Я – медсястра!
Быць першым памочнікам урача, праводзіць лячэбныя працэдуры, праяўляць клопат і спагаду, выслухваць скаргі, даваць парады, даглядаць за хворымі – цяжкая работа. Але з ёй выдатна спраўляюцца самаадданыя і душэўныя людзі, якія выбралі вельмі няпростую, але надзвычай патрэбную і важную прафесію – медсястра.
Якія яны, сёстры ў белых халатах – галоўная, старшыя, працэдурныя, участковыя, паставыя, фельчары, лабаранты, якія працуюць у Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы? Паспрабуем даведацца пра гэта падчас круглага стала “ЛВ”, прымеркаванага да Міжнароднага дня медсястры, які адзначаецца 12 мая.
Георгій ХЛЯБОВІЧ, галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ:
– Сам я ўрач, цяпер вось галоўны. Але прафесію медыцынскай сястры лічу адной з самых высакародных. Яшчэ ў старажытным Кітаі гаварылі: “Спачатку догляд, потым – лякарства”. Работу медсясцёр цяжка пераацаніць. Праз іх умелыя і клапатлівыя рукі праходзяць сотні людзей, і ўсім, акрамя прафесіяналізму, патрэбны яшчэ і клопат, падтрымка, спагада. Урач назначае лячэнне, а медсястра дапамагае хвораму хутчэй устаць на ногі. Менавіта яна – першая, з кім пацыент можа параіцца, паскардзіцца на сваю хваробу, проста пагаварыць.
Кадраваму ўкамплектаванню сярэдняга медыцынскага персаналу ў райбальніцы надаецца значная ўвага. Сёлета, напрыклад, пабываў на размеркаванні ў Пінскім, Слонімскім, Мінскім дзяржаўным медкаледжах, удалося пагаварыць з многімі выпускнікамі. У жніўні да нас прыйдуць з гэтых навучальных устаноў 25 маладых спецыялістаў, што дазволіць часткова закрыць існуючыя вакансіі.
Тым не менш, калі сярод сёлетніх выпускнікоў школ Ляхавіцкага раёна ёсць жадаючыя звязаць сваю будучыню з аховай здароўя, рады даць накіраванне на навучанне з далейшым працаўладкаваннем.
Ала ТУРКІНА, галоўная медсястра райбальніцы:
– З развіццём прагрэсу некаторыя прафесіі знікаюць, з’яўляюцца новыя. Аднак, ёсць і такія, якія былі і будуць заўжды. Адна з іх – прафесія медыцынскай сястры. Ганаруся, што вось ужо больш за 30 гадоў маю да яе непасрэднае дачыненне. У Ляхавіцкай райбальніцы 307 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу, 80 працэнтаў з іх маюць кваліфікацыйныя катэгорыі. З мінулага года ў штатным раскладзе з’явілася новая пасада памочніка ўрача. Іх у нас пакуль пяцёра: трое працуюць у паліклініцы, па адным у Начаўскай і Тухавіцкай амбулаторыях урача агульнай практыкі.
Мае галоўныя памочнікі, на якіх можна спадзявацца ва ўсім, высакакласныя спецыялісты – 12 старшых медыцынскіх сясцёр. Яны ў адказе за парадак і выкананне санэпідрэжыму ў падпарадкаваных ім падраздзяленнях. Патрабуюць ад сваіх падначаленых дысцыплінаванасці, адказнасці, уважлівасці да пацыентаў. І, канешне ж, самі паказваюць у гэтым прыклад.
Вынікова дзейнічае савет медыцынскіх сясцёр, праводзіцца пастаянная вучоба – тэарэтычная і практычная, агульнараённыя канферэнцыі для сярэдняга медыцынскага персаналу. Асаблівая ўвага да маладога папаўнення. Захавана настаўніцтва: за навічком замацоўваецца больш вопытны і кампетэнтны спецыяліст, які падкажа, дапаможа. Прэстыжу прафесіі садзейнічае і традыцыйны штогадовы конкурс на лепшую медсястру, сёлетні пройдзе 17 мая. У тым, што і на тэрыторыі ўстаноў аховы здароўя, і ўнутры памяшканняў – чысціня, парадак, мноства кветак, – таксама ў многім заслуга маіх калег.
