Творчая думка ў дапамогу
Сярод пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, – чацвёра прадстаўнікоў Ляхавіцкага раёна. Фінансавую падтрымку Еўрапейскага Саюза па Праграме развіцця ААН, што рэалізуецца ў партнёрстве з Міністэрствам эканомікі краіны, атрымалі ляхавіцкія ініцыятывы, накіраваныя на далучэнне насельніцтва да здаровага ладу жыцця, развіццё жывёлагадоўлі і турыстычнага патэнцыялу, сацыяльных паслуг і сацыяльнай інтэграцыі. На гэтыя праекты ад ЕС-ПРААН накіравана 87921 еўра, яшчэ 26869 еўра – сафінансаванне з розных крыніц, у тым ліку бюджэтных.
У красавіку 44 пераможцы конкурсу з пяці пілотных раёнаў вобласці – Ляхавіцкага, Бярозаўскага, Пружанскага, Камянецкага і Брэсцкага – сталі ўладальнікамі сертыфікатаў на атрыманне фінансавай падтрымкі.
“Доўгая карова”
Такую інтрыгуючую назву атрымаў праект, ініцыяваны Брэсцкім абласным аграпрамысловым саюзам і фермерскай гаспадаркай “ЛагуЦін”. Асноўная яго ідэя ў тым, што жыхары сельскай мясцовасці, у прыватнасці Куршынавічаў і навакольных вёсак, дзе няма вялікіх сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, змогуць развіваць прыватнае прадпрымальніцтва ў выглядзе міні-фермаў. У бліжэйшых планах “ЛагуЦіна” – набыццё за сродкі ЕС-ПРААН статка племянных малочных кароў у СВК “Ляхавіцкі”.
А далей – яшчэ больш цікава і надзвычай прывабна для тых гаспадароў, хто жадае завесці ўласны статак ці пашырыць наяўны. Цёлачак ад племянных рагуль будуць перадаваць на свяце вёскі Куршынавічы бясплатна менавіта ў асабістыя падвор’і. А вось першае народжанае цяля неабходна на тых жа ўмовах – бясплатна – перадаць у іншае падвор’е. Племянныя каровы, якія потым папоўняць групу асноўнага статка, стануць “ЛагуЦінскай” уласнасцю. Выручка ад рэалізацыі малака пойдзе на зарплату жывёлаводам, а таксама на ўтрыманне племяннога статка. Пры захаванні тэхналогій ад кожнай каровы за час лактацыі рэальна атрымаць 8000 літраў малака: частку гаспадар зможа пакінуць для асабістых патрэб, частку (каля 5000 літраў) прадаць малочнаму заводу.
– На Брэстчыне ўсяго 6 фермерскіх гаспадарак, якія займаюцца малочнай жывёлагадоўляй, таму, бясспрэчна, зацікавіліся ініцыятывай кіраўніцтва Ляхавіцкага райвыканкама, якое прапанавала “ЛагуЦіну” паўдзельнічаць у фінансаванні праекта па развіцці племянной малочнай гаспадаркі. Канешне, былі здзіўлены, што два маладыя чалавекі не пабаяліся заняцца жывёлагадоўляй. Пазнаёміліся з іх планамі, убачылі перспектыву праекта і вырашылі іх падтрымаць, – адзначыў выканаўчы дырэктар Брэсцкага аграпрамысловага саюза Мікалай Казак.
Дарэчы, “Доўгая карова” прадугледжвае і стварэнне новых працоўных месцаў, у тым ліку і ў перспектыўным накірунку – самазанятасці, што цяпер асабліва актуальна, тым больш у сельскай мясцовасці. Плануецца арганізацыя семінараў і майстар-класаў для ўладальнікаў асабістых падсобных гаспадарак з удзелам выкладчыкаў Ляхавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Дарэчы, гэта ўстанова таксама суаўтар фінансавання праекта.
На сённяшні дзень на тэрыторыі Ганчароўскага сельсавета ў асабістых падвор’ях утрымліваецца 54 рагулі. Пры рэалізацыі ініцыятывы “Доўгая карова” пагалоўе сёлета павінна павялічыцца на 15 працэнтаў, а да 2020 года – як мінімум на 50 працэнтаў. Далей гэты працэс выйдзе за межы Куршынавіцкага і атрымае працяг у іншых сельсаветах раёна.
Фізкультура для ўсіх
Прыемная навіна: сёлета на гарадскім стадыёне “Колас” будзе ўладкавана воркаўт-пляцоўка. Аўтар сацыяльна-спартыўнай ініцыятывы “Даступны спорт для кожнага” – міжнароднае грамадскае аб’яднанне “ЭКАПРАЕКТ” , партнёр №1 – Ляхавіцкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа.
Старшыня цэнтральнай рады МГА “ЭКАПРАЕКТ” Ірына Усава адзначыла, што ў Ляхавічах ёсць уся неабходная інфраструктура для стварэння такой пляцоўкі, побач ДЮСШ з добрай базай. Але, бадай, галоўнае – адміністрацыя раёна зацікаўлена, каб насельніцтва – дзеці і дарослыя – займалася фізкультурай. Таму і ініцыявана стварэнне такога спартыўнага міні-гарадка. Плануецца, што ўжо гэтай восенню кожны жадаючы бясплатна ў любы час зможа наведваць пляцоўку. Наш райцэнтр стане адным з першых сярод невялікіх гарадоў краіны, дзе ёсць такое месца. Па запрашэнні “ЭКАПРАЕКТА” на воркаўт-пляцоўку для прапаганды спорту і здаровага ладу жыцця будуць прыязджаць і трэніравацца вядомыя беларускія спартсмены.
