Пра школьныя клопаты і такое блізкае лета

– Святлана Канстанцінаўна, дзень добры. Тэлефаную са Сваятычаў. Летам мае ўнукі пераедуць у вёску Улазавічы. Падкажыце, у якую школу яны будуць хадзіць –
Навасёлкаўскую ці Падлескую?
Данута Казіміраўна, в. Сваятычы.
– Улазавічы – мікрараён Падлескага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячага сада-базавай школы. Менавіта сюды арганізаваны падвоз хлопчыкаў і дзяўчынак з трох навакольных вёсак на школьным аўтобусе. Выбар робіцца на карысць бліжэйшай школы, таму Навасёлак на гэтым маршруце няма. Вашы ўнукі будуць наведваць навучальную ўстанову ў аграгарадку Падлессе. Дарэчы, штодзень 16 аўтобусаў аддзела адукацыі з розных кропак раёна ў школы і дзіцячыя садкі падвозяць больш за 700 рабят.
– Дзіця сёлета ідзе ў першы клас. Ці маем права наведваць садзік летам?
Кацярына Мікалаеўна.
– Канешне. Навучальны год заканчваецца ў дашкольнай установе ў маі, але яе дзверы адкрыты для “выпускнікоў” па 31 жніўня ўключна.
– Хацелася б ведаць, які лёс чакае памяшканні цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і старой спартыўнай залы ДЮСШ?
Святлана, г. Ляхавічы.
– Скажу так: спадзяёмся, што спартзала, пра якую вы вядзеце размову, пры фінансавай падтрымцы з вобласці да канца года будзе адрамантавана. Зроблена неабходная праектна-каштарысная дакументацыя.
У перспектыве, пры наяўнасці фінансавання, будзе выраблена праектна-каштарысная дакументацыя і на рамонт ЦДАДіМ.
– Ці працягнецца ў раёне аптымізацыя ўстаноў адукацыі ?
Алег Іванавіч.
– Каб была зразумела актуальнасць аптымізацыі, прывяду літаральна некалькі лічбаў: на ўтрыманне аднаго дзіцяці ва Ураджайнінскай дашкольнай установе ў год расходуецца 5700 рублёў пры сацыяльным стандарце 1170. На 7 хлопчыкаў і дзяўчынак, якія могуць наведваць дзіцячы сад у наступным годзе (вядома, усе хадзіць не будуць), тут прыходзіцца 9 работнікаў. Як гавораць, каментарыі лішнія. Таму прапрацоўваецца пытанне аб закрыцці гэтага садка. У такім выпадку будзе арганізаваны падвоз дзяцей у іншыя дашкольныя ўстановы, а ўсім работнікам прапануем працоўныя месцы ў адпаведнасці з іх кваліфікацыяй.
– Міністэрства адукацыі зацвердзіла пералік спецыяльнасцей, на якія ў ВНУ можна паступіць без экзамену. Хто будзе мець такую льготу?
Аляксандр Андрэевіч, г. Ляхавічы.
– У гэты пералік уключаны 29 найбольш запатрабаваных беларускай эканомікай спецыяльнасцей, сярод якіх, напрыклад, “машыны і абсталяванне ляснога комплексу”, “тэхнічная праца і прадпрымальніцтва”, “аграномія” і іншыя. Правам на залічэнне без уступных экзаменаў змогуць скарыстацца тыя, хто скончыў школу з залатым ці сярэбраным медалём, а таксама абітурыенты з прафтэх-адукацыяй, якія маюць агульную сярэднюю адукацыю з адзнакай, а таксама маючыя дыплом аб сярэдняй спецыяльнай адукацыi з адзнакай. Ільгота распаўсюджваецца і на пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, пералік якіх устанаўліваецца Міністэрствам адукацыі. Дадам, што ведамствам таксама зацверджаны парадак правядзення субяседаванняў для выпускнікоў педкласаў (груп), якія паступаюць без уступных іспытаў на педагагічныя спецыяльнасці.
– Дачка кожнае лета з задавальненнем адпачывае ў “Чайцы”. А дзе яшчэ школьніку ў нашым раёне можна сумясціць адпачынак і аздараўленне?
Валерый, г. Ляхавічы.
– У летніку сёлета плануем аздаравіць больш за паўтысячы рабят. Першая (з 5 па 13 чэрвеня) і апошняя (з 15 па 23 жніўня) дзевяцідзённыя змены са спартыўным ухілам прымуць выхаванцаў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. У другую (з 16 чэрвеня па 3 ліпеня), трэцюю (з 6 па 23 ліпеня) і чацвёртую (з 26 ліпеня па 12 жніўня) змены змогуць аздаравіцца ўсе жадаючыя школьнікі. Рабят чакае шмат цікавага і пазнавальнага. А бацькі могуць не хвалявацца і за якасць ежы – у летніку заўсёды працуюць кваліфікаваныя повары з устаноў адукацыі нашага раёна, якія маюць вялікі вопыт у тым, як смачна і па-дамашняму накарміць дзятву. Па папярэдніх разліках, бацькоўская даплата складзе 10 працэнтаў ад кошту пуцёўкі.
Хлопчыкаў і дзяўчынак прымуць і профільныя лагеры: адукацыйна-аздараўленчы “Эўрыка” і абаронна-спартыўны аздараўленчы “Выратавальнік” з кругласутачным знаходжаннем. На гэты раз яны размесцяцца ў Падлескім дзіцячым садзе-базавай школе.
12 чэрвеня адкрые сезон і перасоўны турысцкі палатачны лагер “Рабінзоны”. Акрамя гэтага, у СШ №№ 1, 2, Навасёлкаўскай і гімназіі арганізоўваюцца лагеры працы і адпачынку. Рабяты ва ўсіх установах адукацыі раёна (акрамя Ліпскай СШ) змогуць наведваць прышкольныя лагеры. У цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі зноў будзе дзейнічаць лагер “Усмешка” для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
– Які бал трэба мець для залічэння ў профільныя класы?
Антон, г. Ляхавічы.
– У профілі залічваюцца тыя рабяты, якія маюць адзнакі па профільных прадметах не ніжэй за 7 балаў, а сярэдні бал пасведчання аб агульнай базавай адукацыі – не ніжэй за 6.
Пытанне ад “ЛВ”.
– Ці ёсць у сістэме адукацыі раёна праблемы з кадравым забеспячэннем? Як плануецца іх вырашаць?
– Так, на жаль, па-ранейшаму не хапае ў раёне настаўнікаў фізікі і матэматыкі. Аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама падаў заяўку ў Міністэрства адукацыі, чакаем, што да нас прыедуць 3 маладыя спецыялісты. Наладжаны цесныя сувязі з Брэсцкім дзяржаўным універсітэтам імя А.С. Пушкіна. Вось і сёлета наш кадравік адправіцца туды на размеркаванне. Спадзяёмся, што нашы ўмовы зацікавяць маладых педагогаў.
Плануем, што летам у раён прыбудуць каля паўтара дзясятка спецыялістаў: філолагаў, выхавальнікаў, настаўнікаў пачатковых класаў і г.д.
На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.