Вось такая галантарэя
Некалькі дзясяткаў гадоў таму, калі яшчэ не існавалі камерцыйныя крамы, магазіны раённай спажывецкай кааперацыі былі бадай адзіным месцам, дзе пакупнік мог задаволіць свой спажывецкі попыт.
Заўжды было мнагалюдна ў гандлёвых кропках накшталт “Гастранома”, “Цэнтральнага”, “Галантарэі”, універмага і г.д. Крыху пазней з’явіўся “Салон для маладажонаў”, які размяшчаўся на вуліцы Матросава.
Аматары кулінарных вырабаў спяшаліся ў гарадскую кулінарыю, каб паласавацца свежымі з полымя, з жару пончыкамі, беляшамі, булачкамі, пірожнымі. Многія, напэўна, памятаюць, як расхоплівалі навінку – торт “Птушынае малако” (некаторыя нават лічылі, што ляха-віцкія кандытары пяклі яго лепш, чым сталічныя).
На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя адкрылі магазін “Крама”, які збіраліся зрабіць паказальным для ўсяго ляхавіцкага гандлю, і таму месцам яго “дыслакацыі” выбралі першы паверх будынка, дзе размяшчаецца і зараз праўленне райпо. І сапраўды, тады ў “Краме” і тавар радаваў шырокім асартыментам, і адбою ад пакупнікоў не было.
Прайшлі гады, адкрылі кропкі прадстаўнікі гандлю іншых формаў уласнасці, якія хутка занялі сваю нішу ў гандлёвым абслугоўванні ляхавічан, прывабліваючы пакупнікоў разнастайнасцю тавараў, іх якасцю і культурай абслугоўвання. У райпоўскім гандлі адбыліся змены. Розныя. Магазін, дзе на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў прадаваліся хлеб і хлебабулачныя вырабы, ператварыўся ў краму, дзе прадавалі бытавую тэхніку, потым – уцэненыя тавары, а цяпер ён і ўвогуле зачынены. Такі ж лёс напаткаў і “Галантарэю”, у будынку якой потым былі “Рытуальныя тавары”, і “Спорттавары”, а сёння паціху развальваецца, таму што не эксплуатуецца.
Па словах прадстаўнікоў райспажыўсаюза, на пачатку гэтага года райпо прадало будынак баранавіцкай фірме, але яна пакуль не надта клапоціцца ні пра памяшканне, ні пра тэрыторыю навокал, якая парасла пустазеллем і закідана смеццем. Рыбны, абутковы, уцэненых тавараў – гэта трансфармацыі магазіна, які размешчаны па вуліцы Леніна ля кіёска Брэстаблсаюздруку, сюды цяпер пакупнікі зазіраюць рэдка. Не надта многа іх і ў “Крамы”. Гэта гандлёвая кропка займае немалую плошчу, а вось выбар тавару пакідае жадаць лепшага. Дарэчы, для параўнання: сярэднямесячны тавараабарот “Крамы” складае 25 млн. рублёў, а, напрыклад, ва ўніверсаме “Радуга” – 400 млн. рублёў. А калі ўлічыць, што літаральна праз некалькі дзясяткаў метраў па вуліцы Леніна размешчаны яшчэ два прадуктовыя магазіны — “Меркурый” і на 1-м паверсе Дома гандлю з аналагічным асартыментным пералікам, то ўвогуле застаецца незразумелым, навошта столькі аднатыпных магазінаў у адным месцы.
Можа варта было б перагледзець іх асартыментную накіраванасць і больш эфектыўна выкарыстоўваць гэтыя гандлёвыя плошчы? А калі райпо не ў стане самастойна запоўніць рынак неабходным і папулярным таварам, то, магчыма, ёсць сэнс здаць гэтыя магазіны ці частку ў арэнду тым, хто больш удала распарадзіцца гандлёвымі плошчамі. Гэта датычыцца і былой кулінарыі, і калісьці вельмі папулярных сярод адпачываючых кафэ “Ля каштана” і “Русалка”.
Тым больш, што, нягледзячы на розныя пралікі, райпо пры жаданні ўмее арганізаваць гандаль належным чынам. Узяць хаця б аддзел прамысловых тавараў на 2-м паверсе Дома гандлю. Нямала было скептыкаў, якія сцвярджалі, што дарэмна “прагналі” адтуль іпэшнікаў, і што паліцы будуць заўжды паўпустыя. Аднак, пасля рэканструкцыі хутка ва ўсіх прамысловых аддзелах па-ранейшаму пастаянна абнаўляецца тавар, што, безумоўна, задавальняе і прадаўцоў, і, канешне, пакупнікоў.
Не менш папулярныя ў ляхавічан і гасцей горада магазіны “Аліса”, “Мэбля” і “Гаспадарчыя тавары”, універсам “Радуга”, “Кааператар”. Чаму б з улікам кан’юнктуры рынку не задаволіць попыт пакупнікоў і не напоўніць пустуючыя гандлёвыя кропкі патрэбным таварам? Якім? Вернемся зноў да “Галантарэі” – патрэбнасць у падобных дробязях адчувальная. Можа варта паспрабаваць адзін з пустуючых магазінаў запоўніць гузікамі, маланкамі, кнопкамі, сумкамі, ніткамі для шыцця, вышыўкі і вязання і іншымі неабходнымі і патрэбнымі рэчамі ў дастатковым асартыменце. Пакупнікі толькі дзякуй за гэта скажуць.
P.S. Як бачна, у райцэнтры шмат пустуючых плошчаў, а… дзіцячага кафэ па-ранейшаму няма. На жаль, для наведвальнікаў. А для райпо ці індывідуальных прадпрымальнікаў, напэўна, праект быў бы прыбытковым.
Галіна КАНЬКО