Адна з абавязковых умоў падрыхтоўкі граматных маладых спецыялістаў, лічаць у Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы, – пастаяннае ўдасканаленне і павышэнне прафесійнага майстэрства выкладчыкаў. Традыцыйным стала правядзенне ва ўстанове дэкады педмайстэрства, калі праз вучэбныя і практычныя заняткі выкладчыкі дзеляцца вопытам і напрацоўкамі з калегамі. Актыўны ўдзел у дэкадзе прымаюць і навучэнцы, якія сваімі дасягненнямі пацвярджаюць клас педагогаў. Нядаўна каманда агранамічнага аддзялення ў складзе чацвёртакурснікаў Алесі Барысевіч, Ніны Сачак і Святланы Мядзведзік па сваёй спецыяльнасці заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.
27 сакавіка на стадыёне “Колас” каляджане адкрылі чарговую педагагічную дэкаду легкаатлетычным кросам. Юнакі і дзяўчаты з лёгкасцю адолелі дыстанцыі ад кіламетра да трох – здаровы лад жыцця і заняткі спортам неабходны будучым аграномам, заатэхнікам, ветэрынарам не менш чым прафесійныя веды.
А на навукова-практычнай канферэнцыі “Паспяховы той, хто стварае”, што пройдзе 6 красавіка, па выніках доследнай і даследчай работы навучэнцы і супрацоўнікі каледжа прадставяць напрацоўкі, якія будуць карысны і ў паўсядзённым жыцці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.