Дыстанцыя Улада Марціновіча
Калі ў падрабязнасцях, то два медалі разам з іх уладальнікам засталіся ў Брэсце – там, дзе тыдзень таму і завяршылася першынство Рэспублікі Беларусь па лёгкай атлетыцы сярод 14–15 гадовых спартсменаў. Справа ў тым, што пераможца ў спаборніцтвах па кіданні дыска і другі прызёр сярод штурхальнікаў ядра ляхавічанін Максім Падзіна з нядаўняй пары перабраўся ў горад над Бугам – з’яўляецца навучэнцам вучылішча алімпійскага рэзерву.
Двойчы “бронзавым” – у бегу на 400 метраў і ў складзе эстафетнай каманды вобласці – станавіўся Кірыл Максіменка. Больш таго, іменна наш зямляк вывеў эстафетны квартэт на высокае трэцяе месца. Кірыл расказвае: “Выступаў фінішорам, свой этап прыняў, калі каманда знаходзілася на агульным пятым месцы. На працягу круга ўдалося падняцца на пару пазіцый”.
Яшчэ адзін наш чалавек на спаборніцтвах – Уладзіслаў Марціновіч – спецыялізуецца ў бегу на сярэднія дыстанцыі. У Брэсце Улад таксама двойчы падымаўся на п’едэстал гонару: на трэцюю яго прыступку ў бегу на 800 метраў і на самую верхнюю за перамогу на дыстанцыі 2000 метраў з перашкодамі.
Дзве тысячы з перашкодамі, канешне ж, далёка не самы лёгкі від лёгкай атлетыкі. Гэта 5 кругоў па стадыёне з неабходнасцю пераадолення на чатырох з іх шэрагу перашкод бар’ернага тыпу. У тым ліку і ў самым прамым сэнсе даводзіцца мачыць шыпоўкі ў яме з вадой. “Рваны” тэмп бегу прад’яўляе асаблівыя патрабаванні да ступені вынослівасці спартсменаў, шмат залежыць ад тэхнікі пераадолення перашкод.
Нямногім больш за 6 з паловай мінут знаходзіўся Уладзіслаў на пераможнай для сябе дыстанцыі. Расказвае: “Са старту і на працягу амаль што паўтара кіламетра трымаўся ў першай тройцы, здаралася, выходзіў на другую пазіцыю – ”станавіўся за спіну” лідару. Ну а метраў за 600 да фінішу прыбавіў, выйшаў на першае месца, якое ўжо не ўступіў. Другі прызёр паадстаў метраў на 50. Такі тактычны расклад па дыстанцыі прапанаваў трэнер, і ўсё атрымалася”.
У лёгкай атлетыцы Уладзіслаў Марціновіч аказаўся “за кампанію”. Яго нямногім старэйшы сусед пэўны час наведваў ДЮСШ, меў асобныя поспехі. Выйграваў, у прыватнасці, першынство раёна сярод сваіх аднагодкаў. У нейкі момант і Улад разам з Віталіем наведаўся на адну з трэніровак. Трапіў, што называецца, з карабля на баль: у раскладзе заняткаў значыўся пяцікіламетровы крос. Зусім не разміначнае практыкаванне і для падрыхтаваных, для абсалютнага ж навічка – тое яшчэ выпрабаванне. Тым не менш, дэбют атрымаўся. “Дыстанцыю вытрымаў лёгка. Прыроднай вынослівасцю адразу звярнуў на сябе ўвагу”, – трэнер Андрэй Іванюценка і зараз у дэталях памятае той забег. Прыйшлося даспадобы і самому дэбютанту, на той час – сямікласніку сярэдняй школы. Ды так, што некалькі першых месяцаў былі жаданне і гатоўнасць трэніравацца штодзень і памногу. На настойлівыя прапановы Улада “пайсці на секцыю”, сябру-суседу даводзілася нагадваць, што гэта не кожны дзень, што ёсць расклад.
Не доўга прыйшлося чакаць і першага заметна сур’ёзнага поспеху. Праз год рэгулярных трэніровак Уладзіславу двойчы пакарылася першынство Брэстчыны. Выйграў забегі на 1500 метраў і на 3000 метраў.
Але ж вернемся на спартыўны комплекс “Брэсцкі”, яшчэ раз узгадаем падзеі юнацкага першынства Рэспублікі Беларусь. Пасля дыстанцыі 2000 метраў Уладзіславу належала стартаваць і на 800 метрах. Калі адным словам, каб ахарактарызаваць гэту дыстанцыю часта выкарыстоўваюць эпітэт “конская”. Можна спрачацца, аднак жа, факт, што яна адна з самых цяжкіх у лёгкаатлетычнай праграме. Два кругі па стадыёне, на ўсім працягу якіх амаль спрынтарскія хуткасці суседнічаюць са стаерскай тактыкай. Кантактная барацьба, якая зусім не выключае і рознага роду “неспартыўныя паводзіны”. На пытанне, ці мог паказаць больш высокія вынікі, Улад адказвае: “Малаверагодна. Са старту адразу пайшоў наперад і метраў 700 “цягнуў” увесь караван. Але на завяршальны адрэзак сіл не хапіла, і на самым фінішы абагналі”.
Па выніках спаборніцтваў былі названы таксама і лепшыя каманды першынства краіны. Пры ўплывовым удзеле нашых Максіма Падзіны, Кірыла Максіменкі, Уладзіслава Марціновіча дружына Брэсцкай вобласці заняла другое агульнакаманднае месца. Вышэй – толькі лёгкаатлеты Віцебшчыны.
А на сёння запланаваны чарговы прэстыжны старт нашага галоўнага героя ў Гродна, дзе праходзіць чэмпіянат і першынство Рэспублікі Беларусь па кросе.
Іван КАВАЛЕНКА