Наталля ВАЛЫНЕЦ, старшая медсястра хірургічнага аддзялення:
– Ёсць выказванне: чалавек шчаслівы, калі раніцай з радасцю ідзе на работу, а вечарам з задавальненнем вяртаецца дамоў. Дык вось, я і ёсць такі шчаслівы чалавек. Калісьці даўно вырашыла: стану медсястрой. Калі шчыра, у дзяцінстве вельмі падабаўся белы халат. Хаця тады нават і не думала, што гэта прафесія такая цяжкая: кожны дзень сутыкацца з болем і пакутамі людзей.
І сёння, праз 15 гадоў работы, памятаю свой першы год у хірургічным аддзяленні райбальніцы. Не ведаю, як бы ўсё атрымалася, каб не падтрымка, падбадзёрванне, уважлівасць з боку старэйшых калег Ларысы Сельмановіч, Святланы Яраш, Ірыны Цярпіцкай. А цяпер вось сама дапамагаю маладым. Сёлета нават мела гонар прадстаўляць медсясцёр Ляхавіччыны на рэспубліканскім прафесійным конкурсе.
У нашым аддзяленні самая вялікая медсястрынская сям’я –15 чалавек. Працэдурныя, палатныя, аперацыйныя, перавязачныя – кожная на сваім месцы сапраўдны прафесіянал, а пры неабходнасці заменіць калегу. Перавязаць рану, зрабіць укол, дапамагаць урачу падчас аперацыі – няпоўны пералік абавязкаў хірургічных медсясцёр. У нашым аддзяленні ўсё неабходна рабіць своечасова, хутка, дакладна, у той жа час – вельмі акуратна і тактоўна. Так што выпадковых людзей сярод нашых калег няма.
Ларыса КУНЦЭВІЧ, медсястра-анестэзіст аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі:
– Пасля заканчэння Баранавіцкага медвучылішча вярнулася ў родныя Ляхавічы. Спачатку працавала школьнай медсястрой, а потым уладкавалася ў рэанімацыю, дзе ўжо 22 гады. Наша аддзяленне асаблівае, тут хоць і ўсяго 6 ложка-месцаў, але на кожным дзяжурстве ўрач і дзве медсястры, бо вельмі часта пацыент, які сюды трапляе, знаходзіцца на мяжы жыцця і смерці. Абавязкова своечасова выконваем усе прызначэнні ўрача, сочым за паказаннямі медыцынскіх прыбораў, рыхтуем пацыента да правядзення лячэбных ці дыягнастычных працэдур. Каб паставіць хворага на ногі, выкарыстоўваем не толькі лекі. Мы ўхіляем розныя раздражняльнікі, адмоўныя эмоцыі, забяспечваем цішыню, спакой, утульную абстаноўку і ўважлівыя адносіны да пацыентаў. Тактоўнасць да іх блізкіх – таксама важны момант.
Лічу, што для нашага аддзялення вызначальна, каб паміж урачамі і медсёстрамі былі даверлівыя адносіны і поўнае ўзаемаразуменне.
У кола маіх абавязкаў уваходзіць увя-дзенне наркозу хвораму, які знаходзіцца на аперацыйным стале. Гэта не азначае: паставіў укол, сабраў інструмент і да пабачэння. Медсястра знаходзіцца ў аперацыйнай, пакуль сваю работу не зробяць хірургі, бо могуць здарыцца ўсякія непрадбачаныя сітуацыі.
Але, нягледзячы на розныя складанасці, я сваю прафесію люблю і не прамяняю ні на якую іншую. Дарэчы, мая малодшая сястра – таксама медсястра, працуе ў дзіцячым аддзяленні нашай райбальніцы.
Святлана ГАНЗІЕВА, медсястра афтальмалагічнага кабінета паліклінікі:
– На прыём да ўрача-афтальмолага прыходзяць не толькі пацыенты, якія маюць хваробы вачэй, але і тыя, хто жадае праверыць вастрыню зроку. І гэта немалая колькасць людзей. Наша работа патрабуе цярпення, уважлівасці, умення выслухаць таго, хто прыходзіць на прыём, адказаць на пытанні.
У Ляхавіцкай паліклініцы працую амаль 20 гадоў, апошнія 9 – на сваім сённяшнім месцы. З урачом Таццянай Усцюшковай у нас поўны кантакт, разумеем адна адну з першага слова. Побач з такімі прафесіяналамі працаваць лёгка. Але такое суседства, зразумела, абавязвае адпавядаць.
