Ружы і шыпы
Яна ўсё такая ж, як і пры нашай першай сустрэчы паўтара дзесяцігоддзя назад, – прыгожая, летуценная, з абаяльнай шчырай усмешкай. Міжвольна параўноўваеш яе з далікатнай тонкай галінкай, гатовай зламацца ад грубага дотыку. Яна і сапраўды Галінка – так ласкава называюць Галіну Зыранаву блізкія (і так, дарэчы, называўся дакументальны фільм пра лёс нашай зямлячкі). Нямногія ведаюць, колькі выпрабаванняў выпала на яе долю. Аўтамабільная аварыя і несуцяшальны вердыкт урачоў: хадзіць не будзе. А потым – роспач, апатыя, пытанне, якое не давала спакою ні днём, ні ноччу: чаму гэта здарылася менавіта са мною, нежаданне бачыць нікога, нават, маму, і слёзы, слёзы…
Галіна ЗЫРАНАВА
Гэта ранiца майго жыцця
Гэта Раніца майго жыцця –
То бязмоўная і сур’ёзная,
То даверлівая, бы дзіця,
То раз’ятраная і слёзная.
Я прымаю яе любой,
І яна мяне не цураецца.
Паміж намі заўжды двубой
Казкай снежнаю апынаецца.
Казкай той, дзе ў мяне – Палац,
Пакаёўкі і паслугатыя,
А яна мусіць медзь збіраць
У казну маю небагатую.
Каб адліць з яе хаця б звон
На бажніцу з белага каменю,
Каб парушыць мой белы сон,
Калі раптам губляцца станем мы.
Калі раптам халодны дзень
Абаўе мяне шэрай хусткаю
І ў кагорце жывых людзей
Я адчую сябе толькі пусткаю,
У якой ні мяжы, ні дна –
Толькі пер’е насеннем веецца
Ад паўночы і да відна
У надзеі, што хтось сагрэецца
Пры настылых маіх агнях,
У далонях, што лёдам крышацца,
У Палацы, дзе я адна.
І не птахам, а хіба мышаю,
Што згубіла свой кажушок,
А да новага не адважная,
Хоць наўкола сцяной сняжок,
А ў казне ўсё звініць штось важнае.
Хоць часцей надыходзіць сон,
Каб заблытаць клубочкі з яваю,
Дзе ў мяне ёсць Анёл і Ён,
Дзе ёсць я – з кажушком і каваю,
Дзе ёсць Вечар майго жыцця,
Але я не яго абранніца,
Бо ў Палацы мы толькі ў гасцях,
А жывём – на паддашку ў Раніцы…
***
Я бываю, да сораму, рознай:
Ад п’янкога прызнання цвярозай,
Ад суворых вымоў захмялелай,
Напрадвесні па-восеньску спелай,
Ў родным гурце авечкай прыблуднай
І нямком у пустэльні бязлюднай,
У цішы ваяўніча-трывожнай,
Жаўруком над заснежанай пожняй,
А ўначы і бяссоннем ракі…
Як жа добра, што ты не такі!
Не барвяны, як шчыт ваяроў,
Не зіхоткі, як німб ліхтароў,
Не спатольны, як прага вайны,
Не бяздонны, як пространь віны,
Не салодкі, як помста вякоў,
Не чужы між людзей і ваўкоў,
Не размыты, як бераг ракі…
Вельмі добра, што ты не такі.
Бо калісьці надарыцца дзень –
Мы сустрэнемся, тут, на вадзе,
Пакаёўка і Вечны Кароль.
Нам спатрэбіцца годны пароль
З мноства сімвалаў, у якім
Я такая, а ты не такі.
Разнасцежацца вочы ў дым –
Ты развучышся быць маладым,
Ты запрагнеш быць сталым і розным:
Ад п’янкога прызнання цвярозым,
Ад суворых вымоў захмялелым,
Каласком між снягоў пераспелым,
Абнадзееным уласнаю стратай
На руінах Палаца за хатай…
А пакуль ты яшчэ не такі,
Мы ў абдымках нябачнай ракі.
Ў чоўне нашым – шчыты ваяроў
З кайданамі жывых ліхтароў.
