Нам давяраюць!

Для  рэдакцыі “Ляхавіцкага весніка”  сёлетняе прафесійнае свята – Дзень друку –  расквечана асабліва ўрачыстымі  падзеямі і эмоцыямі.   На цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў ХІII Нацыянальнага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі газета адзначана  галоўнай   журналісцкай   ўзнагародай – “Залатой Ліцерай” – у намінацыі “Лепшыя матэрыялы грамадска-палітычнай тэматыкі”. Прывабная дзяўчына-статуэтка – мара, арыенцір і адзнака дзейнасці   кожнага газетчыка і ўсяго калектыву.  А днём раней “ЛВ” гучаў сярод пераможцаў яшчэ аднаго прэстыжнага рэспубліканскага творчага конкурсу на лепшае асвятленне ў СМІ дзейнасці органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў МУС, прысвечанага 100-годдзю беларускай міліцыі, у намінацыі  “Лепшая раённая газета” за актыўную работу па фарміраванні станоўчага іміджу міліцыі і актуальнасць матэрыялаў
аб дзейнасці  вартавых правапарадку.

Аўтарытэтнае   дзейства

Спецыялізаваная выстаўка “СМІ ў Беларусі” за  гады існавання стала не проста неад’емнай часткай жыцця журналісцкай супольнасці, але і набыла статус форуму электронных, друкаваных сродкаў масавай інфармацыі  міжнароднага маштабу. “Нам давяраюць!” – такі дэвіз сёлетняй ХХІ выстаўкі,  што праходзіла ў Мінску з 3 па 6 мая. Каля 100 экспазіцый на плошчы больш чым у тысячу квадратных метраў  прадстаўлялі больш за 400 сродкаў масавай інфармацыі, тэле- і радыёпраграм і каналаў з Беларусі, Расіі, Балгарыі, Літвы, Азербайджана, Індыі, Латвіі і іншых краін. Спецыяльны госць – СМІ Кітайскай Народнай Рэспублікі. Паміж журналістамі нашай краіны і Паднябеснай не было моўных перашкод – госці  выдатна размаўляюць на рускай мове.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка накіраваў прывітанне ўдзельнікам, гасцям і арганізатарам Міжнароднай выстаўкі. Намеснік Прэм’ер-міністра Беларусі Васілій Жарко зачытаў яго падчас адкрыцця форуму.  “Гэта маштабная падзея мае ў нашай краіне вялікі грамадскі рэзананс. Штогадовая дэманстрацыя магчымасцей нацыянальных сродкаў масавай інфармацыі пераканаўча сведчыць аб іх значным патэнцыяле.  Упэўнены, што правядзенне дыскусій, круглых сталоў, майстар-класаў вядучых журналістаў паслужыць павышэнню прафесійнага майстэрства і далейшаму развіццю дзелавых і творчых кантактаў у сферы сродкаў масавай інфармацыі”, – гаворыцца ў прывітанні.

Медыйны форум – маштабнае, яркае, прыгожае і аўтарытэтнае дзейства. Для журналістаў яно  –  і месца сустрэчы з калегамі, абмену вопытам, і пляцоўка для  прэзентацыі сваіх  дасягненняў  і напрацовак. Падчас экскурсіі па стэндах і павільёнах рэспубліканскіх і рэгіянальных друкаваных і электронных СМІ, спецыялізаваных і ведамасных выданняў, газет вышэйшых навучальных устаноў, прамысловых прад-прыемстваў, навуковых арганізацый часам здавалася, што  трапіў на пляцоўку кінастудыі: тут табе Скарына  і салдаты  напалеонаўскай арміі, іншыя героі-персанажы, інсталяцыі і рэканструкцыі падзей. Можна было нават убачыць, як выглядала пішучая брація – журналісты – гадоў 100 назад: у цяльняшцы і скураной куртцы, у гімнасцёрцы і чырвонай хустцы… Конкурсы, віктарыны, розыгрышы прызоў, выступленні артыстаў стваралі атмасферу вялікага агульнага свята.   За чатыры дні на выставе праведзена каля 200 круглых сталоў і творчых сустрэч,  майстар-класаў і аўтограф-сесій, флэш-акцый і г.д.

Прафесіяналізм   і адказнасць

Прафесіяналізму і адказнасці СМІ ў зменлівым свеце была прысвечана канферэнцыя, што прайшла з удзелам міністра інфармацыі Ліліі Ананіч. Асноўнай тэмай сустрэчы стала інфармацыйная бяспека. Кіраўнік ведамства  падкрэсліла, што галоўныя складнікі прафесіі  журналіста – прафесіяналізм і адказнасць. Сёння медыясфера Беларусі – канкурэнта-здольная, дынамічна развіваецца інфармацыйная прастора, якая заўсёды павінна заставацца прафесійнай, адказнай, працаваць на карысць сваёй краіны і падтрымліваць мірныя ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі.  Лілія Ананіч адзначыла, што ў рэспубліцы больш за 6 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту. Міністр заклікала да  ўкаранення механізмаў рэгулявання ў інфармацыйнай прасторы і забеспячэння бяспекі ў  інтэрнэце  для дзяцей і грамадства ў цэлым. А для гэтага  неабходна аб’яднаць намаганні  ўсім  удзельнікам інфармацыйнага поля. Напрык-лад, у фармаце грамадска-дзяржаўнага партнёрства.