– Турнікі, брусы, шведская сценка, лаўкі і іншыя спартыўныя прылады будуць усталяваны на гумавым пакрыцці – усё нетраўматычнае. Таксама тут размесціцца спецыяльны корпус для заняткаў людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Улічаны і экалагічны бок: вакол будзе добраўпарадкавана тэрыторыя, устаноўлены кантэйнеры для паасобнага збору смецця, – гаворыць эксперт па арганізацыі мясцовых мерапрыемстваў “ЭКАПРАЕКТА” Максім Рэут.
За крок да электроннага рэцэпта
Яшчэ нядаўна заказ талона да ўрача праз інтэрнэт для жыхароў раёна быў немагчымы. Сёння пытанне вырашана.
– Павышэнне якасці і даступнасці аказання медыцынскай дапамогі насельніцтву – адна з прыярытэтных задач у тым ліку і для ляхавіцкіх медыкаў. Каб інфармацыйныя сувязі паміж усімі падраздзяленнямі ЦРБ былі не толькі надзейнымі, але і высокаскораснымі, неабходна стварэнне лакальнай камп’ютарнай сеткі. Гэта дазволіць укараніць электронныя рэцэпты і медкарты, скараціць час афармлення меддакументацыі, аптымізаваць штат паліклінікі, забяспечыць аператыўны кантроль за паказчыкамі работы, – тлумачыць асноўныя аспекты інавацыі праекта “Камп’ютарызацыя і інфарматызацыя аховы здароўя Ляхавіцкага раёна” галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч.
Ляхавіцкая ЦРБ у праекце выступіла як арганізацыя-заяўнік. Гэта мясцовая ініцыятыва накіравана ў тым ліку і на скарачэнне чэргаў на прыём, дазволіць урачу аператыўна атрымліваць інфармацыю аб дыягнастычных даследаваннях пацыента, выніках яго лячэння ў стацыянары. Нямала плюсаў і для пацыентаў – так званы сацыяльны эфект ад рэалізацыі праекта. Праз інтэрнэт можна будзе ўдакладніць графік работы медустаноў, асобных спецыялістаў, разлічыцца за платныя медпаслугі. Наяўнасць лакальнай вылічальнай і камп’ютарнай сеткі дазволіць аптымізаваць работу ўсіх службаў ЦРБ, што сэканоміць штогод суму эквівалентную за 5600 долараў.
Да вытокаў
Міжнародны дом мастацтваў у вёсцы Куршынавічы не першы год пад сваім дахам збірае мастакоў, музыкантаў, літаратараў, майстроў самых розных рамёстваў не толькі з Беларусі. Тут прахо-дзяць міжнародная алімпіяда мастацтваў, фестывалі традыцыйнай культуры і рамёстваў, сучаснага мастацтва, творчыя форумы, а ў іх межах – разнастайныя майстар-класы. Заснавальнік і дырэктар установы Валерый Ясевіч стаў ініцыятарам яшчэ аднаго праекта-пераможцы “Падтрымка дзелавой ініцыятывы насельніцтва на аснове развіцця народнай творчасці і адраджэння рамёстваў”.
Прадугледжана арганізацыя майстэрняў, у якіх запрошаныя майстры будуць навучаць дзяцей і дарослых сваім рамёствам, у тым ліку звязаным з мясцовымі традыцыямі і звычаямі.
–Перадумовы для аднаўлення старадаўніх беларускіх рамёстваў у нас ёсць. Летась ў Ляхавіцкім раёне афіцыйна гэтай справай займаліся 11 чалавек. Планую, што пры завяршэнні іх колькасць павялічыцца ўдвая і больш – а гэта яшчэ дадатковыя рабочыя месцы. Сувеніры будуць прадавацца ў тым ліку і турыстам. Рэалізацыя праекта дазволіць павысіць турыстычную прывабнасць Ляхавіцкага краю, у тым ліку і Куршынавічаў, – раскрывае мэту ініцыятывы Валерый Ясевіч.
У вучэбных майстэрнях адзінага ў рэспубліцы рэсурснага цэнтра развіцця творчасці і мясцовых ініцыятыў будуць створаны належныя ўмовы для якаснага засваення практычных навыкаў, аказвацца метадычная і кансультатыўная дапамога па ткацтве, жывапісу, маляванні на спілах дрэў, пляценні з газеты, сучасных тэхніках – дэкупажы, квілінгу, энкаўсціцы і інш.
Навучальныя праграмы прадугледжаны для школьнікаў і дарослых, у тым ліку і інвалідаў – усяго плануецца ахапіць гэтай ініцыятывай каля 2500 чалавек.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.
Цікава-цікава. Ідэі ўсе як адна практычнага значэння, для людзей і дзеля іх інтарэсаў. Пачакаем, як кажуць, ураджаю і паглядзім, што атрымаецца ў выніку.