***
Раніца. Водар тваёй кавы –
Пяшчотна-настойлівы, імпэтна-ласкавы.
Як пухаўка, што кранаецца пудрай твару:
Ствараеш маску, а пад ёй – мара…
Пра дзень урачысты з пялёсткаў не-ружы,
Пра вечар, што гушкае, а не кружыць,
Пра раніцу, што прыходзіць, а не ўрываецца…
Толькі вось ноч… ноч сюды не ўплятаецца.
Ні лістом, ні сцяблом, ні калючкамі.
Пустая, бяззорная, не балючая.
Нібыта й была – радно на акне,
А вочы заплюшчыш – нібыта бы й не.
Бо сон яшчэ лашчыцца да грудзей –
Сняжынкай па гонце, дажджом па вадзе,
Імкнецца спавіць у разбэрсаны шаль,
Здавіць, прыдушыць і ўсмешку, і жаль.
І верыцца нават, што ноч яшчэ тут –
Найпершая з лепшых няштучных атрут.
І верыцца: здолееш вусны развесці,
Каб першы атрутны кавалачак з’есці.
Ды… ранюся раптам. Аб тваю каву.
Зрабі й на мяне кубачак, будзь ласкавы.
Без цукру: у мяне соль ёсць і мары,
Анёлу салодкае быццам бы не да твару…
***
Я згубіла ключык ад аблокаў…
Не паглядзіш на сваім стале?
Я б сама, ды толькі стол далёка…
Ёсць і іншыя бясспрэчныя “але”.
З акуляраў лінза вось прапала –
Закацілася няведама куды.
Ці шукала я? А то ж, шукала…
Ды знайшла хіба птушыныя сляды:
Дробненькія, з пузікам травяным
Лістаношы ўпадабалі мой пакой,
Паміж кветак дывановых прыхаваны,
Прыцярушаны рамонкавай мукой.
Кажаш, папытаць у іх пра ключык?
Можа змёў каторы са стала крылом?
Ты з аблокаў, а такі калючы…
Кпіш. Губляю. Як заўжды – жывём.
***
Белая ціша паперы –
Ні воддыху, ні душы.
Ўспамінаў саляных кар’еры –
Не вычарпаць, не зашыць.
Танюткаю сіняю ніткай
Паўз вейкі жывая вада.
Я буду бязважкай і хісткай,
Я буду вучыцца гадаць
На картах заснежаных знакаў,
Дзе ёсць чысціня без крыві.
Я буду смяяцца і плакаць,
Я здолею сэрца прывіць
Вакцынай глыбокае скрухі
Ад полымя лёткіх надзей.
Мне вольна ў маўчанні і рухах,
Прасторна ў сабе, як нідзе.
Даўно ці забыўся: я Птушка,
Што неба нясе на крылах –
Магу ахінуць і загушкаць,
Магу спарадзіць цемру-страх…
Будзь песняй маёю і казкай!
Будзь целам вятраным зямлі,
Яе паўнаводдзем і ласкай!
Каб мне не згарэць, не змыліць
Між сініх вяршынь на паперы,
Над белай вясёлкай уначы.
Будзь казкай маёю… і верай.
Будзь спевам маім… і маўчы.
Заснежаны аркуш стала,
Бяссонная даўкая ціша.
Зіма лістапад замяла…
Мы побач. Нас двое. Мы пішам.
Здароўя вам, няхай Бог ахоўвае вашу сям’ю!
В который раз перечитала стихи Галины Зыряновой. Душевные, добрые, красивые, наполненные… Какая же она талантливая! Ты замечательная, Галочка, Галинка! Вашей семье всего самого лучшего. Вы , ребята, такие молодцы! В ожидании новых стихов
Алег і Галіна! Добры дзень! Як там мая першая частка Рэпіхава!? Чаму Вас німа у мяне на Аднакласніках. Захоцце. Паглядзіце на Міка Джагера у камізэльцы. Буду праездам падвязу другую частку. Калі хто цікавіцца маемі «граматамі» запрашайце на сустрэчу. Як Вас папярэдзіць!?. Напішэце свой тлф у гэтых каментах. Быў і забыў спытаць! З павагая пішучы брат Ваш «крывашынец» М.Т.