Павінна стаць законам
Удзельнікі мерапрыемства наведалі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзе, пачынаючы з дашкольнага і на працягу ўсяго школьнага перыяду, дзецям закладваецца разуменне неабходнасці ашчадных адносін да расходу электрычнасці, цяпла, вады.
Да сапраўды новага – для раёна, як мінімум, – атрымалася далучыцца падчас наведвання ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”. У працэсе перапрацоўкі трасты ў ільновалакно застаецца пабочны прадукт — кастрыца. Прыкладна 50 працэнтаў яе выкарыстоўваецца ў якасці паліва для заводскай кацельні. Астатняе – па-рознаму, аднак, без асаблівых для завода дывідэндаў. Задумаліся і па прыкладзе аднаго з аналагічных прадпрыемстваў краіны вырашылі наладзіць з кастрыцы выраб паліўных брыкетаў. Як расказаў дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун, неабходны для таго прэс заказалі і атрымалі на Баранавіцкім станкабудаўнічым заводзе “Атлант”. Дапаможнае абсталяванне – бункер-назапашвальнік кастрыцы, іншае – знайшлі ў сябе, прыстасавалі. І хоць вытворчасць працуе пакуль у пробным рэжыме – першая невялікая партыя кастрабрыкетаў ужо атрымана. Па словах Дзмітрыя Скакуна, па цеплатворнай здольнасці брыкеты параўнальныя з каменным вугалем, паказчык іх зольнасці складае менш як працэнт. Дарэчы, на такую прадукцыю існуе экспартны попыт.
Са словам ”брыкет”, аднак, найперш асацыіруецца ААТ “Торфабрыкетны завод “Ляхавіцкі”, дзе семінар завяршыў сваю работу.
Яго ўдзельнікі прайшліся ці не па ўсім тэхналагічным “ланцугу” брыкетнай вы-творчасці — ад бункернай сыравіны і да склада гатовай прадукцыі, наведалі цэнтральную апаратную. Дырэктар ААТ Васілій Іваноў расказаў пра ўкараненне энергазберагальных мерапрыемстваў, павелічэнне выкарыстання мясцовых відаў паліва. У абодвух гэтых накірунках торфабрыкетчыкамі нямала зроблена. Як адну з апошніх энергазберагальных (цеплазберагальных, калі дакладней) ініцыятыў, можна згадаць правядзенне цепла-ізаляцыі сушыльных агрэгатаў цэха. Не ўсіх пакуль, аднак, работы мяркуецца прадоўжыць. Вынік – эканомія да 10 працэнтаў цяпла на адной з сушылак. Гэта, у дапаўненне да добрага дзясятка іншых энергазберагальных мерапрыемстваў, дазваляе ТБЗ усе апошнія гады “ісці” са зніжэннем энергаёмістасці прадпрыемства. Вытворчыя аб’ёмы, наадварот, узрастаюць. Што да мясцовых відаў паліва, то з завяршэннем у мінулым годзе мадэрнізацыі кацельні, завод працуе і дае цяпло пасёлку, выкарыстоўваючы практычна адзін толькі фрэзторф. Газавы кацёл пазіцыяніруецца ў якасці рэзервовага.
Тут жа ў Тухавічах, у памяшканні мясцовага СДК, адбылося пленарнае пасяджэнне. Ход выканання ў раёне патрабаванняў Дырэктывы № 3 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” прааналізаваў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Гурскі. Аб мерапрыемствах па эканомным і беражлівым расходаванні энергарэсурсаў на сваіх участках гаварылі кіраўнікі і спецыялісты раёна, вобласці.
Паспяховым назваў мерапрыемства намеснік старшыні аблвыканкама Мікалай Крывецкі, які заклікаў: “Давайце не варыцца ва ўласным саку, а генерыраваць ідэі і прымяняць іх у сябе”.
Іван КАВАЛЕНКА