да сур’ёзных ускладненняў: эрозій, язвы, крывацёку. Пры доўгатэрміновым цячэнні сценкі страўніка робяцца тонкімі, атрафіруюцца, узнікае рызыка з’яўлення пухлін, у тым ліку і злаякасных. Вось чаму неабходныя рэгулярныя абследаванні. Рашэнне аб правядзенні гастраскапіі прымае ўрач. Паўторная дыягностыка праводзіцца пасля заканчэння курсу лячэння, каб упэўніцца ў яго станоўчым выніку. У некаторых выпадках мэтазгодна праходзіць ФГДС і ў працэсе лячэння, калі для гэтага ёсць падставы. Пры хранічным захворванні гастраскапія паказана раз у год-два.
Схему лячэння гастрыту назначае ўрач, ён жа дае рэкамендацыю аб працягласці курсу, у тым ліку і па амепразоле ці іншых прэпаратах аналагічнага дзеяння.
– Скажыце, якія метады даследавання органаў страўнікава-кішачнага тракту праводзяцца ў Ляхавіцкай райбальніцы?
Наталля Міхайлаўна.
– Каб вылячыць хваробы органаў стрававання, іх неабходна спачатку дыягнаставаць. Самы інфарматыўны метад –
эндаскапія, якая дазваляе дакладна даследаваць ад стрававода да прамой кішкі, узяць біяпсію для лабараторнага даследавання. Абавязковы агульны і біяхімічны аналізы крыві. У Ляхавіцкай райбальніцы ёсць усё неабходнае для такога абследавання. Па накіраванні ўрача пасля спецыяльнай падрыхтоўкі можна прайсці фібрагастраскапію і калонаскапію. Першая працэдура доўжыцца да 10 мінут, другая – да 25 мінут. Акрамя таго прымяняецца і рэнтгенадыягностыка, якую таксама можна зрабіць у нашай райбальніцы.
Медыцына не стаіць на месцы. Вучоныя распрацавалі дыягнастычную навінку. Гэта спецыяльная відэакапсула, якую пацыент праглынае, і яна пачынае свой шлях па страўнікава-кішачнаму тракту, спісваючы ўсю неабходную інфармацыю. Капсула не прыносіць хвораму ніякіх непрыемных адчуванняў і болю. Ёсць ў гэтага сучаснага метаду і свае мінусы, адзін з якіх – немагчымасць узяць біяпсію ці выдаліць выяўлены паліп (памерам да сантыметра гэта робіцца пры звычайнай эндаскапіі).
Пытанне ад “ЛВ”.
– Якія меры прафілактыкі захворванняў органаў стрававання, а таксама недапушчэння абвастрэння хранічных вы параіце?
– Усім вядома: любую хваробу лягчэй папярэдзіць, чым потым лячыць. Страўнікавыя – не выключэнне. Урачэбныя рэкамендацыі ў першую чаргу накіраваны на правільнае харчаванне: прымаць ежу 5-6 разоў у дзень, пажадана ў адзін і той жа час, харчавацца збалансавана. Абмежаваць тлустыя стравы, аддаваць перавагу вараным, тушаным, нятлустаму мясу, мясцовай садавіне, агародніне. Хутка ягадны сезон. Спажывайце, на здароўе, але з асцярожнасцю ласуйцеся кіслымі (вішня, чырвоная парэчка, агрэст, журавіны). Вельмі любіць страўнік бярозавы сок, праўда, свежы. Дарэчы, свежавыціснутыя сокі могуць выклікаць абвастрэнне. Наогул, варта разбаўляць свежыя сокі вадой. Не ешце перад сном. Адмоўцеся ад курэння, не злоўжывайце алкаголем. Пры абвастрэнні з рацыёну выключаюцца любыя газіраваныя напіткі, фастфуды, чыпсы.
Пры гастрытах і язвавай хваробе бываюць працяглыя рэмісіі, калі пацыента нічога не турбуе. Але і ў гэтыя перыяды неабходна прыходзіць да ўрача не радзей двух разоў у год, памятаць пра сезонныя абвастрэнні.
Трэба разумець, што, напрыклад, эразіўны гастрыт можа ўскладніцца язвай, а язва – крывацёкам, дабраякасны паліп кішэчніка можа пры несвоечасовым выдаленні перарасці ў злаякасны.
– Ці перадаюцца ў спадчыну хваробы стрававальнай сістэмы?
