Дробязяў тут не бывае. 28 красавіка адзначаецца Сусветны дзень аховы працы

Кожны год 28 красавіка адзначаецца  Сусветны дзень аховы працы. У аснове сваёй – гэта інфармацыйна-тлумачальная кампанія, маючая на мэце яшчэ раз засяродзіць увагу грамадства на азначаным пытанні. Лозунг заўтрашняга Дня – “Аптымізацыя збору і выкарыстання даных па ахове працы”. Паколькі даныя пра няшчасныя выпадкі і захворванні, звязаныя з працоўнай дзейнасцю, маюць важнае значэнне і ў плане іх прафілактыкі, па меркаванні МАП, існуе пільная неабходнасць удасканалення сістэм рэгістрацыі, уведамлення, збору і глыбокага аналізу ўсіх няштатных здарэнняў на вытворчасці.

Не першы год і, як сведчыць практыка, даволі вынікова і на агульную карысць, у Ляхавіцкім раёне функцыянуе мабільная група з ліку прадстаўнікоў органаў улады, дзяржаўнага нагляду, кантралюючых службаў. Прафілактычная функцыя – гэта пра іх, паколькі галоўная мэта і першая задача групы заключаецца ў аказанні суб’ектам гаспадарання дапамогі ва ўсім, што тычыцца здаровай працы (ці працоўнага здароўя). На ўзбраенні  – шэраг метадаў і спосабаў – тэарэтычных і практычных, як агульнапрынятых стандартных, так і з арсенала ўласных напрацовак. Актыўнасць групы – 25 рабочых рэйдаў, праведзеных з пачатку года па арганізацыях і прадпрыемствах, будаўнічых і іншых аб’ектах Ляхавіччыны. Не на кожным з іх, як паказвае выязная практыка, усё  дакладна з захаваннем нормаў і патрабаванняў аховы працы. Інспектары выявілі 285 адхіленняў і парушэнняў заканадаўства аб АП. Па выніках рэйдаў  кіраўнікам і спецыялістам устаноў-парушальнікаў выдадзена 25 рэкамендацый адносна выпраўлення падобных фактаў.

– Калі ў цэлым, то сітуацыю з аховай працы ў нашым раёне можна ацаніць як стабільна   добрую. З кожным годам у гэтым плане робіцца нешта новае ці большае. Напрыклад, больш дакладным і грунтоўным становіцца забеспячэнне работнікаў спецыяльным адзеннем і абуткам, сродкамі аховы і гігіены. Санітарна-бытавыя памяшканні набываюць новы функцыянал і эстэтыку. І кіраўніцтва праяўляе павышаную ўвагу і клопат пра сваіх працаўнікоў, і работнікі ўсё больш адказна ставяцца да пытанняў бяспекі на вытворчасці. Грубых, прынцыповых парушэнняў не зарэгістравана. Аднак, у пытаннях бяспекі дробязяў не бывае. Так, у некаторых магазінах райпо, далікатна кажучы, не надта ашчадна ставяцца да вядзення дакументацыі па АП, у асобных крамах былі выяўлены факты невыканання цеплавых рэжымаў. На адным з аб’ектаў ПМК-13 выкарыстоўваліся ненарматыўныя прыстаўныя драўляныя лесвіцы (стандартам да драбін прад’яўляюцца пэўныя і абавязковыя для выкарыстання патрабаванні). На шэрагу аб’ектаў аграпрамысловага комплексу раёна клінараменныя прывады даільнага і абсталявання для гноевыдалення не былі абсталяваны ахоўнымі кажухамі. Вароты асобных малочнатаварных фермаў не былі абсталяваны фіксатарамі. З праманітораных на прадмет аховы працы і выканання правіл тэхнікі бяспекі аграрыяў, найбольш выгадна адрозніваецца ДП “Нача”. Асабліва ашчаднасць вядзення дакументацыі – у гаспадарцы яна ў ідэальным стане, – пракаменціраваў сітуацыю член мабільнай групы па маніторынгу за станам АП на прадпрыемствах раёна, галоўны спецыяліст упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Мікалай Бурбуць.

Адным са стымулаў павышэння якасці намаганняў у накірункі бяспекі на вытворчасці служыць раённы агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Каля месяца назад сталі вядомы лаўрэаты мінулага года. Сярод арганізацый вытворчай сферы дзейнасці з колькасцю працаўнікоў да 150 чалавек званне лепшага ў раёне ў пытаннях арганізацыі работы па АП прысуджана ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”. У намінацыі звыш 150  работнікаў першынствавала ДЛГУ “Ляхавіцкі лясгас”. Сярод арганізацый невытворчай сферы дзейнасці вызначаны адразу два пераможцы: аднолькавую колькасць балаў набралі цэнтральная раённая бальніца і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

ТАА “Ляхавічыдрэў Экспарт” выйшла пераможцам конкурсу ў намінацыі сярод суб’ектаў малога прадпрымальніцтва. Пераможцаў чакаюць дыпломы і грашовыя прэміі. Гэта прыемныя, але, канешне ж, не галоўныя бонусы конкурсу. У прыярытэце – бяспека работнікаў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта http://www.delkniga42.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *