Я ў зваршчыкі б пайшоў… У Ляхавічах адбыўся кірмаш вакансій /фота/


У мінулы чацвер у нашым  раёне адбыўся  кірмаш вакансій, арганізаваны ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Сярод  тых, хто наведаўся ў гарадскі Дом культуры за працоўнымі прапановамі, былі не толькі незанятыя ляхавічане, але і тыя, хто, маючы пастаяннае месца працы, жадае паспрабаваць сябе ў іншай справе.
У акцыі  прынялі ўдзел больш за два дзясяткі мясцовых прадпрыемстваў  і арганізацый, якія прадстаўлялі розныя сферы дзейнасці. Саіскальнікі пакідалі свае даныя і каардынаты, паказвалі  дакументы аб падрыхтоўцы.
У  раёне па стане на 30 сакавіка меліся 73 вакансіі, сярод якіх 40 – рабочыя прафесіі. ААТ “Жарабковічы”  гатова прыняць на работу трактарыстаў з заработнай платай ад 300 рублёў і вышэй. Падвоз –
не праблема. Штодзень транспарт таварыства забірае сваіх работнікаў з Ляхавічаў. У райаграсэрвісе чакаюць на сезонныя работы па пераборцы і пагрузцы бульбы, а таксама  рабочых на МТФ “Вялікае Гарадзішча”. Патрабуюцца і  3 трактарысты-машыністы, аператар машыннага даення на МТФ “Адахаўшчына”. Галоўнаму  інжынеру і механіку, вальшчыкам лесу і іншым  кадрам будуць рады ў лясгасе. Зарплату абяцаюць дастойную. Маюцца працоўныя месцы ў сельгаспрадпрыемствах, у тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, у сістэме  аховы здароўя, ПМК-13, “Ажуруне” і г.д. Усю інфармацыю па вакансіях можна знайсці на сайце дзяржаўнай службы занятасці Рэспублікі Беларусь. Канешне, задаволіць спадзяванні ўсіх немагчыма. У кагосьці не падыходзіць адукацыя ці патрабаванні  наймальніка дастаткова высокія, а  хтосьці жадае большую аплату ці нейкія іншыя бонусы. Напрыклад, былі  жадаючыя працаўладкавацца  зваршчыкам, а такія вакансіі адсутнічалі.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Леанід Калбаса падкрэсліў, што правя-дзенне кірмашоў вакансій прадоўжыцца.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *