Хлеб з цукрам

Разнастайнасць у шырокім дыяпазоне. Такога “дыягназу” заслугоўвае надвор’е сёлетняй вясны. То не па сезоне горача, то ранішняя марозная шэрасць на  глебе, што мела месца тры дні назад. А паміж гэтым і дожджык здараецца. Ён выбівае сейбітаў з працоўнай каляіны, ставіць яравую кампанію на паўзу. Апошняя можа працягвацца і гадзіну, і дзве, і тры. А ў шэрагу вы-падкаў размова можа ісці і пра больш працяглыя адрэзкі. Але ў гэтым песімізме аграрыі знаходзяць і аптымістычнае зерне. Маўляў, сеяць у шчодрую па ўтрыманні вільгаці глебу – варыянт куды больш выйгрышны, чым у, вобразна кажучы, прысак.
ААТ “Шлях новы” сваю першую сеялку вывела ў поле месяц назад. Пачыналі выбарачна, на нешматлікіх пралазных у той момант участках. Сёння яны ўжо бадзёрацца зялёнай свежасцю. Дысбалансам пры гэтым выглядаюць невялікія пакуль яшчэ лысыя плямы. Засяваць апошнія давялося другім заходам, пасля таго, як падсохлі.
Авёс, ячмень, абойма іншых ранніх збожжавых і зернебабовых. А 5 красавіка паспрабавалі ўжо салодкае.  У гаспадарчым балансе “Шляху новага” цукровыя буракі займаюць дастаткова глыбокую нішу. Прадпрыемства з’яўляецца на Ляхавіччыне адным з трох вытворцаў сыравіны для вырабу цукру. Лідарскія пазіцыі тут трывала трымаюць жарабковіцкія буракаводы, пасяўныя плошчы якіх сёлета складуць 900 гектараў. У пасяўных планах райаграсэрвіса ёсць месца і для 200 салодкіх гектараў. “Шлях новы” падрыхтаваўся вырасціць караняплод на плошчы ўтрая большай, чым сэрвісмены. Галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Буйкевіч падзяліўся некаторымі падрабязнасцямі:
– Нашы салодкія пасевы дакладна структураваны. У тым ліку і па тэрмінах паспявання. Лічбавая няроўнасць мае наступны выгляд: 20 працэнтаў плошчаў зоймуць ранняспелыя сарты караняплода, 30 працэнтаў – сярэдняспелыя, астатнія будзем засяваць познімі сартамі. Тлумачэнне таму простае, прадыктаванае, у першую чаргу, патрэбнасцямі і спецыфікай работы цукровых заводаў. Перапрацоўваць ураджай там гатовы ўжо на пачатку верасня. На тое і разлічваем, каб першыя адгрузкі караняплодаў пачаць ужо на старце восені. Для таго і закладваем ранняспелы сорт. І так далей, па ўзрастаючай. Позніх, канешне ж, больш за ўсё. З раннімі ўжо разабраліся, працуем далей.
А далей не толькі цукровыя буракі, якіх у “Шляху новым” разлічваюць сабраць у сярэднім не менш за  450   цэнтнераў на круг. Іменна названая лічба паслужыла базай. На яе арыентаваліся, працуючы на ўнясенні ўдабрэнняў і іншай хіміі.
Яравыя пасевы і пасадкі “Шляху новага” ў бягучым годзе складуць больш за 3600 гектараў. Канкурэнт ім тут хіба толькі ААТ “Жарабковічы”, чые яравыя плошчы на нейкія 50 гектараў больш шырокія. Адной толькі кукурузы прадпрыемства пасее 1450 гектараў і як мінімум 200 з іх маюць зерневую перспектыву.
Але яе – цеплалюбівай кукурузы – нумар наступны. Пасля завяршэння пасяўной актыўнасці на ранне-яравых палетках. Яна, дарэчы, магла б і павінна была завяршыцца разам з першай дэкадай красавіка. Дождж не даў, вымусіў некалькі расцягнуць першы этап веснавых пасяўных работ.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *