Суботні марафон
Суботнім планам не змагло перашкодзіць нават нелагоднае надвор’е: на рэспубліканскі суботнік сёлета ў Беларусі выйшлі больш за 3 мільёны чалавек у вялікіх і малых гарадах, аграгарадках і вёсках.
Па традыцыі ў суботніку прыняў удзел і Кіраўнік дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка ў складзе брыгады выконваў работы па бетанаванні маналітнай падлогі залаў харэаграфіі ў Цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, што будуецца ў Мінску. Перад пачаткам работ Кіраўніка дзяржавы праінфармавалі пра тое, як адбываецца ўзвядзенне цэнтра. Першапачатковы праект будаўніцтва быў замарожаны, пасля чаго выбралі больш эканамічны варыянт з выкарыстаннем камп’ютарнага мадэлявання будынка. Як праінфармавалі Прэзідэнта, выбраны аптымальны праект, у якім прадугледжана ўсё самае неабходнае для падрыхтоўкі спартсменаў па мастацкай гімнастыцы. Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу завяршыць будаўніцтва Цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі да сакавіка 2018 года.
22 красавіка на гэтым аб’екце на дапамогу будаўнікам прыйшлі дзяржслужачыя, спартсмены і трэнеры. Наогул жа, вышэйшыя службовыя асобы краіны, прадстаўнікі міністэрстваў і ведамстваў у гэты дзень працавалі на самых “гарачых” аб’ектах: добраўпарадкаванні і азеляненні, будаўніцтве новай лініі метро, расчыстцы лесу і г.д.
У Брэсце працоўны дэсант на чале са старшынёй аблвыканкама Анатоліем Лісам шчыраваў на будаўніцтве другой чаргі транспартнай развязкі “Заходні абход Брэста” (пуцеправод даўжынёй 2,5 кіламетра ў перспектыве звяжа пагранпераходы “Варшаўскі мост” і “Казловічы”). Работы на аб’екце былі распачаты ў сакавіку бягучага года, а іх завяршэнне запланавана на канец 2019-га. Кіраўнік вобласці прыгадаў значнасць транспартнай развязкі не толькі для горада, але і для ўсёй краіны. Тым, хто перасякае мяжу, будзе зручна рухацца ў розных напрамках, пазбягаючы праезду па цэнтры горада, атрымае разгрузку цэнтральная магістраль Брэста, дзе зараз надзвычай інтэнсіўны рух. Гэтымі днямі на будаўніцтве працуюць больш за 150 работнікаў будтрэсту № 8. У свой выхадны да іх далучыліся работнікі абласнога і гарадскога выканкамаў, якія былі задзейнічаны на бетонных работах і вязанні арматуры.
Добрай традыцыяй сталі суботнікі ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”. Менавіта тут у мінулую суботу былі сканцэнтраваны маладзёжныя сілы абласнога цэнтра. Разам з валанцёрамі БРСМ папрацаваць – добраўпарадкаваць тэрыторыю маладзёжнага патрыятычнага цэнтра, што будуецца, – выйшлі прадстаўнікі ветэранскіх арганізацый, прафсаюзаў. Плануецца, што цэнтр пачне функцыянаваць у 2018 годзе. На яго будаўніцтва пайшла частка сродкаў, заробленых жыхарамі вобласці падчас леташняга суботніка. Сёлета, дарэчы, маладзёжны патрыятычны цэнтр таксама ў пераліку аб’ектаў, на якія плануецца накіраваць грошы. Асноўная ж сума пойдзе на добраўпарадкаванне памятных мясцін і падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых лагераў да летняга сезона.
На Брэстчыне на суботнік выйшлі больш за 450 тысяч чалавек, у фонд суботніка пералічана больш за 860 тысяч рублёў.
