Хто апошні за цялём?
”ЛВ” паведамляў, што сярод пераможцаў конкурсу мясцовых ініцыятыў, які праводзіўся ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС-ПРААН “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь” – і 4 ініцыятывы з нашага раёна. Першым з ляхавіцкіх пачаў рэалізоўвацца праект “Доўгая карова”.
Напрыканцы красавіка ў аграгарадку Тальмінавічы, вёсках Куршынавічы і Ганчары былі арганізаваны сельскія сходы, на якіх прадстаўнікі Брэсцкага аграпрамысловага саюза і фермерскай гаспадаркі “ЛагуЦін” расказалі пра мэту ініцыяванага імі праекта, яго фінансаванне, перспектывы для насельніцтва. Сутнасць ініцыятывы ў тым, што за сродкі фінансавай дапамогі набываецца племянны статак, і першых цялушак ад гэтых рагуль фермерская гаспадарка будзе перадаваць бясплатна вяскоўцам для развіцця прыватных падвор’яў. Прапанова зацікавіла, і ўжо ў час сходаў некаторыя былі гатовы заключыць дагаворы на перадачу маладняку буйной рагатай жывёлы. Між тым, каб атрымаць такі падарунак, неабходна падаць заяўку ў створаны савет (у яго складзе – прадстаўнікі райвыканкама, Брэсцкага аграпрамысловага саюза, фермерскай гаспадаркі “ЛагуЦін”, сельвыканкама, аграрнага каледжа), які і прыме канчатковае рашэнне па гэтым пытанні.
Сустрэчы з насельніцтвам – толькі адзін з этапаў рэалізацыі праекта. Наперадзе паездка ў Столінскі раён для пераймання вопыту, вучобы-трэнінгі.
Па словах старшыні Ганчароўскага сельвыканкама Уладзіміра Плескацэвіча, гэты праект важны і неабходны, ён дае імпульс не толькі для стварэння новых працоўных месцаў, але і для развіцця падсобнай гаспадаркі, што заўсёды была асновай вясковага дабрабыту.
Галіна КАНЬКО.