Абмяркоўваліся на канферэнцыі сучасныя выклікі і пагрозы ў інфармацыйнай сферы, далейшае развіццё інфармацыйнай  прасторы Беларусі, прафесійная этыка журналістаў, замежны вопыт дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі і г.д.

Дырэктар інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Катляроў адзначыў, што сёння ў сродкаў  масавай інфармацыі вялікі каэфіцыент даверу насельніцтва. Літаральна некалькі лічбаў: кожны другі  беларус штодзень уключае тэлевізар і глядзіць адзін з папулярных каналаў, лепшую газету чытае  кожны чацвёрты. Газеты, часопісы ніколі не прайграюць інтэрнэту, перакананы Ігар Катляроў.  Заўсёды знойдуцца людзі, якія будуць аддаваць перавагу друкаваным СМІ.

Старшыня тэлерадыёвяшчальнай арганізацыі Саюзнай дзяржавы Мікалай Ефімовіч расказаў пра перспектывы развіцця канала ТРА і змяненні, якія чакаюць гледачоў.

“Роля мясцовага самакіравання ў грамадскім і сацыяльна-эканамічным жыцці рэгіёнаў і краіны   ў цэлым” – у тэматычным  круглым  стале прыняў удзел старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Леанід Цупрык. Ён адзначыў, што недастаткова выкарыстоўваюцца магчымасці тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, у тым ліку мясцовымі Саветамі. Калі яно будзе працаваць, многія пытанні вырашацца хутчэй.

… і  “Март”, і манетка на памяць

– Вы так шчыра запрашаеце, што не змог не зайсці да вас, – падзяліўся адзін з  наведвальнікаў павільёна Брэсцкай вобласці.   Начальнік аддзела СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юлія Цікунова сустракала шматлікіх гасцей. Перад экспазіцыйным стэндам Брэстчыны  ўвесь час   шматлюдна. Тут і канцэрт  самадзейных артыстаў, і прэзентацыі  раённых  выданняў, і выстава Брэсцкай абласной  бібліятэкі, прысвечаная    500-годдзю беларускага кнігадрукавання “Ад буквіцы да слова”, і многае іншае. Але галоўнай фішкай стала  рамесная майстэрня-анімацыя “Брэсцкі манетны двор” Ігара Міхальчука, дзе ўсе жадаючыя маглі паспрабаваць сябе ў ролі каваля  і атрымаць на памяць арыгінальны цудоўны сувенір – манетку-барацінку.  Адметна, што  госці  ў абласны павільён заходзілі  мэтанакіравана за рэгіянальнай прэсай, каб пацікавіцца жыццём  землякоў, расказаць пра сябе. Уразіла, калі ўбачыла каля кітайскай экспазіцыі  мужчыну з “Ляхавіцкім веснікам” у руках. Аказваецца, некалі ён змяніў ляхавіцкую прапіску на сталічную, але настальгія па раёне засталася. З выставы на памяць узяў “ЛВ” і надпіс з кітайскімі  іерогліфамі. Яны, дарэчы, карысталіся вялікай папулярнасцю, і госці з Паднябеснай, не стамляючыся, пэндзлем і фарбай выводзілі прозвішчы, імёны на паштоўках, лістах.

А яшчэ менавіта на выставе, у павільёне Брэсцкай вобласці, адбылася вельмі прыемная і  значная падзея – прэзентацыя паэтычнага зборніка “Март” галоўнага  рэдактара “Ляхавіцкага весніка” Вольгі Барадзіной. Пачынаецца ён рэцэнзіяй вядомага беларускага паэта Леаніда Дранько-Майсюка.

… Усё ж такі вясна – цудоўная  пара года. Расквечвае, абуджае  прыроду, натхняе і дорыць незабыўныя імгненні. І так хочацца займацца любімай справай, якая патрэбна людзям, звяртацца да цябе, гутарыць з табой, адказваць на твае пытанні, палемізаваць, згаджацца, разважаць, наш дарагі чытач!

Наталля  ПЕРАПЕЧКА.

Фота аўтара.

Больш фота тут

На экспазіцыі «СМІ Брэстчыны» намеснік Прэм’ер-міністра Васілій Жарко і міністр інфармацыі Лілія Ананіч.

Намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Сяргей Сверкуноў (справа) з госцем выставы.

«Ляхавіцкі веснік» спадабаўся і гасцям з Паднябеснай.

«Брэсцкі манетны двор» карыстаўся на выстаўцы папулярнасцю.

У адзін з дзён удзельнікам выстаўкі дарыў святочны настрой ляхавіцкі «Экспрэс».

Сярод брастаўчан – пераможцаў рэспубліканскага творчага конкурсу ў гонар стагоддзя беларускай міліцыі – «Ляхавіцкі веснік», які прадстаўляла Наталля Перапечка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *