Бусел пастараўся!
Двайная радасць прыйшла 5 красавіка ў сям’ю ляхавічан Шалікаў, у якой нарадзілася двойня. Днямі начальнік аддзела загса Людміла Палтарак уручыла шчасліваму бацьку Аляксандру пасведчанне аб нараджэнні дачок Марыі і Маргарыты. Сястрычак дома чакала чатырохгадовая Паліна – у яе цяпер на дзве сяброўкі больш. Эмоцыі перапаўняюць маладога бацьку – у адзін момант стаў, як кажуць, уладальнікам сапраўднага кветкавага сузор’я і статуса мнагадзетнага.
– Для нас з жонкай галоўнае, каб нашы дзяўчынкі былі здаровыя, выраслі паспяховымі, – падкрэслівае Аляксандр Шалік.
Гэта першая зарэгістраваная з пачатку года ў загсе двойня. У студзені ў Начаўскім сельвыканкаме дакументы аб нараджэнні двайнят атрымала сям’я Кароль.
За першы квартал у раёне нарадзілася 60 дзяцей (на 18 больш, чым за такі ж перыяд летась). Як расказалі ў аддзеле загса, сярод самых папулярных сёлета хлапчуковых імёнаў – Арсеній, дзявочых – Анастасія, Ксенія, Паліна. На мінулым тыдні ў аддзеле загса пасведчанні аб нараджэнні атрымалі бацькі двух Раманаў і дзвюх Марый.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.