ЛОР-устаноўка – для бальніцы абноўка
На фоне праблем, якія сёння ёсць у медыцыне, нельга ўсё ж не заўважаць станоўчыя зрухі ў галіне аховы здароўя, у тым ліку і ў аснашчэнні медустаноў новым сучасным абсталяваннем.
Урач-оталарынголаг цэнтральнай раённай бальніцы Васілій Гарбачоў не хавае задаволенасці. Сёлета ў кабінеце паліклінікі, дзе ён вя-дзе прыём пацыентаў, з’явілася сучаснае медыцынскае абсталяванне – ЛОР-устаноўка коштам 65 мільёнаў рублёў (дарэчы, такая медыцынская навінка пакуль ёсць толькі ў некалькіх раённых бальніцах Брэстчыны).
Многафункцыянальны высокатэхнічны апарат шырокага спектра дзеяння прызначаны для дыягностыкі і лячэння захворванняў вушэй, носа, горла, трахеі ў амбулаторна-паліклінічных умовах.
— Цяжка пералічыць усе перавагі гэтай шматпрофільнай устаноўкі над яе папярэдніцай. Можна больш якасна і дасканала без спецыяльнай падсветкі зрабіць агляд, а дзякуючы эндаскопу – абследаваць нават пярэднюю частку трахеі. Адпала неабходнасць пераводзіць пацыента ў другі кабінет, каб прамыць вушы. Для выканання гэтай працэдуры ў апараце ўстаноўлена спецыяльная праграма: вада аўтаматычна падаграецца да тэмпературы 37 градусаў (яе паказвае датчык) і пад устаноўленым ціскам прамываецца орган слыху. Таксама аўтаматычна вада зліваецца ў каналізацыю, і няма неабходнасці дадаткова апрацоўваць спецрастворамі інструменты, таму што паралельна яны абеззаражваюцца, – расказвае Васілій Гарбачоў.
У камплекце ўстаноўкі прадугле-джана і спецыяльнае крэсла для ўрача, і рэгулюемае сядзенне для пацыента. Стала зручней і медсёстрам. А інструменты ўтрымліваюцца ў герметычным латку, што забяспечвае іх стэрыльнасць.
— Апарат прыстасаваны для арашэння і распылення лекавых раствораў непасрэдна ў насаглотцы, што замяняе пацыенту інгаляцыю, — гаворыць урач-оталарынголаг.
Пацыентам устаноўка таксама прыйшлася даспадобы, у новым крэсле, якое падганяецца пад рост і вагу канкрэтнага чалавека, больш зручна, ён адчувае сябе больш упэўнена перад аглядам урача, асабліва гэта датычыцца дзяцей. Гэты апарат нямецкай вытворчасці райбальніца атрымала ад Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.
Галіна КАНЬКО