Ігар.
– Праблемы са страваваннем – гэта праблема не аднаго органа. Справакаваць іх могуць стрэсы, няправільнае харчаванне. У чалавека можа быць анамальнай формы жоўцевы пузыр. Жоўць закідваецца ў страўнік, выклікае яго запаленне, у выніку чаго можа развіцца гастрыт. Праблема можа быць і з кішэчнікам, калі жоўцевы пузыр выпрацоўвае недастатковую ці лішнюю колькасць жоўці. А да з’яўлення камянёў у жоўцевым пузыры можа прывесці працяглы прыём у вялікіх дозах некаторых лякарстваў. І яшчэ, тыя ж болі ў эпігастрыі, могуць быць не толькі пры гастрыце ці язве, але і пры халецыстыце, панкрэатыце і інш.
Згодна статыстыкі, калі адзін з бацькоў хварэў язвай страўніка, верагоднасць яе з’яўлення ў дзяцей каля 50 працэнтаў. Пры выяўленні такой паталогіі ў абодвух бацькоў рызыка яшчэ большая. Але гэта ні ў якім разе не азначае, што дзеці язвеннікаў абавязкова захварэюць. Важна адмовіцца ад шкодных звычак, весці здаровы лад жыцця, правільна харчавацца.
– Наколькі эфектыўныя народныя сродкі для лячэння хвароб страўніка і кішэчніка?
Іна Васільеўна.
– Ёсць даволі эфектыўныя рэцэпты. Напрыклад, адвары з насення льну. Нават немаўлятам пры коліках у жывоціку педыятры рэкамендуюць даваць рамонкавы ці кропавы адвар. У аптэках багаты выбар травяных страўнікавых, пячоначных і іншых збораў. Іх можна прымяняць, але толькі як дадатак да асноўнага лячэння і пасля кансультацыі ўрача. А вось бескантрольны самапрызначаны прыём народных сродкаў можа нанесці значную шкоду здароўю.
– Лячэннем хвароб страўнікава-кішачнага тракту займаецца ўрач-гастраэнтэролаг. Ці ёсць такі спецыяліст у Ляхавічах?
Валянціна Іванаўна.
– Такога вузкага спецыяліста ў Ляхавіцкай райбальніцы няма. Але можна запісацца на прыём да тэрапеўта, які прызначыць абследаванне, а па яго выніках і лячэнне, пры неабходнасці дасць накіраванне да гастраэнтэролага.
Пытанні ад “ЛВ”.
– Яшчэ нашы бабулі гаварылі: каб не балеў жывот, трэба кожны дзень есці суп. Алег Сяргеевіч, ці сапраўды абавязковая прысутнасць у штодзённым меню першай стравы?
– У прынцыпе галоўнае, каб быў патрэбны аб’ём вадкасці. Калі ў чалавека няма ацёкаў, то аптымальны сутачны аб’ём вадкасці – 1,5 літра. А суп гэта будзе ці нешта іншае – не важна. Дарэчы, большасць фруктаў і агародніны таксама ўтрымліваюць ваду. Але трэба памятаць, што моцны чорны чай здольны парушаць рухальную актыўнасць кішэчніка. Калі яго піць многа, гэта можа прывесці да запораў. Лепш аддаваць перавагу зялёнаму чаю. Каву піце абавязкова з малаком.
– Чалавек ёсць тое, што ён есць. Што ж такое здаровае харчаванне?
– Усе хваробы стрававальнай сістэмы закладваюцца ў дзяцінстве і пачынаюць праяўляцца даволі рана. Не прывучайце дзяцей да чыпсаў, кірыешкаў, салодкай газіроўкі. Прадукты, якія могуць захоўвацца ў вакуумнай упакоўцы гадамі, – няправільныя прадукты. Здаровае харчаванне – гэта харчаванне нашых бабуляў і дзядуляў. Звычайныя супы, мясцовая, а не заморская, агародніна, мяса пажадана варанае, а яшчэ лепш прыгатаванае на пары. Патэльню і ўвогуле схавайце, каб не смажыць прадукты.
Агульнавядома: каб не мець праблем са страваваннем, трэба захоўваць і санітарна-гігіенічныя правілы: мыць рукі, фрукты, агародніну, ягады, піць толькі буціліраваную ваду, купацца ў дазволеных месцах і г.д.
Усім чытачам раёнкі жадаю моцнага здароўя.
На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.