Сузор’е авенаў. Нерастыражаваная галіна сельгасвытворчасці – авечкагадоўля – здаўна прапісалася на гэтых землях Ляхавіцкага раёна

Загадчык фермы Рыгор Зубік са сваімі гадаванцамі

Нейкая пара сезонаў мінула з пары, як “Жарабковічы” сталі яшчэ і авечкагадоўчай гаспадаркай. Адбылося гэта пасля далучэння суседняга СВК ”Канюхі”. За гэты перыяд пашырылі і ўмацавалі             базу, завезлі на развод новую пароду жывёлы. Два памяшканні на тэрыторыі фермы, якія ў свой час  выкарыстоўваліся для ўтрымання БРЖ, былі адрамантаваны і пераабсталяваны пад авечак. Частка новавыгараджанай тэрыторыі, дзе ў якасці апорных слупоў былыя ва ўжытку жалезабетонныя чыгуначныя шпалы, прызначаецца пад пашу. Але гэта ў маі, калі трава падымецца да патрэбных кандыцый, і толькі для матачнага пагалоўя.

– Выпусці іх зараз – і праз дзень ад пашы нічога не застанецца, – тлумачыць сітуацыю загадчык фермы Рыгор Зубік.

Мы знаходзімся “на парозе” аднаго з адрамантаваных будынкаў – цяпер ужо аўчарні, заселенай патомствам бараноў-вытворцаў пароды мерыналандшаф. Іх закупілі параўнальна нядаўна і па рэкамендацыі спецыяльна на развод з мэтай атрымаць падпароду жывёл непераборлівых, вынослівых, мнагаплодных. Яны таксама адрозніваюцца больш высокімі сутачнымі прывагамі.

Але матэрыялізаваць тэо-рыю атрымалася пазней. Спачатку “ўзбагаціліся” адмоўным вопытам. Загадчык фермы праводзіць паралель з няўдалым першым блінам. Не адразу і  не па ўсіх параметрах праверылі завезеных жывёл. Дапушчаная пагрэшнасць у рабоце вярнулася негатыўным рэхам – падзеннем агульнага пагалоўя: на працягу 2016 года жарабковіцкая атара зменшылася на некалькі соцень галоў адносна базавага 2015-га.

Праведзеная работа над памылкамі дала вынік. За першыя тры месяцы бягучага года змаглі даатрымаць не адну сотню ягнят. Агульны наяўны статак жывёлы падраўняўся, ушчыльную наблізіўся да колькаснага паказчыка 2015 года. Рыгор Іванавіч аперыруе дакладнымі лічбамі:

– На 1 красавіка ў нас утрымлівалася 4487 жывёл. Маглі б больш, але пастановачныя плошчы ў дэфіцыце.

Урок па азах авечкагадоўлі працягваецца. Па словах спецыяліста, авечка – істота непатрабавальная, непераборлівая ў кармленні (да 85 працэнтаў характэрнай для Беларусі флоры можа служыць ёй рацыёнам). А вось скразнякі і сырасць з’яўляюцца галоўнымі ворагамі. Не дапусціць першага, забяспечыць сухім стойлам – правіла, якое павінна строга і на працягу ўсяго года выконвацца. Ніякай вільгаці і максімальна сухая – толькі салома ў якасці матэрыялу – падсцілка.

Пачутае адзін у адзін накладваецца на ўбачанае: у памяшканнях, дзе ўтрымліваюцца авечкі, бязветрана і суха, шчодры  кармавы стол. Асабліва ў ягнят, у распараджэнні якіх яшчэ і невялікія карытцы з дадатковым пайком. Цэльнае кукурузнае зерне, авёс, камбікорм. Такая кармавая прывілея ў іх ад тыднёвага ўзросту  і да моманту так званай адбіўкі. Дарэчы, самастойнасць у авечак таксама наступае “пасля 18-ці”… кілаграмаў набранай вагі.

Сузор’е жарабковіцкіх авенаў складаецца з пяці зорак. Прэкас і тэксель можна па праве аднесці ўжо да абарыгенных парод. Вырошчваюцца дастаткова даўно, і іх на Канюхоўскай ферме пераважная большасць. Ужо ўзгаданы мерыналандшаф і асканійская парода – свайго роду ноу-хау фермы. “Асканійцы” маюць дачыненне да групы шэрсна-мясных авечах, астатнія наадварот – мяса-шэрсныя. Адчуйце розніцу, як запрашае вядомая рэклама.

Пра рэкламу невыпадкова: названы маркетынгавы прыём значыцца ў арсенале ААТ “Жарабковічы” ў цэлым і Канюхоўскай авечкагадоўчай фермы ў прыватнасці. Паведамленні пра продаж даволі эксклюзіўнага тавару вісяць на палях сусветнай павуціны, з’яўляюцца ў друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі. Сарафаннае радыё не маўчыць. Але пакупніцкага ажыятажу вакол канюхоўскага тавару не назіраецца.

– Збыт ідзе цяжка. Купляюць прыватнікі. З мэтай развядзення ў асноўным, але малаактыўна – добра калі за месяц атрымліваецца прадаць такім чынам два дзясяткі жывёл. Значыцца сярод нашых дзелавых партнёраў Бярозаўскі мясакансервавы камбінат. Бяруць прыкладна 90-100  галоў у месяц, – прыводзіць гандлёвую статыстыку Рыгор Зубік.

Авечыя шкуры, аказваецца, на даны момант увогуле не ўяўляюць ніякай таварнай каштоўнасці, патэнцыяльных пакупнікоў гэта  спецыфічная сыравіна не прыцягвае. Ляжаць, пасоленыя мокра-салёным спосабам, гаворыць загадчык фермы.

З рэалізацыяй воўны, якой, дарэчы, у мінулым годзе было здабыта крыху больш за 8 тысяч кілаграмаў, таксама не ўсё проста. Размешчаная ў Мінскай вобласці валюшна-лямцавая фабрыка прапануе не лепшыя ўмовы супрацоўніцтва, дыктуе пастаўшчыкам цёплай сыравіны свае правілы.

Вось і атрымліваецца, што жарабковіцкае сузор’е авенаў свеціць, але ў фінансавым плане не надта грэе сваіх гаспадароў.

Рыгор Зубік мае на гэты конт сваё меркаванне. Лічыць, што ў даных рэаліях і іх сітуацыі зарабіць “на авечках” можна пры ўмове арганізацыі мясаперапрацоўчага цэха. Невялікага, кампактнага, тэхналагічнага – свайго. Каб і забой, і раздзелка, і фасоўка, і ўпакоўка. З такім таварам можна выходзіць з прапановай супрацоўніцтва на любы супермаркет. І не адзін.

Гэта мары, аднак іменна з іх пачынаецца матэрыялізацыя любога праекта.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


One thought on “Сузор’е авенаў. Нерастыражаваная галіна сельгасвытворчасці – авечкагадоўля – здаўна прапісалася на гэтых землях Ляхавіцкага раёна

  • 30/04/2017 в 22:18
    Permalink

    молодец Гриша!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *