Кітай – гэта блізка. У мінулую сераду госці з Кітая завіталі на Ляхавіччыну
Напачатку мая па запрашэнні Брэсцкага аблвыканкама нашу вобласць наведала дэлегацыя кітайскіх дзелавых колаў. Асноўная мэта візіту – вывучэнне магчымасцяў інвеставання замежнага капіталу ў мясцовую вытворчасць.
У мінулую сераду госці з Кітая завіталі на Ляхавіччыну. Падчас сустрэчы старшыня райвыканкама Вячаслаў Сельмановіч зазначыў, што ў раёне нямала вытворчасцей, дзе будуць рады замежным інвестыцыям, як і заключэнню экспартных дагавораў аб пастаўцы нашай прадукцыі ў Кітай.
Дэлегацыя, у складзе якой прадстаўнікі кансалтынгавых і будаўнічай кампаній, сеткі ювелірных магазінаў, пабывала на Ляхавіцкім кансервавым заводзе, дзе не толькі пазнаёмілася з вытворчасцю, але і прадэгуставала прадукцыю. Асабліва спадабаўся гасцям бярозавы сок.
Дырэктар прадпрыемства Соф’я Болтуць прадставіла бізнесплан праекта па вытворчасці новых відаў прадукцыі. Для яго рэалізацыі завод шукае інвестараў, гатовых укласці ў перспектыўную справу каля 25 мільёнаў долараў.
Відавочны інтарэс у замежных гасцей выклікала наведванне Ляхавіцкага льнозавода. Яны адзначылі чысціню і парадак на тэрыторыі прадпрыемства, у цэхах. Цікавіла ўсё: працэсы вырошчвання і перапрацоўкі льну, аб’ём выпускаемай прадукцыі, яе кошт, рынкі збыту, якасць сыравіны, магчымасці для пашырэння вытворчасці, умовы заключэння дагавора на пастаўку ляхавіцкага льновалакна ў Кітай. На ўсе пытанні даў падрабязныя адказы дырэктар ААТ Дзмітрый Скакун. Ён расказаў, што летась на экспарт прададзена прадукцыі на 1630 тысяч долараў, з якіх на 1224 тысячы долараў – у Кітай. Прадстаўнікі замежнай дэлегацыі прадэманстравалі зацікаўленасць у супрацоўніцтве, у прыватнасці, па пытаннях пастаўкі ляхавіцкага льновалакна.
Генеральны дырэктар кансалтынгавай кампаніі з правінцыі Хэнань Лю Цье Мін выказаў захапленне Ляхавічамі, назваў наш горад прыгожым і ўтульным. Тут, на яго думку, створаны ўсе ўмовы для паспяховага вядзення бізнесу. Асабліва кітайскі бок зацікавіла магчымасць супрацоўніцтва ў галіне аграпрамысловага комплексу, у тым ліку перапрацоўкі, на прадукцыю якой ёсць попыт у іх краіне.
Галіна КАНЬКО.