На пытанне, што для вас суботнік, і зямляк-ветэран, і юная ляхавічанка адказалі амаль слова ў слова: справа гонару, традыцыя, магчымасць адчуць сваё актыўнае дачыненне да вельмі карыснага, прыгожага, выніковага, патрэбнага дзеяння. Сапраўды, у ім, гэтым дзеянні, мы разам у добрым памкненні. Колькі ж канкрэтных ”суботнікаўскіх” адрасоў, дакладных каардынат нашай нераўнадушнасці, у пэўнай ступені дабрачыннасці ўжо ўтварылі геаграфію практычнага саўдзелу ў справах на карысць агульную – краіны і кожнай сям’і, кожнага чалавека.
Вось і субота, 22 красавіка 2017 года, дабавіла старонак у рукастваральны сюжэт, назва якога – суботнік. Ён адбыўся. Дружны, шматколькасны і чакана радасны. Так, часам трохі дажджыла, было ветрана, але, як кажуць, хто хоча працаваць – той працуе. На Ляхавіччыне больш за 8500 чалавек прынялі ўдзел у рабочай ”чырвонай” субоце. Шмат пашчыравалі на добраўпарадкаванні горада і вёсак. ДРБУ № 200, напрыклад, наводзіла парадак абапал дарогі Ляхавічы-Грушаўка, а адна з брыгад Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа – у напрамку Камянкі. Лясгас убіраў аварыйныя дрэвы непадалёку ад аздараўленчага лагера ”Чайка”, дзе напярэдадні чысціню наводзілі работнікі аддзела адукацыі спорту і турызму райвыканкама. Прадпрыемства меліярацыйных сістэм ля гарадской крынічкі і далей уздоўж ракі Ведзьма распраўлялася са смеццем і непатрэбнымі зараснікамі, а яшчэ рабіла генеральную ўборку на сваёй тэрыторыі і ля дамбы ў вёсцы Кулікі.
З 10 гадзін раніцы 22 красавіка, як толькі закончыўся праліўны дождж, літаральна на вачах пачала абнаўляцца, добраўпарадкавацца і тэрыторыя паркавага ансамбля “Рэпіхава”. Шчыравалі педагогі і вучні Крывошынскай сярэдняй школы, работнікі лячэбна-вытворчых майстэрняў, “Свяціцадрэў”, пажарныя-выратавальнікі Ліпскага ПАВП, дэпутаты Крывошынскага сельсавета, у дапамогу ім – бензапілы, сякеры, граблі, лапаты, трактары, машыны. Настрой, у адрозненне ад надвор’я, быў радасны і бадзёры. Работы хапіла ўсім: спілоўвалі аварыйныя дрэвы, збіралі сушняк, ачышчалі тэрыторыю ад смецця.
– Мы з аднакласнікамі часта прыходзім у парк прыбірацца. Але сёння асаблівая атмасфера: хоць і працуем, а нібы свята. Напэўна таму, што чысціню ствараем разам, – гаворыць адзінаццацікласніца Крывошынскай СШ Крысціна Кожыхава, якая разам з дзевяцікласніцай Насцяй Свянтэцкай збірала сухія галінкі. Усе радаваліся, што дзякуючы ў тым ліку і іх намаганням адзін з самых прыгожых куточкаў Ляхавіччыны стане святлей і ўтульней.
– Хочам ператварыць наша Рэпіхава ў востраў чысціні, выграбаем “дабро”, якое за зіму тут назбіралася. Канешне, работы многа, але нічога, справімся, – бадзёра запэўніла дэпутат Крывошынскага сельсавета, стараста вёскі Заліпенне Валянціна Дыдышка.
Кожны з удзельнікаў суботніка, у тым ліку і тыя, хто ў гэты дзень выходзіў на сваё працоўнае месца, можа з чыстым сумленнем сказаць: гэты парадак мы навялі, гэта мы зрабілі! І зарабілі: 15 тысяч рублёў – такі ў грашовым вымярэнні вынік працоўнага дэсанта на рэспубліканскім суботніку на Ляхавіччыне.
Вольга БАРАДЗІНА,
Святлана БЕЛЬМАЧ,
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА
і Уладзіміра ЛЕШЫКА. Больш фота тут