Ім патрэбна разуменне. 2 красавіка – Сусветны дзень інфармавання пра праблему аўтызму
Сусветны дзень інфармавання пра праблему аўтызму дапамагае зразумець сітуацыю, дае больш інфармацыі, спрыяе аб’яднанню намаганняў бацькоў. Дзіцячы аўтызм – сіндром Канера – праяўляецца няздольнасцю дзіцяці фарміраваць эмацыянальныя адносіны з іншымі. Гэтае захворванне ў той ці іншай ступені праяўляецца менш як у працэнта насельніцтва, прычым у хлопчыкаў сустракаецца ў 4 разы часцей, чым у дзяўчынак.
На развіццё аўтызму могуць уплываць генетычная схільнасць, парушэнні абмену рэчываў, уздзеянне навакольнага асяроддзя, але поўнасцю пацвердзіць паходжанне гэтага расстройства не можа ні адна тэорыя.
Якія асаблівасці паводзін дзіцяці сведчаць, што патрэбна звярнуцца за дапамогай спецыяліста? Напрыклад, тое, што з ранняга ўзросту дзіця амаль не ўсміхаецца, не адгукаецца, калі яго клічуць па імені, не можа растлумачыць, чаго ён хоча, пра сваё жаданне дае ведаць крыкам і плачам або хапае бацькоў за рукі і накіроўвае іх да жаданага аб’екта, мае затрымку тэмпаў моўнага развіцця, не ляпеча ў год, не вымаўляе фразы з двух слоў у 2 гады, схільны да паўтарэння чужых слоў. Насцярожыць павінна і тое, што дзіця можа працяглы час выконваць якія-небудзь бязмэтныя рухі: узмахваць ці пляскаць рукамі, варочаць галавой, круціць прадметы, абнюхваць, пастукваць, нешта абмацваць. Лёгкія дотыкі ў яго могуць выклікаць боль, а моцны ўдар – застацца непрыкмечаным. Калі ў дзіцяці ёсць асаблівая пераборлівасць да ежы, адзення, жаданне іграць не гульнёвымі прадметамі, а выкладваць палачкі ў рады, пераліваць ваду, выстройваць прадметы ў адну лінію, адсутнічае інтарэс да гульняў з равеснікамі, прысутнічае выкананне паўсядзённых заняткаў у адным парадку, супраціўленне пераменам, бывае схільнасць да аўтаагрэсіі, якая прыводзіць да ранення самога сябе, ёсць складанасці з засынаннем, частым прачынаннем сярод ночы і раніцай, – гэта падстава звярнуцца да ўрача. Большасці дзяцей дыягназ ставіцца ва ўзросце 2-3 гады.
Калі дзіця часта пагружаецца ў сябе, магчыма, яму вельмі патрэбна дапамога, каб навучыцца жыць ў нашым свеце.
Аўтызм – адно з тых захворванняў, якое мае шэраг сацыяльна значных наступстваў: праблемы сацыяльнай адаптацыі, навучання, прафесійнай падрыхтоўкі, істотнае зніжэнне якасці жыцця, высокі ўзровень інваліднасці, наяўнасць сур’ёзнай праблемы для сям’і дзіцяці. Карэкцыйная работа з такімі дзецьмі носіць комплексны характар і ўключае медыкаментозную, псіхалагічную, лагапедычную дапамогу. Цяжкасці не знікаюць з гадамі, таму дапамога і падтрымка патрэбны на працягу ўсяго жыцця.
Альбіна ТУПАЛЬСКАЯ, урач-псіхіятр ЦРБ.