Таццяна СТАСЮК, фельчар выязной брыгады аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі:
– Фельчар хуткай не толькі аказвае першую дапамогу, але і дае далейшыя рэкамендацыі: да якога ўрача звярнуцца ў паліклініцы, якія лякарствы прымаць, пакуль урач не прызначыць лячэнне. У нашай рабоце вельмі важна хутка ўстанавіць кантакт з пацыентам, які давярае табе сваё здароўе. Таму трэба быць крышачку псіхолагам.
На “хуткай” работа напружаная: у сярэднім за змену 6-7 выклікаў на брыгаду, за месяц атрымліваецца больш за сотню.
Аддзяленне забяспечана тэхнікай – аўтама-
більнай і медыцынскай, лякарствамі. Выклікі бываюць самыя розныя, даводзіцца выязджаць на пажары, дарожныя аварыі. Здараецца ў машыне “хуткай” і роды прымаць. Такая ў нас работа.
Галіна МАНЕВІЧ, старшы фельчар аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі:
– Сапраўды, фельчар “хуткай” – гэта майстар медыцынскай справы. Ён валодае ведамі і практычнымі навыкамі розных медыцынскіх профіляў: хірургічнага, тэрапеўтычнага, гінекалагічнага, педыятрычнага і нават наркалагічнага. Даводзіцца і роды прымаць, і п’яных уціхамірваць, і нават псіхалагічную дапамогу аказваць. І ўсё гэта мае калегі ўмеюць. Галоўнае, не разгубіцца, а своечасова і якасна аказаць неадкладную і тэрміновую дапамогу. Фельчар на выкліку адзін, без урача, таму і спадзявацца трэба толькі на сябе, свае веды, практыку, калег.
Добра ведаюць справу і фельчары, якія прымаюць выклікі. Яны не толькі хутка арыентуюцца, якую брыгаду куды адправіць, але і па тэлефоне падрабязна раскажуць, якія першасныя меры прыняць, напрыклад, пры павышэнні ціску ці тэмпературы, апёку.
У нас дружны, спрактыкаваны і высакакласны калектыў. Аляксандр Чайкоўскі, Валянціна Касцюкевіч, Таццяна Зубік, Наталля Піскун, Алена Усік маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю. Ды і іншыя кадры – прафесіяналы.
Алеся ЗАНЬКО, фельчар-лабарант клініка- дыягнастычнай лабараторыі:
– Калі два з паловай гады назад пасля заканчэння Пінскага медкале-джа прыйшла працаваць у Ляхавіцкую райбальніцу, адразу адчула падтрымку калег. Шмат чаму навучылі мяне загадчыца лабараторыі Галіна Сушко, урач Таццяна Свінабурка. Задаволена адносінамі да такіх, як я, маладых спецыялістаў з боку адміністрацыі, прафкама райбальніцы. Дзякуючы ўсяму гэтаму, хутка ўвайшла ў працоўны рытм. Стараюся павышаць свой прафесійны ўзровень, пераймаю вопыт калег, чытаю літаратуру па спецыяльнасці – разлічваю на далейшы кар’ерны рост.
Вырашаецца і жыллёвае пытанне: першыя 2 гады здымала кватэру, цяпер жыву ў пакоі бальнічнага інтэрната. З выбарам прафесіі дакладна не прагадала.
Ірына ВОЛКАВА, намеснік галоўнага ўрача, куратар савета медыцынскіх сясцёр ЦРБ:
– Адказнасць і для ўрача, і для медсястры вымяраецца надзвычай дарагімі рэчамі – здароўем чалавека, часам і яго жыццём. Выдатная медсястра – гэта перш за ўсё прафесіянал. Урач зрабіў назначэнне, а яна круціцца вакол пацыента: кропельніцы, уколы, працэдуры. Павінна не толькі якасна і з веданнем справы выконваць медыцынскія маніпуляцыі і ўсе рэкамендацыі ўрача, але і вырашаць арганізацыйныя пытанні, напісаць накіраванне на праходжанне абследавання, запоўніць рэцэпт і іншае.
Пастаянная вучоба, абмен вопытам, самаўдасканаленне – такія пытанні выносяцца на савет медыцынскіх сясцёр. Ва ўстановах аховы здароўя Ляхавіччыны заўсёды працавалі выдатныя спецыялісты, а цяпер у іх дастойная змена: кваліфікаваная, надзейная. І нам, урачам, з такімі кадрамі працаваць камфортна, і для пацыентаў яны – незаменныя.
Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.